Ліпанава адкінула надакучлівую пасмачку валасоў.
— Адказвай толькі на мае пытанні, а то мы з табой да вечара гаварыць будзем.
Ліпанава, не спяшаючыся, задавала пытанні, Ева адказвала на іх, насцярожана паглядала на сакратара. У Ліпанавай пасля кожнага адказу глыбокія маршчыны рассякалі лоб. Нарэшце, пытанні кончыліся.
— Бачу, што вінавата я сама. Здавалася, усё прадумала, а выходзіць — спадзявацца адно, а рабіць другое. Ну, вось што — прыеду выпраўляць сваю памылку. Гэтыя абавязацельствы, што ты мне паказвала — схавай. Будзем спачатку гаварыць з людзьмі. Можна, вядома, заклік да моладзі даваць ад жывёлаводаў «Прагрэса». У іх усё гатова. Але будзем усё ж пачынаць ад вас. На вашых камсамольцаў спадзявацца будзем. Зможаце вы ўзняць жывёлагадоўлю, падымуць яе і другія арганізацыі. Усё залежыць ад таго, як мы іх арганізуем...
Ліпанава змоўкла, думала... Яна не сказала тады ўголас, што думае пра Еву. Сакратар успомніла пра размову з членамі камітэта ў калгасным клубе, разважанні Лёнькі, Наташы Кароткай, Евы і раптам адчула, што Ева не зможа далей павесці за сабой моладзь. Пакуль камсамсльская арганізацыя раёна вырашала прыватныя і не вельмі вялікія справы, Ева не была бездапаможнай. Сумленна выконвала ўказанні, своечасова здавала справаздачы, праводзіла сходы і ў кожным мерапрыеметве райкома — ці быў гэта месячнік па вывазцы гною альбо суботнік па вырабу торфаперагнойных гаршочкаў — удзельнічала актыўна. Цяпер перад камсамолам раёна (Тамара Ліпанава добра разумела, што не толькі раёна, але ўсёй вобласці і нават рэспублікі) стаяла вялікая праблема. Трэба не толькі паслаць моладзь на фермы, але разгарнуць спаборніцтва, стварыць умовы для работы маладых жывёлаводаў. А іх не створыш, калі не вырашыш праблему кармоў. Гэта ў сваю чаргу звязана з палепшаннем лугоў. Непарыўны ланцужок сувязей, якія прасачыла ў думках Ліпанава, дапамог ёй глыбей зразумець тыя партыйныя мерапрыемствы, якія пачыналі намячацца ў апошні час. Разумная рука партыі накіроўвала ўсіх па аднаму напрамку. I ў гэтым баявым ланцугу, што разгортваўся да наступлення, стаяла яна — Ліпанава, усе камсамольцы раёна. Грандыёзнае наступленне, і для яго патрэбны такія малодшыя камандзіры, што бачылі б намнога далей за Еву.
Ліпанава пакуль нічога не сказала. Лёс чалавека адзін чалавек вырашыць не можа. Гэта могуць зрабіць сумесна таварышы па рабоце, па агульнай справе. Але і яны могуць вырашаць яго не паспешліва, а глыбока ўсё абдумаўшы і так па-таварыску далікатна, каб чалавек пачаў працаваць яшчэ лепш.
— У цябе ёсць хто на прыём? — запыталася яна ў Евы.
— Прывяла, а як жа. Тамара Аляксандраўна, вы ўжо мяне першую адпусціце.
— Добра, — усміхнулася Ліпанава Евінай прывычцы абавязкова быць першай.
Члены бюро расселіся вакол двух сталоў. У канцы аднаго з іх пуставала крэсла, прызначанае для навічкоў. Але амаль ніхто з іх не сядзеў — стаялі побач, збянтэжаныя ўрачыстасцю хвіліны.
Першай зайшла Зіна Асташка. Разгублена азірнулася: сонечны зайчык трапіў на шкельцы акуляраў, рознакаляровай вясёлкай мільгануў па сцяне. Яна спынілася ля дзвярэй, ледзь чутна прашаптала: «Дзень добры!» Ліпанава папрасіла яе сесці. Зіна дайшла да крэсла, учапілася ў спінку. Ева пачала чытаць анкету. Зіне здавалася, што яна гаворыць не пра яе, а пра кагосьці другога, невядомага, але вельмі славутага чалавека.
«Камсамольцам можа быць кожны...» — шаптала Зіна перасмяглымі ад хвалявання вуснамі. Думкі яе перапыніла Ліпанава.
— Таварыш Асташка, раскажыце сваю біяграфію.
Зіна здзівілася: хто гэта таварыш Асташка? Няўжо яна? Навокал добразычліва паглядалі на яе. Таварыш! А толькі, што гэты таварыш можа расказаць?
— Ды вы не бойцеся, — праказаў кашчавы хлопец, таксама ў акулярах — выліты Лёнька Зайчык.
— Я не баюся, — адказала яна і раптам адчула сябе вельмі ўпэўненай, як у школе на экзаменах.— Толькі ніякай яшчэ ў мяне біяграфіі няма. У вайну была маленькай. Калі ў сорак другім годзе нашу вёску фашысты спалілі, з мамай у лес перабралася. Потым нас у Нямеччыну пагналі, але далёка не паспелі завезці. Мы і вярнуліся дамоў. Сёлета вось школу кончыла. Тату на фронце забілі. Удвух з мамай жывём.
Яна змоўкла, пазірала з-за акуляраў то на аднаго, то на другога члена бюро. Здавалася, што яна ўсіх іх ведае: вось гэта Лёнька Зайчык, а вось тая дзяўчынка вельмі падобная на іх Наташу Кароткую — закружскую настаўніцу, далей сядзіць хлопец — як дзве кроплі вады Макар Башукевіч...
— Усё ў вас? — запыталася Ліпанава. Зіна кіўнула галавой. — У каго будуць пытанні да таварыша Асташкі?