Выбрать главу

— Што здарылася? — спалохана запыталася Вера.

Тацяна адняла хусцінку: над вокам лілавеў з гусінае яйка гузак.

— Хто гэта цябе?

— Шумейка.

— Вера Антонаўна, пагаварыце з Шумейкай, нельга так... — адразу ж усхадзілася Ева.

— Ты ж сакратар камсамольскай арганізацыі, вось і пагавары з ёй на пасяджэнні камітэта камсамола. Што ў вас робіцца, ніяк не зразумею!

Усхліпваючы і раз-по-раз выціраючы слёзы, Тацяна Шахнюк пачала расказваць пра тое, як яна наклала ў кош кармоў, а Шумейка прычапілася да яе, а потым ударыла граблямі.

— Добра, што яшчэ вока не выбіла, — закончыла расказваць Шахнюк.

— Я табе не адно, а два вокі выбіла б, — умяшалася Ліда Раковіч. — Табе хочацца дадатковую аплату атрымліваць, а нам не?.. Усе кармы да сябе грабеш.

— А як ты думала!.. — Тацяна ўзялася ў бокі і ад таго выглядала вельмі ваяўніча: — На нашых каровах ферма трымаецца. Дык мы іх, па-твойму, будзем голадам марыць... Не, хто больш надойвае, той больш і кармоў павінен атрымаць...

Гэта было сапраўды так, і Вера хацела падтрымаць Тацяну. Але тут нечакана загаварыла Зіна Асташка. Гэтая ціхая дзяўчына ўсё больш і больш падабалася Веры. Саромячыся свайго несамавітага выгляду, Зіна глядзела некуды пад ногі. Ад таго акуляры ў яе з’ехалі на кончык носа, і цяпер Вера ўпершыню бачыла яе вочы не праз шкельцы. Вочы ў Зіны былі нейкія светлыя, ні то шэрыя, ні то сінія.

— Мы, Вера Антонаўна, пайшлі сюды добраахвотна, працаваць хочам, а нам увесь час перашкаджаюць. Кароў нам выдзелілі самых горшых, кармы не даюць. А калі я надоечы прынесла з дому батоўя, дык яны ж, Тацяна і вось Матрона Башукевіч, першыя на смех мяне паднялі. Кажуць, каб наперад не вытыркалася, правучыць нават збіраліся. Гаварылі вы так, ці не?

— Дык жа мы жартавалі, — пакрыўдзілася Башукевіч.

— Вам жартаваць можна, а калі Ніна пажартавала, дык адразу ў суд...

Сёння Вера павінна была сур’ёзна пагаварыць з дзяўчатамі. Калі так пойдзе і далей, абавязацельствы не будуць выкананы. Многія кінуць ферму. А што тады рабіць? I вось маеш: спачатку яе затрымаў сакратар па зоне МТС, потым васількі... Упершыню за многа гадоў Вера са злосцю кінула прэч свае кветкі. Трэба ж было так захапіцца ўспамінамі...

Дабегшы да кашары, Вера спынілася.

Дзінь-дзінь-дзінь-дзінь!.. — званілі аб даёнкі струменьчыкі малака.

«Які сорам!.. Ганьба, недаравальная ганьба...»

Вера нават хацела павярнуць назад, але тут жа раззлавалася на сябе. «Баязліўка, спалохалася!»

Яна прымусіла сябе пайсці. Першая заўважыла Веру Ніна Шумейка. Яна толькі што выліла малако і ішла ля загародкі. Убачыўшы Веру, яна хацела прашмыгнуць незаўважна, але тая затрымала яе, прывіталася.

— Запазнілася. Сакратар затрымаў. Як у цябе, Ніна, сёння з надоямі?

Да іх ішла Матрона, несучы поўную даёнку малака.

— Паглядзіце вось, — ледзь стрымліваючы сябе, адказала Ніна, — ад добрай казы і то больш надоіш.

— А чаму Матрона Максімаўна не крыўдзіцца? — спытала Вера і тут жа спахапілася, што зрабіла памылку. Чорныя Нініны бровы сышліся, яна злосна зірнула на Матрону.

— А мы таго і не дамагаемся.

— Нагаворваеш на сябе, — паспрабавала Вера выправідь памылку. — Усе ведаюць твае здольнасці. Ты яшчэ ўсіх абгоніш.

Ніне было прыемна пачуць такое, але недарэчнае жаданне казаць наперакор яна ўжо не магла спыніць.

— Можа нам і не выгадна больш малака надойваць.

— Чаму?

— Адна справа тры літры надаіць, іншая дзесяць. А вы як думалі?

— Жартуеш, ці проста не ў гуморы?

— Ах, не ў гуморы... Тады вось што, на табе даёнку, паспрабуй падаі. Думаеш, лёгенька?.. — Ніна працягнула руку з даёнкай. Вера не ведала, што рабіць. — Бяры, бяры. Усе вы языком любіце працаваць.

— Я — заатэхнік.

— Гэта мы ведаем. Таму і паспрабуй. А мы паглядзім. Указваць кожны ўмее.

Можа Вера і не ўзяла б даёнку, каб не даяркі, якія стоўпіліся воддаль. Веры здалося, што яны на баку Ніны. Яна ўзяла даёнку, паволі пайшла да станка. Яна бачыла перад сабой толькі чорны змрок падлогі, белую спіну каровы ды чула яе лёгкае пасапванне. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу, гладкаму боку. Карова, жуючы авёс, паглядзела на яе і зноў пачала есці.

— 3 другога боку зайдзіце, — пачула яна чыйсьці голас, нясмелы, у якім чулася спагада. Вера азірнулася. У паўзмроку блішчэлі шкельцы акуляраў на Зініным твары. Веры здалося, што з-пад іх Зіна падбадзёрваюча падміргвае.

Вера падышла да каровы справа, зноў пагладзіла яе па спіне. Цяпер жывёліна, відаць, зразумела, чаго ад яе хочуць. Яна пераступіла з нагі на нагу, каб зручней было яе даіць. Вера прысела на кукішкі, прымасціла між каленяў даёнку. Сядзець было нязручна. Яна прыўзнялася і зноў прысела. Але цяпер аказалася, што даёнка знаходзіцца неяк збоку і воддаль ад таго месца, якое, на яе думку, найбольш падыходзіла. Тады, ужо не падымаючыся, Вера падпаўзла на кукішках бліжэй. Карова зноў паглядзела на яе, відаць, здзіўленая нязвычным корпаннем даяркі.