Выбрать главу

— Сказаў, — пацвердзіў Сілявей.

— Тады ты ў зямлянцы жыў, цяпер вось хата-пяцісценка. Ці так я гавару?

— Праўда.

— Канчай ужо. Няхай Аксіння гарэлкі налье: у горле суха.

— Дайце паслухаць, нячысцікі...

— Адбудаваліся, дзякуй богу. А чаму? Бо ў нас не так, як у заморскай Амерыцы. Там кожны за сябе...

— Адзін бог за ўсіх, — выгукнуў нехта з натоўпу і зарагатаў.

Прамова Даміры рэзка крутанула ўбок:

— I пра бога скажу. Там, у Амерыцы, ён можа катораму Форду памагае. Багатаму чорт дзяцей калыша. А нам ён прама вось як перашкаджае. Ну, вось ты, дзед Гаўрыла, праз два дні на трэці ў Кармаліты пнешся. Заморышся, суткі потым ног пацягнуць не можаш. Раней ты, як хаты не было, радзей у царкву наведваўся. Цяпер зачасціў.

— Хворы я чалавек...

— Таксама работу знойдзем. Косы, напрыклад, кляпаць будзеш. Моладзь вунь уся на паплавы выходзіць. Многія і малатка яшчэ ў руцэ не трымалі... Гаворка мая кароткай будзе, часу ў нас няма на балбатню. Мы засядаць не прывыклі. Ад мяне і ад праўлення загад такі і просьба, значыцца, цвёрдая: паслязаўтра на касавіцу як аднаму высці. Загадзя віншую вас з прыпарам. Ну, і прашу выпіць. А хто не выйдзе — у таго няхай і думкі не будзе пра сена. Няхай і кароўку сваю хоць гучкамі ўсю зіму корміць. Дзе там Аксіння, давай гарэлку!.. Частуйцеся, таварышы, і адразу ў брыгадзіраў запісвайцеся, хто ў чыё звяно пойдзе.

Прыблізна ў гэты ж час ля кашары сабралася моладзь. Тут меліся адбыцца адразу дзве нарады. Першую наважыла правесці Вера Алексіч з даяркамі, другую па пытанню сенакосу — Ева і Лёнька. Пакуль ішлі зборы, Ева ўгаварыла гарманіста павесяліць моладзь. Той прызвычаеным рухам ссунуў кепку на вуха, паволі расцягнуў гармонік, потым неяк адным рухам сціснуў яго і зноў расцягнуў на ўсю шырыню. Мелодыя полькі ўзвіхурыла хлопцаў і дзяўчат, выштурхнула іх з гурту на круг.

Танец змяняўся танцам. Трэба было пачынаць сход, але Вера ўсё не прыходзіла. Без яе ж Ева адчыняць сход не хацела. Заатэхнік павінна была выступаць з прамовай.

Танцаваць нарэшце надакучыла. Час быў позні. Сонца вісела над самым небакраем. Чырванаватыя промні яго вымалёўвалі на зямлі густыя цені прысад і будынкаў. Халадок блізкай ночы данёс кволае мычанне кароў — пастухі гналі скаціну з пашы. Хлопцы і дзяўчаты, якія не працавалі на ферме, маглі б танцаваць да паўночы. Але даяркі пачыналі бурчэць. Дзяўчаты раз-по-разу нецярпліва паглядалі на дарогу, што пралягла між маладога сасняку, — чакалі, ці не паявіцца заатэхнік. Нецярплівасць падагравала Ніна Шумейка.

— Сямёра аднаго не чакаюць. Пані знайшлася... — злосна гаварыла яна. — Вось кіну ды пайду...

— Ну і ідзі. Потым абмяркуем на сходзе, — прыгразіла Ева.

Ніна кусала вусны, але не ішла.

— Начальства развялося, як макрыц у склепе, а толку ніякага. Хай бы боты купілі, — зноў бурчэла яна.

— Купяць, глядзі...

— Можа лодачкі захацела? — зыркала вачанятамі Ева.

— Лодачкі ўжо няхай табе даюць.

Ева збялела ад злосці, але адказала спакойна:

— Сама ж пайшла...

— Думала, вельмі вялікую справу раблю, аж у нас так: кось-кось, пакуль аброць не надзенуць.

Зіна Асташка доўга маўчала, толькі ўздрыгвалі яе пульхныя вусны. Нарэшце, яна не вытрымала.

— Ты ж не такая, я ведаю. А вось жа спрачаешся...

— Няхай не лезе, — не здавалася Шумейка. Яна расчырванелася. Яе кароткія бровы былі насуплены. У вачах сапраўды не было злосці, у іх свяцілася нейкая вінаватасць.

Здавалася, спрэчцы прышоў канец, але Ева не хацела заставацца ў даўгу:

— У цябе, Шумейка, свядомасці, як у перадойкі малака. Архаічны ты чалавек... Былі некалі такія архаісты, пад чорным сцягам ваявалі. Шкада, што ты позна нарадзілася, а то яны цябе за мілую душу да сябе прынялі б.

— Ну, а ты хто, ты хто? — затрэслася ад абурэння Шумейка.

— Чаго вы ўсхадзіліся? — умяшалася Ліда Раковіч. Дасюль яна маўчала, толькі зрэдку ўсміхалася.

— Дык жа ты чуеш, хто я такая?

— А ты не звяртай увагі.

Да моладзі падышоў Раман Дзяжэвіч, адразу спыніўшы далейшыя пярэбары.

— Дык, значыцца, сядзім? — натапырыў ён пракураныя вусы. — А каровак даіць Чэрчыль ці, можа, яшчэ які лорд будзе?

Лёнька вымушаны быў адкрываць сход. Доўга не гаварылі. Склалі брыгады, прызначылі брыгадзіраў, дамовіліся, калі пачынаць касавіцу. 3 песнямі разыходзілася моладзь. Засталіся адны даяркі. На час спрэчка заціхла, але Ніна ўсчала яе зноў. Сустрэўшыся з Евай, злосна сказала:

— Май на ўвазе, я болей на такія сходы не пайду. Гадзіну трымалі, а пяць хвілін сход ішоў. Табе абы птушачку ў сваім сшытку паставіць. А чаму пра нашы справы не далі пагаварыць? Бо не смачна было б слухаць.