— Зараз жа адчыні.
— А чаго ты, уласна кажучы, ішла?
— Я думала, ты чысты і разумны. А ты брудны і нягодны.
— Гэта нешта новае.
Яна расціснула кулак. Рамір зарагатаў.
— Што гэта?..
— Ты яшчэ смяешся?
— Святыя існуюць толькі ў кнігах, ды і то яны робяцца святымі пасля найвялікшых зямных грахоў.
— Хто яна?
— Ці не ўсё роўна? Вось глядзі. — Рамір павярнуў адно з палоцен. Вера жахнулася. На скамечанай пасцелі ў агіднай, неверагоднай позе ляжала яна сама.
Вера заплюшчыла вочы. Калі адкрыла іх, дык убачыла, што Рамір крывіць вусны: ці то смяецца з яе, ці то дражніць. Забыўшыся на ўсё, яна кінулася да дзвярэй. Стукала ў іх кулакамі: роспач і сорам адабралі ў яе розум.
— Пакінь вар’яцець. Не люблю істэрычных баб. Садзіся, я цябе не з’ем.
Яна перастала стукаць, але не адышлася ад дзвярэй. Невідушчымі вачыма пазірала на Раміра. Ён курыў, седзячы ў крэсле.
— Ты забылася, што я жывы чалавек. Я больш года хадзіў за табой, і ты сама вінаватая, што адкладвала тое, што магло здарыцца сёння. Навошта хаваць свае прыгожыя інстынкты? Ты хавала іх, і ты вінавата ў маім падзенні. Я цар цароў — Асаргадон. Усе астатнія мае рабы. Я ёсць на свеце. Так трэба жыць. Усё астатняе — мяшчанства, якое даўно трэба выкінуць на сметнік. Я марыў пра цябе, і вынік гэтай мары — мая карціна. Я верыў, што калі-небудзь ты прыдзеш да мяне.
Вера ўзяла са стала чарнільніцу, плесканула з яе на карціну. Чорныя пацёкі паплылі на падлогу.
— Калі ты мяне не выпусціш, дык з астатнімі будзе тое самае.
— А па мордзе не хочаш?
Вера адчула, што гэты чалавек здольны на ўсё. Папрасіла больш лагодна:
— Адамкні, калі ласка...
Ён адамкнуў і сам адчыніў дзверы.
— Думаеш, кахаў цябе?
На беразе Дзвіны, у скверыку, на той знаёмай лаўцы з літарамі «К» і «В» выплакала Вера слёзы, што даўно душылі яе.
IV
Па суботах ціхую ўрачыстасць райкома камсамола абуджала моладзь. На бюро звычайна набіралася шмат вялікіх і малых спраў. За кожнай стаялі людзі, маладыя, гарачыя, якіх абавязкова трэба было паслухаць. Прыходзілі сакратары камсамольскіх камітэтаў — рухавыя, галасістыя, неспакойныя; старшыя піянерважатыя — маладыя і чамусьці, як на падбор, маленькага росту дзяўчаты; няштатныя лектары — салідныя і недаступныя з выгляду, быццам набіраліся яны мудрасці ў сямі акадэміях; загадчыкі бібліятэк і хат-чытальняў — марудлівыя, разважныя, але гаваркія; звеннявыя — здаровыя, нібы вылітыя і загартаваныя пад сонцам, дзяўчаты; каржакаватыя, маўклівыя хлопцы, што прывыклі не гаварыць, а працаваць. Сярод іх вылучаліся тыя, што парашылі на ўсё жыццё звязаць свой лёс з камсамолам. Усё гэта была галасістая братва: пелі песні, спрачаліся, жартавалі, кпілі, экзаменавалі адзін другога па міжнароднай палітыцы.
Ліпанава вельмі любіла гэтыя дні. Перад ёю праходзілі дзесяткі людзей па-дзіцячаму вясёлых і непасрэдных, па-юначаму задорлівых і шчырых, па-даросламу сур’ёзных і прамых. На яе памяці многія ўпершыню прыходзілі ў райком, гэтак жа, як і цяперашнія навічкі, зубрылі правы і абавязкі камсамольца, запінаючыся, расказвалі біяграфію, якая ўклададася ў адзін нядоўгі сказ, нясмела выконвалі першае даручэнне, баючыся на крок адступіць ад указанняў. I вось цяпер яны смела ўступалі ў спрэчку, здзіўляючы свайго сакратара глыбінёй думкі. Людзі раслі! Баявыя, няўрымслівыя людзі! 3 імі не страшна было брацца за самыя цяжкія справы. Ліпанава любіла слухаць сваіх актывістаў. Вірлівая маладосць захоплівала ў палон. Побач з ёю не адчувалася, што ідуць гады.
Саскочыўшы з грузавіка, Ліпанава зірнула на гадзіннік: зайсці дадому не было ўжо часу. Прывычнаю таропкай хадою пайшла ў райком. Калідор гуў, як пчаліны вулей. Хлопцы, сарваўшы кепкі, прывіталіся з ёю. «Новенькія, — падумала Ліпанава. — Колькі ж сёння прымаем?»
Першай з сакратароў, каго ўбачыла Ліпанава, была Ева Пляскач. Следам за Тамарай яна зайшла ў кабінет, села на крэсла, схавала пад стол ногі.
— Я да вас, Тамара Аляксандраўна, з нашым горам. Робіш, як лепей, атрымліваецца горай...
Ліпанава села побач, але ў пакой адзін за адным пачалі заходзіць Члены бюро, работнікі райкома. Улучыўшы хвілінку, яна папрасіла Еву:
— Расказвай.
— Заатэхнік збегла.
У Ліпанавай уздрыгнула брыво.
— Калі збегла?
— Заўчора. Ды вы не думайце, што сама збегла, — прымусілі. Даміра прымусіў і Ніна, помніце, высокая такая. Шумейка прозвішча.
— Расказвай па-парадку, а то я нічога не разумею.
— Я ўжо і так па-парадку вам кажу. Заатэхнік збегла, даяркі не ладзяць, Лёнька Зайчык гаворыць, што гэта дзіцячая хвароба росту. А наконт Шумейкі галасы раздзяліліся: адны кажуць, трэба яе выключыць з камсамола, другія — за яе гарой стаяць. А я думаю так, што хоць ты і сірата, але за сябе адказвай і рук не распускай...