— А цябе і слухаць не варта.
— Пачакай, я яшчэ скажу. Але не тут... — прыгразіла Ніна, хоць і добра ведала, што нікуды яна не пойдзе і скардзіцца ніколі не будзе.
Хвілін праз колькі, калі былі раздадзены кармы, цененькія струменьчыкі малака зазвінелі аб даёнкі. Яны ўзбівалі на дне наздраватую малочную пену, потым надціхалі, шуршэлі, разбіваючы шапку з малочных пухіркоў. То там, то тут перамаўляліся дзяўчаты, саплі каровы, стукалі аб драўляныя станкі рагамі.
Сутоньвалася. На стале, дзе ўчотчыца Феня Крушаль прымала малако, запалілі ліхтар.
Ідучы наўпрост да фермы, Вера назбірала невялікі букет васількоў. 3 маленства яна любіла гэтыя кветкі. Неяк удзвюх з маці ішлі яны паўз высокую сцйну жыта. Маці раз-пораз зрывала ў збажыне сінія-сінія кветкі. Калі тых назбіралася многа, маці прысела на мяжы, высыпала ў падол і спрытна пачала прыкладаць іх адзін да другога. Увачавідкі атрымаўся вяночак. Маці надзела яго на русявую галоўку Веры.
— Якая ты харошанькая, дачушка мая, — плесканула яна ў далоні, быццам не верачы сваім вачам. — Вочкі сіненькія, а валасы светлыя, залацістыя...
Яна прытуліла дачку і раптам запела песню. У яе голасе чулася непрывычная самотная задуменнасць і пяшчотная, як дыханне, лагоднасць. Голас звінеў неяк нясмела і ціха, як далёкі званочак у вячэрнюю пару. Маці пела пра вянок з васількоў-кветак, які ніколі не вяне. Бо пояць яго росы буйныя, не салодкія, а салёныя, грэе сонейка гарачае, што любоўю называецца.
Маці пела, пяшчотна разгладжваючы доўгенькія пялёсткі кветак. Яе маленькія пальцы, натруджаныя ўсялякай работай, з любасцю дакраналіся да кожнага пялёстка, а вочы задуменна глядзелі некуды далёка-далёка. I Вера ўсёй сваёй істотай адчула, што маці забылася на яе, што яна жыве недзе ў другім свеце. Скончылася песня, а маці сядзела ў задуменні, толькі твар яе ўсміхаўся некаму з вялікай пяшчотай і шчырасцю.
— Пра каго ты пела? — спытала Вера.
— Пра васількі, дачушка. Бачыш, якія яны чысценькія, ласкавыя, такія, як і ты, мая дачушка. Калі ты зазлуеш на каго-небудзь, паглядзі вось на такі вяночак, і адразу адыдзе сэрцайка.
Вось з таго часу і палюбіла Вера васількі. Над яе захапленнем часта смяяліся сяброўкі. Жартавалі, што ёй падабаецца пустазелле, з якім дзяўчыне належыць змагацца па абавязку службы. Але кожны год праз усё лета на Верыным стале стаяў сіні букет з васількоў.
Вера ўсміхнулася: дваццаць тры гады, а летуценнасць у яе нейкая дзіцячая. Васількі... вяночкі... успаміны... А Рамір, старшыня калгаса Даміра, Ніна Шумейка, Пацейчык, ферма, кармы... Вось гэта — само жыццё. А я пра вяночкі з васількоў задумалася.
I тут Вера ўспомніла, куды і чаму яна ідзе. Успомніла і спалохалася: яе чакаюць, а яна васількі збірае. Іншыя ўспаміны нахлынулі паводкай, змылі пяшчотныя згадкі далёкіх дзён...
Пасля таго камсамольскага сходу ленаватае, спакойнае жыццё на ферме раптам забурліла. Дні два дзяўчаты працавалі дружна. Крычалі на Рамана Дзяжэвіча, патрабуючы ад яго кармоў, уціральнікаў, новых бітонаў, мыла, усяго Таго, чаго не хапала раней даяркам. Потым нямаведама чаму ўсё перамянілася: пачаліся сваркі. Узнікалі яны з-за дробязей, але неўзабаве ў іх уцягваліся ўсе даяркі: абвінавачвалі адна другую ў нядобрасумленнасці, у зазнайстве... Знаходзілі такія грахі за кожнай, што нават цяжка было разабрацца.
Першая сварка разгарэлася паміж Нінай Шумейка і Тацянай Шахнюк. Ніна раптам прапанавала пераразмеркаваць кароў і для гэтага кінуць жэрабя. Але Тацяна, якая ўжо не пёршы год працавала на ферме, запярэчыла:
— Прышла і думаеш тут свае парадкі наводзіць!..
— Ага, не хочаш!.. — ускіпела Ніна. — Думаеш, мы дурныя. Не бойся, усё ведаем.
— Маўчы лепш, а то каровы язык ад’ядуць, — перапыніла яе Тадяна.
— Не, не буду маўчаць. Вы мне рот не завяжаце. Бачыце, Вера Антонаўна, якія яны хітрыя: павыбіралі лепшых кароў і — на вам, божа, што нам не гожа!.. Тады будуць хваліцца, што ўмеюць працаваць, а мы не. Давайце жэрабя, і ўсё тут.
Вера ледзьве ўгаварыла дзяўчат. Давялося забраць адну карову ў Тацяны і аддаць яе Ніне. Абедзве засталіся незадаволеныя. Толькі Зіна Асташка, якая атрымала самых найгоршых кароў, працавала моўчкі, толькі тады-сяды ўступала ў сваркі на баку тых, што нядаўна прышлі на ферму.
Потым пачаліся сваркі з-за кармоў. Падкормку прывозіў звычайна Максім Шняк. Пад’язджаў да хлява з нагружаным возам і крычаў:
— Налятай, дзеўкі!..
Дзяўчаты наляталі, стараючыся захапіць як мага больш кармоў. Учора, калі Вера з Евай прышлі на кашару, дык убачылі, што дзяўчаты стаяць навокал Тацяны Шахнюк, якая прыкладае да ілба змочаную ў вадзе хусцінку.