Выбрать главу

— Пагуляйце ў садочку, — сказала маці, калі яны паабедалі.

Яны вышлі. Садок быў маленькі, на самым беразе Дзвіны. Дзесятак яблынь, кусты парэчак і агрэсту, а над кручай расла тоўстая сукаватая вішня. Лістоў на ёй не было, толькі чырванелі дробныя ягады.

— Хочаш? — запыталася Ліпанава. — Толькі сама залазь на дрэва. Тут не высока. Станавіся на лавачку, потым вось на гэты сук і гатова...

Вера не адважвалася. Тады Тамара палезла першай. Крыху пастаяўшы, узабралася на вішню і Вера. 3 дрэва яшчэ лепш адкрываўся вачам далягляд: задзвінскія лясы і поплаў. Далёка ўнізе струменіліся хвалі Дзвіны.

Тамара нечакана запыталася:

— Чаму вы мяне не любіце?

Вера сумелася, не ведаючы, што сказаць.

— Гэта вам здалося.

— Не. Я — зыркастая.

— На гэты раз памыліліся.

— Хочаце, я сама адкажу на сваё пытанне? Бо вы не адну мяне не любіце. Помніце, я пыталася ў вас, ці кахаеце вы каго? Вы тады раззлаваліся на мяне. Падумалі: чаго я да вас прычапілася. А я хацела вас перасцерагчы, бо гэтая вашая любоў — вельмі дрэнны чалавек.

«Сапраўды зыркастая», — падумала Вера. Ёй раптам стала балюча, крыўдна за тую абразу, якую нанёс Рамір.

— Ен не дрэнны, а незразумелы.

— Ён, відаць, асляпіў вас альбо прыгажосцю, альбо размовамі, якія здаліся вам незвычайнымі. Я тады адчула, што вы пад чужым уплывам знаходзіцеся. I пад дрэнным уплывам. Хто ён?

Вера вымушана была расказаць пра Раміра, пра яго размовы. Не ўтаіла і тое, што адбылося сёння.

— А ведаеце чаму так атрымалася? — запытала Ліпанава. — Таму, што вы дрэнна ведаеце жыццё і, па-шчырасці, не надта стараецеся пазнаць яго. Вось вас захапілі незвычайныя размовы гэтага мастака. А калі вы задумаліся, дык самі зразумелі, што яны нічога, апрача шкоды, не могуць прынесш.

— Я ўжо задумвалася над гэтым, — прызналася Вера. — Быў у нас некалі ў вёсцы дзед Баўціль, богу маліўся, святым яго лічылі, дык ён гэтак жа, як і Рамір, гаварыў, а потым у вайну гітлераўцам прыслужваў.

— Вось бачыце, Вера. Думкі ў вас правільныя. Тады чаму вы так да калгаснай моладзі паставіліся? Дружба з ёю можа толькі ўзбагаціць. А вы чамусьці цураецеся людзей...

— Гэта няпраўда. Я, напрыклад, паважаю, ну, гэтага, рахункавода, — Вера ніяк не магла ўспомніць, як яго прозвішча. Ліпанава ўсміхнулася.

— Лёньку Зайчыка? — запыталася яна. — У кожнага з іх многа цікавага, чыстага, шчырага. Трэба толькі прыгледзецца.

Яны злезлі з вішні, селі на лаўку. Вера сказала:

— Не тую я прафесію выбрала. Мала чаго тут цікавага.

— Зноў вы, Вера, не тое гаворыце. I прафесія ваша цікавая, і працаваць вы можаце. Помніце, Лёнька Зайчык пра ўзнёсласць працы гаварыў. Можа ён і не зусім правільна разважаў, аднак жа надта цікава. Вы глядзіце на працу, як на непрыемную неабходнасць, а каб вы глянулі на яе як на патрэбнасць вашай душы, сэрца? Вы пастаўце перад сабою якую-небудзь мэту. Чаго вы хочаце ў жыцці? Ды паспрабуйце дамагчыся таго сваімі сіламі. Якая гэта потым будзе радасць...

— Не ведаю, што за мэту паставіць можна?

— А вось тую, што калгаснікі перад сабой ставяць. Вунь Зіна Асташка добра ведае, што хоча ад жыцця. I я ведаю, і Лёнька, і Ніна Шумейка. Кожны чалавек ведае гэта і дамагаецца свайго.

— Усё гэта так, але мне цяжка працаваць, — адказала Вера.

— Калі цяжка — шукайце дапамогі. А вы ўсё хочаце самі зрабіць. Адзін у полі не воін. Вось жа сёння вы прышлі да мяне. А раней не хацелі.

— Цяпер я заўсёды буду да вас прыходзіць, — паабяцала Вера.

V

Да Закружжа заставалася кіламетраў дзесяць. Час быў не позні, і Леў Раманавіч вырашыў не чакаць спадарожнага транспарту — пайсці пехатою. Да таго ж хацелася паглядзець родныя мясціны, па якіх не хадзіў ужо многа гадоў. 3 таго далёкага часу дарога стала куды лепшай. На прыцёртым пяску выразна відаць былі шырокія сляды аўтамабіляў і вузенькія, у елачку — веласіпедаў. Узышоўшы на ўзгорак, Леў Раманавіч спыніўся, каб паглядзець навокал. Усё здалося незнаёмым... Аднекуль з’явіўся ланцуг высокіх пагоркаў з вузкімі перамычкамі між імі. На пагорках рос густы сасновы хмызняк, на ніжэйшых мясцінах раскашаваў цёмна-зялёны ельнік уперамешку з бярозай. Леў Раманавіч успомніў, што некалі тут быў густы Струмецкі лес. Ад яго засталася толькі невялікая бародка калматых хвой ля самай рэчкі.

Дарога па-ранейшаму пятляла між пагоркаў, то апускалася ў невялічкія нізіны са слядамі былых рачулак, то паволі падымалася ўгору, каб потым зноў крута апусціцца на дно рова. Нарэшце, паказалася Закружжа — роўны, у струнку, рад новых хат з прысадамі. Леў Раманавіч дайшоў да сярэдзіны вёскі, звярнуў у бакавую вулачку, спыніўся ў нерашучасці. Недзе тут за Чорным ручаём павінна была стаяць хата Марыны. Але ручая не было відаць. Прайшоўшы яшчэ з паўсотню крокаў, Леў Раманавіч спыніўся на невялікім, камлюкоў на шэсць, мастку, які ляжаў ледзьве не на зямлі.