За мастком налева стаяла невялічкая хата з двума вокнамі на вуліцу. Ля яе рос клён, пад ім тулілася невялічкая лавачка.
3-за вугла хаты, што стаяла на другім баку вуліцы, нясмела выглянуў рыжы, вяснушчаты, як асеўкамі абсыпаны, хлапчук. Гулка шморгнуўшы кірпатым носам, ён прыклаў да вуснаў свісцёлку і даў доўгую руладу.
— Бач ты, музыкант які!.. — усміхнуўся Леў Раманавіч. — Хадзі сюды.
Хлопчык, падцягнуўшы штаны, нясмела ступіў некалькі крокаў насустрач.
— Гэта чыя хата? — паказаў Леў Раманавіч у бок клёну.
— Цёткі Марыны.
— Асташкі?
— Угу.
— Яна дома, не ведаеш?
— Не, нікога няма, — пасмялеў хлапчук. — На поплаве. А Зіна — на ферме.
— Дрэнная, брат, справа. А я да яе. Цябе як завуць?
— Валерка.
— Бач ты! А чый ты? Хто твой бацька?
— Іван Макарык.
— Пачакай, пачакай... Гэта ж які Іван Макарык? Не Цімохаў? Дзеда твайго як завуць?
— Дзед Цімох.
— Дык ты, брат, радня мне, вось як. Ну, падыдзі бліжэй. Дык гэта ж ты і сапраўды даводзішся мне траюрадным братам. Вось як!
Леў Раманавіч пачаставаў хлапчука цукеркамі. Той адразу запытаўся:
— Можа збегаць па цётку Марыну?
— Калі не лянуешся, збегай. Скажы ёй... А нарэшце не трэба... Скажы, што прыехаў да яе нейкі дзядзька. Зразумеў?
Хлапчук, не даслухаўшы, сарваўся з месца, як віхор, і паімчаў па вуліцы, падскокваючы і махаючы рукамі.
Леў Раманавіч адчыніў брамку, зайшоў на двор. Маленькі двор быў старанна падмецены. Леў Раманавіч абышоў яго, заглянуў у маленькі хляўчук, у прыбудоўку, нават у акно хаты і, зноў вышаўшы на вуліцу, сеў пад клёнам. Сонца прыпякала ніштавата. Але Леў Раманавіч не адчуваў яго гарачых праменняў: клён, дворык, увесь стары, хоць і абноўлены пасля вайны, навяваў даўно забытыя падзеі.
Сонца ўсё ніжэй хілілася на захад. Даўжэлі, цямнелі цені. 3-за прысад дыхнула свежым ветрам, сухім і духмяным. Недзе зарыпеў журавель. Над агародамі праляцела чародка шпакоў. Марыны ўсё яшчэ не было. Тады Леў Раманавіч зноў пайшоў на двор, без усялякай справы пахадзіў па ім, потым сеў на ссечаную калоду.
Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчына. Яна спынілася, здзіўленая.
— Вы да нас? — запыталася яна, неяк уся падаўшыся наперад.
— Такі мабыць да вас, — Леў Раманавіч добразычліва ўсміхаўся. — Не, ты паглядзі толькі, як дзве кроплі вады, падобна на Марыну!.. Толькі вочы бацькавы.
Дзяўчына безразважна ірванулася наперад, потым нерашуча спынілася.
— Не пазнаеш? — запытаўся Леў Раманавіч, і яго натапыраныя шырокія бровы прыгладзіліся, ля вачэй збегліся маршчынкі. — Дзе ўжо табе, вось такой была.
— Дзядзька Лявон! — дзяўчына раптам збянтэжылася такой сваёй гарачнасці, сарамліва змоўкла.
— Пазнала... — Леў Раманавіч расставіў рукі, пайшоў насустрач дзяўчыне і, узяўшы яе за плечы, сказаў: — Ён самы — дзядзька Лявон.
Размова неяк не ладзілася. Леў Раманавіч і сам, расчулены сустрэчай, задаваў нейкія недарэчныя пытанні, на якія пляменніца адказвала коратка «так» ці «не». Лёд растаў, калі прышла маці. Марына ўвайшла ў хату, моцна прыціскаючы да грудзей рукі. Яна спынілася ля дзвярэй, моцная ўсхваляванасць спірала ёй дыханне, не давала вымавіць слова. Па яе твары, дачасна зрэзаным маршчынамі, пабеглі два ручайкі слёз.
— Братка... — выдыхнула яна; ногі яе падкасіліся, але жанчына неймаверным намаганнем пераадолела слабасць, паспешліва, быццам баялася, што ўпадзе, кінулася да брата, прытулілася да яго грудзей.
— Годзе, годзе, Марына, — няёмка суцяшаў сястру Леў Раманавіч. — Вось жа бачыш: жывы, здаровы і нават тоўсты.
Ён стараўся надаць голасу жартаўлівы тон, але яго самога душылі слёзы. Калі раней усё мінулае толькі прыпаміналася, дык цяпер яно было вельмі блізкім.
***
...Было гэта даўно. Леў Раманавіч быў тады яшчэ хлапчуком Лявонкам. Раніцай ён разам з бацькам і чарнявай, як галчанё, Марынкай паехаў на паплавы касіць сена. Быў вось такі ж гарачы дзень. Над поплавам сонна гулі авадні, пахла дзятлінай і чаборам. Лявонка то растрасаў траву ў пракосах, то забаўляў чатырохгадовую Марынку. Худы, з белым, як малако, тварам бацька, бясконца кашляючы, натужліва, праз сілу махаў касой. Раптам ён упаў на пракос, і з яга рота чорным цурком пацякла кроў. Лявонка, які падбег да бацькі, скамянеў ад страху: бацька цяжка, з прысвістам дыхаў, так што пад зрэбнай кашуляй хадуном хадзілі вострыя лапаткі, і пасля кожнага ўздыху на зялёную траву выплёсквалася кроў, а вочы, жаласлівыя і шырокія ад страху, нешта ці то прасілі ў Лявонкі, ці то загадвалі. Гэты позірк паміраючага чалавека прыкаваў хлапчука да месца. Ён не мог саўладаць з сабой і апамятаўся толькі тады, калі ўбачыў побач з сабой Марынку. Яна трымалася за яго штаніну і моўчкі пазірала на бацьку, які біўся ў канвульсіях. Цяпер Лявонка адчуў сябе сталым, сарваў з галавы бацькі картуз, пабег да ракі, каб зачэрпнуць вады. Яшчэ на паўдарозе яго сустрэла Марынка. Яна абхапіла братавы ногі сваімі ручкамі так моцна, што Лявонка ледзь устаяў. Заглядаючы хлапчуку ў вочы, яна спалохана прашаптала: