— Напрыклад, тым, што карова «Зорка» дала дзесяць тысяч літраў малака?..
— I гэтым, — перабіваў Машу Іван Іванавіч. — Усё — прадукт чалавечай думкі, яго творчасць. Пройдзе дзесяць, дваццаць гадоў і «Зорка» будзе не адна. Мільёны такіх кароў будуць даваць мільярды літраў малака. Чалавецтва зможа ўдвая, утрая менш трымаць скаціны, удвая менш выдаткоўваць кармоў, а малака мець утрая болын. Чалавеку тады прыбавіцца хлеба, гародніны, садавіны... Ідэал — мая думка, якая абганяе мяне. Я жыву сёння, а мая думка — далёка наперадзе.
Машанька не здавалася:
— А хто будзе ведаць, што «Зорку» адкрыў ты?
— Слава! Увекавечанне памяці! Глупства. Марная трата часу. Мы не ведаем многіх скульптараў Грэцыі, але захапляемся мастацтвам грэкаў. Хто рабіў індыйскія храмы? Ці не ўсё роўна хто? Народ робіць усё. А я кропля яго, і мне аднаму не трэба славы.
«А што сказаў бы Іван Іванавіч цяпер? Ен, мабыць, пачаў бы даказваць мне, што сённяшні выпадак — дробязь у філасофскім сэнсе. А гордасць? А павага да сябе? Машанька вучыла не губляць іх. А што сказаў бы Рамір? Рамір... Ён жа таксама гаварыў пра гонар, пра павагу. Тады чыя праўда?»
Думка пра Раміра заглушыла ўсе начныя гукі. Клопаты, беганіна неяк адсунулі ўбок пачуццё да Раміра. Цяпер пад шапаткой бярозай пачуццё кахання авалодала ёю так моцна, з такой неўтаймаванай нецярплівасцю, што былі б крылы, узляцела б пад воблакі, ластаўкай заглянула б у яго пакой. Здалося, яна вырашыла пытанне.
Дадому ішла спорным крокам. Перад самай вёскай спынілася. У цемрачы мігалі воўчым вокам чырванаватыя агеньчыкі цыгарак. Чуліся нястройныя размовы. Вера, спалоханая, падыходзіла ціха, быццам яе лёгкія крокі маглі пачуць. Раптам прамільгнула здагадка: мабыць, прадаўжаюць тут распачатыя на кашары танцы. Адразу стала весялей. Ёй перагарадзілі дарогу два хлопцы. Яны зацягваліся папяросамі, каб ямчэй было разгледзець Веру.
— А, таварыш заатэхнік!..
— Дзе вы так позна ходзіце, каб часам вас не ўкралі? Можа ахова трэба?
Гэта быў Максім Шняк і яго сябрук гарманіст.
— Дзякуй, дайду сама.
— А вас таварыш Даміра хацеў бачыць. Ой, як хацеў бачыць...
— Навошта?
— Запытайцеся ўжо самі. Ён вунь дзе папяросу смаліць.
Вера пайшла на агеньчык. Там сапраўды чуўся голас Даміры. Вера прывіталася. Даміра прадаўжаў гаварыць:
— Мы, значыць, у абход. Я камандую...
— Вы мяне хацелі бачыць? — перапыніла Вера.
Даміра змоўк, толькі дыхаў у Верын твар гарэлкай. Вера чула, як ён скрыгоча зубамі.
— Хацеў,— выгукнуў ён нарэшце.— Ты што ж гэта!.. Напляла карэспандэнту...
Нехта абхапіў Даміру, пацягнуў. ён крычаў, выплёўваў злосную лаянку. Хтосьці супакойваў Веру, прасіў не звяртаць на Даміру ўвагі. Вера пабегла. Адбегшыся, заплакала, пайшла памалу. Ужо ў вёсцы нехта дагнаў яе, узяў за плячо. Вера ледзь не закрычала. Азірнулася: Дземідзенка разгладжваў вусы.
— Хамства, скажу я вам, у нас болей, як клапоў у хаце. Цемра нялюдская. Але прабачыць такое не раю. Папусцішся — на галаву, прабачце, наплююць.
— Што ж вы параіце?
— Раіць не магу. Не заўсёды людзям нашы парады да спадобы прыходзяцца. Чалавек — істота няўдзячная. Прабачце, не пра вас, а наогул. Другому параіш, а ён пасля на цябе ж злуецца. А толькі, на маю думку, тут варта альбо ўцякаць альбо грызціся да апошняга зуба.
Веры здавалася, што гэта гаворыць не Дземідзенка, а Рамір, потым пачуўся голас Машанькі Ашман. Уцякаць! Так, так, уцякаць! Пайсці да дырэктара інстытута, папрасіцца на работу, на любую работу. Будзе сорамна? Няхай. Але ж ніхто гэтак яе не пакрыўдзіць...
Раптам яна ўстрапянулася. А можа напісаць пісьмо Льву Раманавічу?..
— Я раіў бы змагацца, — Дземідзенка прыкурыў папяросу, запахла паленай поўсцю і нейкай цвіллю. — Вы зразумелі цяпер Даміру? А некалі вы пакрыўдзіліся на мяне. Памятаеце, як я прапаноўваў вам сваю дапамогу... Давайце напішам разам.
— Заўтра я паеду ў горад...
— У нас глухамань, бягуць таму. Ну, я развітваюся...
Раніцай яна пад’язджала ўжо к гораду. Аўтобус прыпыніўся на галу. Увайшла кантралёр, шафёр вылез з кабіны, пачаў нешта поркацца ў маторы. Вера пагладзела праз акно. Азораны залацістым святлом, горад ляжаў на пяці гарах. Справа відаць быў белаваты высокі будынак даўнішняга педтэхнікума. Недзе лявей быў іх інстытут. Яшчэ лявей цераз раку віднеліся мачты высакавольтнай лініі. На доўгай высакаватай градзе тырчэлі рэдкія сосны. То там, то тут відаць былі недабудаваныя дамы, асобныя руіны на іх фоне здаваліся дзівоснымі прывідамі. Дымілі коміны заводаў.
Аўтобус крануўся; дарога крута бегла ўніз. Перад вачыма раскінулася панарама цагельных заводаў. Сляпыя камяніцы, прыплюшчаныя да зямлі доўгія паветкі, чырвоныя высокія коміны, пад’яздныя пуці, Сноўдалі пыльныя машыны, па рэйках каціліся ваганеткі, паспешлівыя чалавечкі паяўляліся і знікалі, як у кіно.