Выбрать главу

«Камсамольцам можа быць кожны»... — заварушыліся Зініны вусны.

— Чаму вы дасюль не паступалі ў камсамол?

— Я нічога яшчэ такога не зрабіла.

— А цяпер?

— I цяпер таксама.

— Ці ведаеце, што камсамольцы ідуць працаваць на фермы?

— Яна працуе на ферме, — адказала за Зіну Ева.

- Што ж, таварышы, Зіна Асташка апраўдала сябе, лепш не трэба, — звярнулася Ліпанава да членаў бюро і тут жа дадала:

— Прымаем вас, Зіна, у Ленінскі камсамол. Беражыце баявыя яго традыцыі. Камсамольцы ніколі не хаваліся ад цяжкасцей, а ішлі ім насустрач. Віншую вас, таварыш Асташка, з высокім званнем члена ВЛКСМ.

Ліпанава вышла з-за стала, падала руку. Зіна сарамліва паціснула яе. Падумала: сказаць ці не сказаць. Вырашыла: трэба сказаць.

— Вось толькі ў нас на ферме работа не ладзіцца. Дзяўчаты сварацца. Толькі вы не падумайце, што яны вінаватыя.

— Гэта не цяпер, пасля прыёму... — спалохана перапыніў Зіну другі сакрагар.

— Чаму? Гавары, гавары, Зіна. Хто ж вінаваты?

— Лёнька кажа, што мала таго, каб паслаць людзей на фермы, трэба з імі працаваць. Потым астатнія, хто не пайшоў на ферму, няхай бы яны пра кармы паклапаціліся. Ды вось яшчэ старэйшыя даяркі коса на нас паглядаюць, а іншыя нават падбухторваюць маладых. Таму і не ладзяць у нас.

— Я, Зіна, хутка буду ў вас. На месцы лягчэй разабрацца.

Пасяджэнне прадаўжалася. Адзін за адным перад сталом сакратара паяўляліся хлопцы і дзяўчаты, якіх пярвічныя арганізацыі прынялі ўжо ў свае шэрагі. Усё гэта былі баявыя, адданыя справе маладыя людзі. Пасля разглядалі вынікі работы па пасылцы моладзі на фермы. Ліпанава слухала даклады з калгасаў і ў душы радавалася, што сярод камсамольцаў пануе такі вялікі ўздым.

Дзень праляцеў незаўважна. Кончылася бюро. Ліпанава засталася адна, выцягнула са стала кніжачку, пачала запісваць думкі, што падказаны былі на бюро. Захапіўшыся, не заўважыла, як у пакой зайшла Вера Алексіч. Адчула толькі чыйсьці доўгі, тужлівы позірк. Рэзкім рухамузняла галаву. Вера стаяла, апусціўшы рукі.

— А казалі, што вы ўцяклі?

Вера ўздрыгнула. Здзівілася, што Ліпанава ўжо ведае пра яе ўцёкі.

Нешта трэба было сказаць. Але што? Ліпанава закрыла кніжачку, запрасіла Веру сесці.

Вера села на край крэсла. «Чаго я прышла да яе? — думала Вера.— Злавала, нават ненавідзела, а першай, каго захацелася ўбачыць, — яе. Пра што мне расказаць? Хіба ж яна зразумее? Што яна можа параіць? Пачне павучаць — устану і пайду... А можа пайсці вось цяпер, нечакана?» Вера хацела падняцца і не магла. Адчувала сябе надта зморанай.

— Люблю запісваць розныя думкі. Часам мільгане што-небудзь вельмі слушнае і знікне. Потым шкада, што не запісала. А вы не запісваеце?

— Часам, калі няма чаго рабіць.

— Я нядаўна чытала, што Фурманаў — аўтар «Чапаева» — заўсёды што-небудзь запісваў. А ў яго было вельмі неспакойнае жыццё. Вы, відаць, з дарогі?

— Так.

— Дыік чаго ж тады я сяджу!.. Паслухайце, Вера, хадзем да мяне дамоў, бо я вельмі есці хачу.

— Не, што вы!.. Я так зайшла.

— Ды вы не саромцеся. Нам доўга давядзецца разам працаваць. Можа і мяне калі-небудзь запросіце да сябе.

Веру ўразіла чысціня і нейкая суровая прастата пакоя Ліпанавай. У кватэры не было чаго-небудзь лішняга і непатрэбнага, што замінае жыццю. Кожная рэч паслужліва прапаноўвала сябе чалавеку. Мяккая шырокая канапа, без усялякіх падушачак, вышываных дарожак, кніжная шафа з роўнымі радамі кніг, пісьмовы стол з горкай газет і часопісаў. 3 кухні зайшла невысокая бабулька, вельмі падобная на Ліпанаву.

— Добры дзень, — пявуча загаварыла яна.— Нешта я вас ніколі не бачыла. Чаму ж ты, дачушка, так позна?

— Бюро было, мама.

— То бюро, то сход, то нарада... А жыць калі?

— Дык гэта ж і ёсць жыццё, мама.

Тамара выбегла. Бабулька падсела да Веры.

— Таксама яшчэ не замужам? — запыталася яна.

Вера пачырванела.

— Была. Разышліся.

— Здараецца. Дзіця для ўцехі засталося?

— Не.

— Гэта ўжо блага.

— Адной лягчэй...

Бабулька спалохана замахала рукамі.

— Што ты, дачушка, гаворыш!.. Як жа аднаму можа быць лягчэй? Ды што ж я адна рабіла б? Таму і на Тамару злуюся. У гадах, а толькі і думае пра сходы. Дзеці трэба, без іх і жыць не варта. У мяне васьмёра было: шэсць сыноў і дзве дачкі. Сыны на фронце загінулі, дачка прапала ў Германіі. Засталіся мы з Тамарай. А пасля вайны захварэла яна: з месяц ляжала. Калі б памерла, дык і мне не жыць. Тады і пасівела. Мне яшчэ і гадоў не дужа многа...

Прышла Тамара. Маці затупала вакол стала. Неўзабаве на ім паявіўся абед. Вера зноў адчула сябе ніякавата. Праўда, нялоўкасць тая хутка прайшла, бо і дачка, і маці аднесліся да яе вельмі шчыра.