Выбрать главу

— Здымуць жа яго, — прастагнала хворая. — Няўжо ўсё праўда?..

— Ды не, цётачка, хлусяць...

— Не, не хлусяць...

— Канешне, ёсць праўда. Але нікога ён не спойваў.

— Гэта я ведаю... Канькоў перад ад’ездам заходзіў. Цвярозы быў.

Увайшоў Даміра. Ніна схавала газету, але ён заўважыў. Узяўшы, доўга чытаў. Над пераноссем збіраліся крутыя складкі.

— Гадаўка... — выдыхнуў ён.

— Тарас, не трэба. Паслухай мяне...

— Я яе са свету зжыву, паскуду такую!..

— Тарас, ці пазычаў ты грошы?

— Ну, пазычаў...

— Чаму ж ты ў мяне не запытаўся? Сядай тут. Не бойся, я вытрымаю. Расказвай.

Ніна адчула, што яна тут лішняя, і вышла.

Пасля размовы з жонкай у Даміры памякчэла душа. Чорная навала няўдач здалася не такой ужо страшнай: варта толькі пайсці і ўсё расказаць Сяльчонку, пакаяцца. I адразу забурліла, закіпела Дамірава няўрымслівая натура. Ён гатовы быў варочаць горы.

Спачатку ён аб’ехаў брыгадзіраў, загадаў ім паклікаць мужчын на выган за вёскай, дзе ад вясны ладзілі хлопцы маёўкі. Наказаў не забыць і дзядоў. Наважыў Даміра адрадзіць старую завядзёнку. Нават уяўляў, як пахваляць яго ў раёне. Потым у клубе ён знайшоў Еву Пляскач і Лёньку Зайчыка.

— Засядаеце ўсё? Эх вы, бедакі-дзівакі! Вунь дзяды без пасяджэнняў на ўвесь калгас шум паднялі. А вы языком толькі менціце. Мы ды мы... Ліпанава нядаўна пытаецца: «Як там мае выхаванцы гадуюцца?» Я ёй адказваю: «Што ім абыходзіць: многа спяць, мала робяць. Мне такое б жыццё — да ста гадоў польку танцаваў бы». «Яны, — кажа, — табе сенакос правядуць, брыгад наробяць». А мне смех адзін. Пабіліся аб заклад. Цяпер бачу, што выйграю.

Лёнька, вядома, Даміру не паверыў. Да таго недарэчнай была гэтая гульня ў заклад: стане Ліпанава спрачацца з Дамірам.

Лёнька толькі ўсміхнуўся Даміравай выдумцы.

— Мы ўжо даўно вырашылі брыгады стварыць. 3 Евай вось пра гэта і гаварылі.

Цяпер здзівіліся Даміра і Ева. Даміра не чакаў такога павароту, а Ева не разумела, навошта хлусіць Лёнька.

— То добра. Але ж гэта толькі размовы.

— Калі пачынаем касьбу?

— Паслязаўтра.

— Чалавек дваццаць выведзем. — паабяцаў Лёнька.

Калі Даміра пайшоў, Ева накінулася на Лёньку:

— Навошта хлусіў?.. Даміра цяпер у раён зводку дасць, ды яшчэ прыбавіць удвая. А Ліпанава потым сварыцца будзе.

Лёнька чухаў рыжы чуб.

— А брыгады-такі стварыць трэба. Людзей мы на фермы паслалі? Паслалі. Абавязацельствы яны ўзялі? Узялі. А як іх без кармоў выканаеш? Правал форменны, на сто працэнтаў. А ты ведаеш, што гэта такое? Удар па нашай рабоце. Мы самі сабе памагаць павінны. Адзін на ферму пайшоў, а другі пра яго клапоціцца — кармы нарыхтоўвае. Гэта вось і называецца калектывізмам.

— Ты мяне вельмі мудрагелістымі прамовамі не дацінай. Лепш скажы, як мы брыгады арганізуем?

— То іншая справа. Думаю, так: мабілізацыю правесці. Лагерам жыць будзем. Ніхто нікуды — пакуль сенакос не закончым.

Тьш часам Даміра купіў дзве чвэрці гарэлкі, патраціўшы на іх рэшту Верынай пазыкі. (Дзе, маўляў, нашае не прападала!) Гарэлку ён занёс да Аксінні Пляскач.

Надвячоркам, калі гарачае сонца павісла над лесам, за вёскай сабраліся мужчыны: каго прывяла цікаўнасць, каго — прага да дармавога пачастунку. Дзяды сядзелі на лаўках, успаміналі даўнішнія гады, хвалілі Даміру, што не цураецца старых звычаяў. Мужчыны курылі і таксама ўспаміналі, але пра часы больш познія. Хваліліся, дзе каму давялося пабыць за вайну. Даўно не збіраліся гэтак разам. 3 вёскі стракатым гуртам высыпалі жанчыны, чалавек дзесяць, усе ўдовы.

— Прымайце ў кампанію, мужчынкі, адным вам сумнавата будзе.

— Мужчына цяпер пайшоў, што манах — баб баіцца, як чорт свечкі...

— А цю іх!.. Манахі вунь якія ласыя на жанок.

— Прохар, ці забыўся, як некалі з вечарынкі праводзіў?..

Мужчыны сустрэлі жанок жартамі. Гулліва абдымалі іх. На нейкі час усё перамяшалася: квяцістыя хусцінкі, ваенныя шапкі, замасленыя кепкі, стракатыя кофты, пацёртыя пінжакі, вылінялыя гімнасцёркі. Потым аднекуль наявіўся Даміра, гукнуў на ўсю моц:

— Таварышы! Цішэй, таварышы!..

Рознагалосы гул замёр. Даміра ўзлез на лаўку, стаў над натоўпам, па-маладому зыркаючы вачыма. Забыўшыся на ўсё, паправіў на плячы ўяўныя партупеі.

— Вы, таварышы, мяне ведаеце. Разам мы пачыналі з вамі пасля вайны разбітае праклятым ворагам наша жыццё. Ці не да цябе першага, дзядзька Сілявей, зайшоў я, калі з лесу вярнуўся. Помніш, што ты сказаў мне тады: на жывой касці мяса нарастае.