Выбрать главу

— Анютка, што з табой, Анютка? Табе дрэнна?.. Можа, ты чаго хочаш?..

Ён прыўзняў яе на руках: галава матлянулася і звісла. Адразу спынілася натужнае хрыпенне. Даміры здалося, што яна памёрла, і ён, спалоханы і разгублены, паклаў яе зноў на падлогу. Жанчына зноў пачала дыхаць, цяжка сапучы.

«Чаго ж я стаю! — падумаў ён. Але як толькі падняўся, каб бегчы па доктара, Волечка залемантавала, учапілася ў крысо пінжака, не даючы зрабіць ні кроку.

— Я зараз, дурненькая...

— Не хадзі, тата.

3 ложка споўз Коля і таксама абхапіў яго за нагу. Разгублены, Даміра ледзьве дацягнуўся да лаўкі, дзе стаяла вядро. Зачэрпнуўшы вады, ён змачыў уціральнік, паклаў яго жонцы на твар.

«Верхам туды пяць хвілін, — думаў ён, — а як жа назад? Аддам каня дактарыцы, няхай едзе. Не захоча, узганю на каня сілком. Вось толькі б дзяцей угаварыць».

- Ці ёсць хто дома? — даляцеў з вуліцы жаночы голас. Даміра не дужа разумеў, чый.

— Сюды, хутчэй!.. — крыкнуў ён і сам не пазнаў свайго голасу.

— Конь усе грады вытаптаў.

«Чорт яго бяры», — падумаў Даміра.

У хату, не спяшаючыся, увайшла Ніна Шумейка, спалоханая, спынілася ля парога.

— А што з ёю? — ледзь чутна прашаптала яна.

— Ды вось жа...

— Чаму ж вы стаіцё? Хутчэй доктара трэба.

— Дзеці ж...

— Бяжыце хутчэй. Які ж вы!..

Даміра выскачыў з хаты. Мільганула за акном яго квадратная постаць, потым пачуўся дробны перастук капытоў. Ніна не разумела, што ёй рабіць. Дзеці, прытуліўшыся адно да другога, плакалі. Ніна пакратала бялявыя валасы Волечкі, выцерла слёзы Колю, потым падышла да Анюты. Тая ляжала нерухомая, у яе на шчоках разгараўся румянец. Ніна нагнулася над жанчынай і мабыць толькі цяпер заўважыла, што яна ляжыць на падлозе. Падумала, што варта было б падняць яе на ложак. Спадзявалася адчуць цяжкасць, але Дамірыха была лёгкая, як пушынка. Ніна паклала яе на пасцель, паправіла пад галавой падушкі. Раптам Анюта варухнула вуснамі. Ніна паднесла конаўку да вуснаў — вада палілася па шыі, знобкая дрыготка скаланула цела. Жанчына расіплюшчыла вочы, доўга глядзела на Ніну.

— Ты, Ніначка? — нарэшце пазнала яна.

— Можа хочаце піць?

— Дай кропельку. У посуду мікстура стаіць, налі мне лыжачку... Ну, вось і лягчэй.

Тым часам пад’ехала ўрач, няўмела спаўзла з сядла. Ніна выбегла, прывязала каня да плоту. Падбег потны і змораны Даміра.

— Ну, як яна?

— Лепш.

— А я думаў, канец.

— Ачуняе.

— Не, ужо вядомая справа. З’ела хвароба дашчэнту.

Ніна думала, што Даміра пойдзе ў хату. Але ён раптам сеў на калоду, абхапіў галаву рукамі. Толькі цяпер Ніна заўважыла, што валасы ў яго сівыя і рэдкія, як выбітая градам збажына. Нешта блізкае і дарагое адчула Ніна ў Даміравым жыцці.

— Ідзіце ў хату, — папрасіла яна Даміру.

— Адхалану трохі. Перапалохаўся вельмі. Столькі на мяне напасцяў сыплецца ў сёлетнім годзе, слану не вытрымаць. А я вось жыву яшчэ. Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Пашлі мяне на год у санаторыю — памру. Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Так і я... Анюты шкада. Залатой душы чалавек. Бывала, разважыць, параіць — любую бяду адгоніць. Можа цяпер і наваліліся на мяне напасці, што яна хворая. Я ўжо дома ні пра што і не кажу. Аднаго разу сказаў, што мне вымову далі, — самлела.

Ён устаў, нейкі адразу пастарэўшы. Абое зайшлі ў хату. У густой духаце пахла спіртам, эфірам, камфарой. Урач выцірала бінтам шпрыц.

— Паправіцеся, нічога страшнага няма. Я выпішу лякарства. Больш на паветры бывайце, — гаварыла яна, складаючы інструмент. Даміра бачыў, што ўрач адводзіць вочы.

— Можа каня запрэгчы? — запытаўся ён.

— Дзякую, дайду. Упершыню за сорак гадоў верхам ехала.

Даміра пайшоў яе правесці. Ніна стаяла ля акна, думала: «Няўжо Анюта памрэ? Як жа дзеці?» — і ёй зноў хацелася прытуліць іх да сябе.

— Ніна, — паклікала хворая. — Скажы мне, што з Дамірам, знялі?

— Не, што вы.

— Здымуць. Глядзі, што пішуць.

Ніна выхапіла газету. У вочы кінуўся чорны, тлусты загаловак: «Слова за пракурорам». Знаёмыя прозвішчы здаваліся чужымі і ўсё, што пісалася ў артыкуле, нейкім далёкім, неадчувальным. Потым яна пачала чытаць тое, што было ўзята ў двукоссе. Хтосьці расказваў, што Даміра пазычаў у яго грошы, каб можна было частаваць членаў камісіі. Той жа самы выкрываў Даміру, як заўзятага хлуса, ашуканца і зацятага зажымшчыка крытыкі. Ніна зноў пачала перачытваць. Толькі цяпер яна зразумела, што ўсё гэта гаварыла і рабіла заатэхнік Алексіч.