Затым аўтобус пачаў паўзці ўгару. Ён натужна падвываў, быццам злаваўся, што людзі пабудавалі горад за глыбокім ровам. Справа і злева пачыналіся пабудовы: прамільгнуў будынак з вялізнай шыльдай «Бакалея», гараж, упраўленне цагельнымі заводамі, шэраг новенькіх трохпавярховых дамоў, адгароджаных ад вуліцы палісаднікамі, вароты вялікай фабрыкі, школа, яшчэ дамы, новабудоўлі. Па тратуарах беглі заклапочаныя людзі, грымелі жалезам грузавікі, рыпелі лябёдкі, шматгалосы гул горада ўладна ўрываўся ў Верыну душу. Раптам яна ўбачыла дзяўчыну ў крэмавым плацці, вельмі знаёмую з твару. Аўтобус прапоўз міма, выбраўся з затору машын, паімчаў хутчэй.
Перш за ўсё Вера зайшла да сябе на кватэру. Паднялася па шырокай белай лесвіцы на трэці паверх, адамкнула дзверы. 3 пакояў патыхнула нежылым, застаялым паветрам. Успырхнула патрывожаная моль. На паліраваным стале роўным пластом ляжаў пыл. Вера не стала прыбіраць кватэру. Дастала з шафы любімае васільковае плацце, надзела яго, прыпудрыла загарэлы нос, падвяла вусны, хмыкнула, угледзеўшы свае рукі: манікюр аблез, на кожным пальцы былі завусеніцы. Чаму яна толькі цяпер заўважыла гэта?
Усю дарогу Вера думала над тым, як сустрэне яе Рамір, як яна, зайшоўшы ў пакой, усміхнецца яму, потым абдыме за шыю. Усё адбылося інакш.
Рамір яшчэ спаў. На сталку між двух мяккіх крэслаў стаяла недапітая бутэлька каньяку, на талерачцы ляжала ікра, побач проста на стале — кавалак каўбасы, вяндліна, хлеб. Яна доўга будзіла Раміра. Ён адмахваўся, нязлосна лаяўся. Потым павярнуўся да яе, працёр вочы, сказаў:
— Адвярніся, апрануся.
Яна адышлася да акна. Чула, як ён бразгае дробнымі манетамі, папругай, як шчоўкнуў партсігарам. Запыталася:
— Можна ўжо?
— Калі ласка. Ты, як снег на галаву... А я, разумееш, сумаваў.
— Бачу.
— Хочаш каньяку?
— Дзякую.
— Я вып’ю. Галава гудзе. Пачакай, пайду памыюся.
Ён узяў ручнік, вышаў. Вера пачала прыбіраць у кватэры. Прывесці ўсё да ладу тут было надта цяжка. Прыслоненыя да сцен, стаялі эскізы, карціны, загрунтаваныя пустыя палотны, валяліся гіпсавыя злепкі чалавечага цела. На стале панаваў яшчэ большы беспарадак: фарбы, пэндзлі, алоўкі, вугаль, папяросы, нейкія гумкі, кавалкі чэрствага хлеба, кнігі, — усё перамяшалася, пераблыталася, запылілася.
— Пакінь, не турбуйся дарэмна, — спыніў Рамір Верыны намаганні хоць крыху надаць пакою людскі выгляд. — У свеце няма нічога вечнага, а дзеля аднаго імгнення ці варта затрачваць дарагія хвіліны нашага кароткага жыцця.
Ён быў у бэзавай тэнісцы, якая прыгожа аблягала цела гімнаста. Чорныя валасы, гладка зачасаныя назад, блішчалі ад вады, тонкія вусны дрыготка ўсміхаліся, чорныя бяздонныя вочы пакорліва і сумна глядзелі на Веру. А яна любавалася яго белым тварам, шырокімі чорнымі бровамі, тонкім з глыбокімі выразамі ноздраў носам, вострым падбародкам.
— Я не пытаюся, як жывеш. Адгадай чаму?
— Не цікавіць?
— I гэта гаворыш ты... Раней так адказвала тысяча з тысячы адной. Адной была ты. I вось за некалькі дзён не стала і той адной.
— Чаму? Адкажы на сваю загадку.
— Бо я ведаю, як ты жывеш. Табе цяжка...
Вера падумала, што ён вельмі разумны, яе Рамір. Падышла, абхапіла яго за шыю, прытулілася да грудзей. Ногі лёгка адарваліся ад падлогі, цела павісла ў паветры на моцных Раміравых руках. Перад вачыма паплыла столь. Гарачая цеплыня рук і Раміравых вуснаў заціналі дыханне. Чыёсьці сэрца моцна стукала, ірвалася з грудзей. «Вось як гэта здарылася», — мільганула далёкая думка. Яна дацягнулася вуснамі да яго шыі, прыпала да яе там, дзе білася трапяткая, сіняя жылка. Раптам яна адарвалася, паляцела, як у бездань.
Яна моцна выцялася, падскочыла на пругкай стальной сетцы і зноў адчула сябе ў абдымках Раміра. I ў той жа час яе рука намацала нейкую рэч. Гэта была жаночая прыколка. Вера з усяе сілы адштурхнула Раміра. Ён зноў кінуўся да яе, заламаў рукі, прыціснуўся да яе вуснаў. Неймаверным намаганнем яна вырвалася з яго абдымкаў. Гледзячы ў незнаёмы, шэры твар Раміра, закрычала, прыдушана, злосна:
— Нізавошта, чуеш!
Ён спакойна падышоў да стала, наліў паўшклянкі каньяку, выпіў.
— Шалёная, новую тэніску парвала.
Вера заціскала ў кулаку шпільку, другой рукой папраўляла косы. Рамір зачыніў на ключ дзверы.
— Зараз жа выпусці мяне.
— Ніколі.
— Выпусці, ці я выскачу з акна.
— Спалохаешся, ты вельмі любіш жыць.