Выбрать главу

Вымя было шурпатае і сухое. Вера падумала, што варта было б памыць яго і змазаць вазелінам. Але тут жа яна ўспомніла, як некалі маці цыркала першыя кроплі малака сабе на пальцы, каб ямчэй было даіць. I ўжо забыўшыся на ўсе тэорыі даення, якія некалі выкладалі ў інстытуце, Вера націснула на карычнева-буры сасок. Малако пырснула некуды пад ногі, убок, наступны струмень трапіў у рукаў. Вера адчула, як пабег па руцэ цёплы ручаёк.

«Не трэба хвалявацца, не трэба хвалявацца», — супакойвала яна сябе, але струменьчыкі, перакрыжоўваючыся, менш за ўсё траплялі ў вядро. Навокал на чорным гнаі бялелі малочныя плямы.

«Якая ганьба! Якая ганьба! — стукала ў вісках, а струменьчыкі ўсё пырскалі і пырскалі то на зямлю, то ў рукаў, то ў падол. — Плацце сапсавала, — раптам мільганула думка. — Як жа я яго адмыю? I трэба ж было мне надзець шарсцяное...»

Раптам яна адчула, што струменьчыкі ўжо не звоняць, як раней, а гулка шумяць, быццам падаюць у нешта мяккае, пухкае. У вядры ўзбівалася пена. Вера яшчэ крыху падаіла, потым пераможна глянула на дзяўчат, прыўзнялася, падсунулася бліжэй. У той жа міг карова пераступіла з нагі на нагу, зачапіла вядро, і малако разлілося па зямлі, пакідаючы на паверхні густыя купкі пены. Яны шыпелі, лопаючыся ў цішыні.

Вера паднялася. Нехта забраў у яе з рук пустую даёнку. Тады яна, не паглядзеўшы ні на каго, пайшла да выхаду. Чула, як дзяўчаты лаялі Ніну.

Яе дагнала Ева.

— Вось бачыце, якая яна.

Вера знайшла Евіну руку, паціснула яе.

— Не трэба, Ева... Сама вінавата — інстытут закончыла, а кароў даіць не навучылася.

III

Ісці дамоў не хацелася. Вера спынілася на курганку, што над ракой, абапёрлася аб танклявую з шапаткой кронай бярозу. У самотнай маўклівасці слухала яна гукі ліпеньскай ночы. Недзе ўнізе плёскалася рыба. Звінелі конікі. Крычаў драч. Шуршала ў сухой траве яшчарка. На суседнім дрэве заціўкалі і змоўклі птушаняты. Дзесьці заіржаў конь.

Над галавой недасяжнымі зоркамі мігцела неба. На захадзе самы краёк яго ўсё яшчэ залаціўся. А на ўсходнім ужо разгаралася світанне. Над вершалінай вялізнай разлапістай хвоі раптам паявіўся веташок. 3 Балоння падымаўся ад зямлі белаваты туман.

Пахла сырнягом. Ад ракі патыхала аерам. Ад паплавоў далятаў водар палявых кветак і роснай паспелай травы. Здавалася, дыхае ноч. I ад таго сутонны прастор уяўляўся несканчоным, без межаў і краю. Тым меншай адчувала сябе Вера, быццам пясчынка, занесеная ў бяскрайняе мора. Пэўна, ад таго і былі такімі яе думкі.

Вера думала, перабірала ў памяці падзеі свайго жыцця, задавала сабе нікчэмныя пытанні, на якія спрабавала знайсці адказ у атуманенага крыўдай сэрца. Ці трэба было ехаць? Няўжо шчасце — у вечным хваляванні, а не ў спакоі? Хто разумнейшы: той, хто гуляе, ці той, хто працуе? Навошта чалавек жыве?

У лесе на такія пытанні, вядома, не адкажаш. Хто жыве на поўныя грудзі, той не задумваецца над бязглуздзіцай, якая лезла ў Верыну галаву. А можа і не ў адну Верыну галаву. Яна і не здагадвалася, што глядзіць на свет адным вокам. Мабыць, толькі адзін раз у жыцці і не схлусіў Рамір — тады, калі маляваў яе партрэт. Хіба можна глядзець на свет адным вокам!.. Асабліва, калі яно пачне слязіцца ад крыўды.

Пройдзе нямнога часу, і Вера здзівіцца сваім думкам. Хіба можна чакаць спачування ад бярозкі, няхай стройнай і белай, але беспачуццёвай? Навошта глядзець на месяц, няхай яркі і ганарысты ў сваёй адзіноце, але халодны і да ўсяго безуважлівы? Не ўцякаць ад людзей, а смялей ісці да іх — вось чаму навучыцца Вера. Але на гэта патрэбен час.

Вера не выцірала слёз. Адзін месяц бачыць яе, ды і ад яго засланяе Веру шапаткая бярозка.

А хто гэта зычыў ёй няўдачы? Ага, Машанька Ашман... Адразу прыгадалася ўсё да найменшых драбніц.

Вытворчую практыку Вера праходзіла на Алтаі. Яшчэ ў раённым цэнтры яе сустрэў старшы заатэхнік саўгаса. Усю дарогу ён пакрыкваў на шафёра: «Цішэй, Ціма, цішэй», — быццам Вера была нейкай дарагой цацкай.

Іван Іванавіч Ашман аказаўся былым студэнтам таго ж самага інстытута, які канчала і Вера. Усю дарогу ён распытваў пра горад на Дзвіне, пра інстытут, пра яго выкладчыкаў, лабарантаў. Агульных знаёмых было не так ужо многа, затое, калі яны знаходзіліся, Іван Іванавіч прыходзіў у такое захапленне, што аж было няёмка.