Выбрать главу

Саўгас — вялікае сяло — патануў у зеляніне. Забегшы на невялікі двор перад чысценькай хатай з блакітнымі аканіцамі, Іван Іванавіч весела гукнуў:

— Машанька, глядзі, каго я прывёз!

3 сянец выбегла поўная, круглатварая жанчына. Яна нядобразычліва паглядала на Веру. Іван Іванавіч растлумачыў:

— 3 нашага інстытута, студэнтка... Каляжанка наша.

Машанька ўзмахнула поўнымі белымі рукамі. Яе жэст здаўся Веры залішне тэатральным.

— Якая радасць, божа мой! — Машанька не гаварыла, а варкавала, як галубка. — Да нас пасля вайны ўсё больш з Масквы прыязджалі.

Машанька сышла з ганка, абняла Веру. Ад жанчыны пахла палыном, духамі і паленымі валасамі.

— Што там новага ў нашай алма-мацеры? — запыталася Машанька.

Адказваць узяўся гаспадар.

— Уяві, дарагая, Зося жывая і працуе лабаранткай. Верачка кажа, сівая ўся. Цяжка паверыць. Яна заўсёды была яркай брунеткай.

Машанька пахлопала пульхнай рукой па голенай сіняватай галаве мужа.

— А ты вось палысеў... Час ляціць хутка.

— А здаецца, усё было ўчора. Можа не было ні інстытута, ні Зосі? Не, былі. Інакш вось тут па-ранейшаму ляжаў бы стэп. Мудрасць жыцця, яго найвялікшы сэнс — у стваральнай працы, у творчасці, у няспынным абнаўленні.

Машанька замахала рукамі.

— Кінь ты, калі ласка... ён некалі быў паэтам... I вось, бачыце, на ўсё жыццё захаваў прывычку гаварыць прыгожа. А сядзім мы ў мядзведжым кутку, за сто кіламетраў ад чыгункі.

Заатэхнік дакорліва глянуў на жонку. Але яна па-змоўніцку падміргнула Веры.

— Вершы ён Зосі прысвячаў. Мне больш прозай гаварыў.

— Машанька, я цябе прасіў...

Жонка пачала дэкламаваць, знарок расцягваючы словы:

— С тобою ехали на лодке,

Здесь аш два о, там небосклон,

И в этот вечер в царской водке

Тобою был я растворён.

Далей забылася...

— Былое — прайшло. Пойдзем, Вера Антонаўна, пакажу вам нашу гаспадарку. А ты, Машанька, абед нам змудруй.

— Пачакаў бы. I, наогул, няма чаго яе па хлявах вадзіць. Хопіць, што я тут змарнела. Няхай лепш стэпам падыхае, адпачне. I нікуды я яе не адпушчу. Тут такі сум, жах адзін!.. У майго мужа сэрца браніраванае, ён нічога не заўважае. Яму скаціна даражэй за мяне.

— Што ты, Машанька! Ты для мяне ўсё. Толькі, Машанька, шчасце ў рабоце, а не ў гульні ды мілаванні.

— Усё жыццё працуй, а якая за гэта ўзнагарода?

— А такая, што працаваў, рабіў, не сумаваў, а жыў на поўныя грудзі...

Жыць Вера засталася ў гасцінных гаспадэроў. На фермы яна хадзіла зрэдку, калі надакучвала варыць варэнне або ляжаць на беразе невялікай мелкай рэчкі. Ішла не адна — з Машай. На фермах яе сустракалі, як госцю, больш паказвалі, расказвалі, ды хутчэй стараліся выправадзіць. У астатнія часы Машанька забаўляла размовамі.

На жыццё Машанька глядзела з акна сваёй хаты. А яно было маленькае. Можа таму Машанька бачыла праз яго толькі руды выгарэлы стэп і смугу на даляглядзе. У стэпу было вельмі прывольна, а з акна ён здаваўся цесным і надзвычай панурым. Панурымі былі і думкі Машанькі. А можа яны былі такімі сумнымі таму, што Ашманы не мелі дзяцей? Машанька любіла лашчыцца, сядзець у абдымку, запісваць сентыментальныя вершы і плакаць над сарванымі кветкамі. У кароткія перапынкі паміж сардэчнымі ўздыханнямі, Машанька вучыла Веру, як жыць.

— Які з цябе, Верачка, заатэхнік, — гаварыла яна, абдымаючы Веру. — Характар у цябе лагодны, мяккі. А на гэтай праклятушчай рабоце трэба быць злосным і ўпартым. Потым я не веру свайму Івану, што работа можа захапіць. Узнёсласць належыць мастацтву, літаратуры, музыцы. Якая можа быць узнёсласць у кармавым балансе. Гэта мой Ваня гаворыць, што яго захапляе размах і ўзвышанасць яго працы. Глупства, мая мілая. Чалавек працуе для таго, каб есці і апранацца. Вось табе мой наказ: шукай мужа і не абы-якога. Любоў праходзіць — муж застанецца. Табе трэба муж.

— Дзе ж яго ўзяць? Потым жа трэба, каб ён мяне адшукаў...

Машанька гулка хлопала пульхнымі аладкамі далоняў.

— Дзіця ты горкае. Дзе ты бачыла, каб мужчына сам жаніўся? Мне ўспамінаецца адна загадка: хто вядзе карову, чалавек ці вяроўка, якую ён трымае? Можна сто гадоў спрачацца — не дакажаш. Мужчыны робяць выгляд, што самі жэняцца, а выбіраем мы іх, а не яны нас.

«А вы таксама жанілі на сабе мужа?»—хацелася запытацца Веры, але яна саромелася. Больш слухала. Часам Іван Іванавіч пачынаў спрачацца з жонкай. Размахваючы кароткімі рукамі, ён крычаў:

— Што, па-твойму, ідэал?

— На сённяшні дзень мне хацелася б мець аксамітнае плацце і сядзець у партэры Вялікага тэатра, — Машанька падміргвала Веры.

— Мець бальнае плацце, кватэру, уласную «Пабеду», халадзільнік! А што для душы? Твае погляды нізкія і пошлыя. Жыць можна вялікімі ідэаламі.