— Я не хачу туды.
Бацька ляжаў на спіне, нейкі доўгі і жоўты, па твары яго паўзла муха, а ён глядзеў некуды ў неба застыглым, абыякавым позіркам.
I вось цяпер, калі да яго зноў прытулілася Марына, старое прыгадалася так яскрава, быццам усё было некалькі дзён назад. Ён гладзіў яе валасы, плечы і ўсё паўтараў:
— Ну, ну... Годзе, годзе.
Яны пацалаваліся тры разы, моцна сціскаючы адзін другога ў абдымках.
— Як добра, што ты прыехаў. Паглядзіш на наша жыццё.
Матка з дачкой замітусіліся. Марына ўвіхалася ля печы, распаліла на загнетцы агонь, нарэзала сала, збегала ў хлеў, прынесла яйкі, нацёрла тварог і ўвесь час расказвала пра сябе.
— Жывём не горай за другіх. Дзякуй, што памагаў. Хацёнку змудравала. Хацела большую ставіць, ды перадумала. Зіну ў горад хачу выправіць. Хопіць, што я руду ўсё жыццё тру. Паверыш, брацец, на руках іншы раз цыпкі бываюць. Няхай хоць яна ў чысціні пажыве, — і, выкарыстаўшы адсутнасць Зіны, па сакрэту, прыглушаным голасам дадала: — Каханак жа ўжо ёсць. Хлопцы ліпнуць. Скажу табе — баюся: выскача на малады розум замуж і хлебтане гора. А ты надоўга да нас?
— Калі прымеш — надоўга.
— Можа на рабоце што здарылася?
— Думаю ў вас сваю навуку прымяніць. Як мяркуеш: атрымаецца?
— Табе відней. Дык я пра Зіну. Не вельмі ж хоча ў горад ісці. За сяброўкамі гоніцца. Тыя застаюцца, і яна за кампанію. Кончыла школу, і не блага, а заяву дасюль нікуды не падавала.
Увайшла Зіна, хаваючы за спіной бутэльку. Марына паставіла на стол вячэру, папрасіла:
— Сядай за стол. Ты, Лявонка, вось сюды, а я тут сяду, а ты, Зіна, побач з дзядзькам.
Леў Раманавіч усміхаўся з таго, што Марына па-ранейшаму называе яго Лявонкам, хоць ён, па шчырасці, неяк адвык ад гэтага імя. Для Марыны ён заставаўся ўсё тым жа віхрастым хлапчуком.
Вячэралі і ўспаміналі мінулыя дні. Леў Раманавіч прыпамінаў таго-сяго з вясковых, але большасць з іх загінулі на фронце ці ў партызанах, многія засталіся недзе ў Літве, у заходніх абласцях Беларусі, куды былі выселены немцамі, і цяпер у вёсцы жыло многа новых людзей, якіх Леў Раманавіч не ведаў. Апусціліся змрокі, невыразныя, як здані. У хаце запалілі лямпу. Доўгія цені карабаціліся на сцяне, нязграбна варушачыся пры кожным руху.
Льву Раманавічу зрабілі пасцель на сене ў прыбудоўцы. Разварушанае ўспамінамі былое мроілася ў дзівосных снах: бэзавая пространь палёў, акаймаваная на даляглядзе белаватай стужкай смугі; пагоня за бандытамі да поўнай знямогі; доўгі Дзямід Пракуда — першы старшыня калгаса, што цягнуў яго з полымя, якое ахапіла калгасны хлеў. Раптам аднекуль з’явілася Лілія Нікадзімаўна, яго першая жонка, закрычала:
— Валерка, я табе, паршывец!
«3 глузду з’ехала, — падумаў Леў Раманавіч. — Нашага сына завуць Вадзім».
Леў Раманавіч расплюшчыў вочы. Скрозь страху, пакрытую дранкай, там-сям прабіваліся вузкія палоскі сонца. На двары крычалі куры, недзе за сцяной рохкаў парсючок.
Марына канчала паліць у печы.
— Паспаў бы яшчэ, — сказала яна, хоць ёй вельмі хацелася пагаварыць з братам. Учарашняя размова была нейкай бесталковай.
— Хачу пахадзіць па палях, паглядзець. Як тут у вас паплавы?
— Пазнаеш. Трава толькі сёлета дрэнная.
— Вось я дзеля таго і прыехаў. Думаю ў вас адзін вопыт паставіць.
Марына прамаўчала, робячы сваё. Потым, калі селі за стол, запыталася:
— Адзін усё жывеш?
— Адзін.
— Дакуль жа так будзе? Гады ж бягуць.
— Бягуць...
— Жаніцца не збіраешся?
— Жанаты ж. Чакаю, хоць і ведаю, што дарэмна. Можа вернецца.
— Дзе ж яна цяпер?
— Пасля таго, як закончыла інстытут — ні аднаго пісьма. Хацеў шукаць, пасля падумаў: не варта.
— То можа да Ліліі Нікадзімаўны вяртаўся б. Усё стары друг лепей новых двух.
— Не, там кончана назаўсёды.
Праз якой паўгадзіны Леў Раманавіч вышаў з хаты.
***
Гэта была старая, прапрадзедамі вытаптаная дарога. Даўней, калі яшчэ дажывалі тут свой век аблыселыя дзяды і згорбленыя бабулі, што на ўласных плячах паспыталі смак паншчыны, хадзіў па людзях падобны на легенду расказ. Калі верыць яму, дык на ўсю прыпітамскую акругу жыў некалі драхлы, зялёны ад старасці дзед Запруда. Калі ён прышоў, калі паявіўся ў прыпітамскіх краях, ніхто дакладна не ведаў. Лічылі яго святым чалавекам, які даўно замаліў свае грахі і цяпер замольваў людскія. А грахоў у дзеда Запруды, паводле тых жа чутак, было шмат. Сек некалі Запруда праваслаўныя галовы па загаду самога Сценькі Разіна, бунтаваў манахаў на Салаўках, рабаваў купцоў на маскоўскіх гасцінцах, а потым уцёк ад царскай расправы на лясную рэчку Пітамку, невялікі, але па тых часах мнагаводны прыток Заходняй Дзвіны. Прынёс ён у лясную глухамань багатую казну, дыяменты і золата, схаваў іх і, можа па старасці, а можа знарок, забыўся, дзе.