Было дзеду пад паўтараста гадоў, калі землі прыпітамскага краю Кацярына Другая аддала пану Зубаву, нейкай задрыпанай радні апошняга свайго любоўніка. Новыя паны, што паяўляліся, адным росчыркам пяра ў кароткія хвіліны адпачынку сярод алькоўных уцех, былі гэткія ж ненажэрныя, як і любоўныя ласкі раздабрэўшай на рускім хлебе немкі-царыцы.
Пан Зубаў хацеў разбагацець за адзін дзень, як і яго больш шчаслівы родзіч, што аціраўся больш па інтымных пакоях царскага двара. Па яго загаду доўга катавалі дзеда Запруду, каб выпытаць, дзе закапаны яго скарб. Але дзед маўчаў, сціснуўшы зубы, і толькі перад самай смерцю паказаў рукой у бок Балоння. Але як ні шукалі там скарб, — нічога не знайшлі.
Тады пан Зубаў прыдбаў у нейкага збяднелага нашчадка старапольскіх князёў паўтараста душ мужыкоў-уніятаў. У іх чатырохсотвёрсны маршрут, як апошняя сцежка да Галгофы, уваходзіла і гэтая дарога. Тады, праўда, дарогі не было. Навокал, падпіраючы хмарнае, слязлівае неба, стаяў непралазны лес, а Паграбішча было вялізным возерам з багністымі непрыступнымі берагамі. I толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы, а далей, там дзе пачынаўся бор — купкаватае, парослае верасам і мохам Балонне. Доўгі час Закружжа, так назвалі новую вёску прышлыя людзі, з навакольным светам звязвала звычайная лясная сцежка — вузкая, віхлястая, з мноствам кладак цераз ручаіны і дрыгвяністыя ўпадзіны. Зрэдку ў каламажцы прыязджаў у Закружжа панскі аканом. Прыязджаў адзін, а назад вёз на панскі двор для пацехі якую-небудзь чарнабровую закружскую красуню. Палівала дзеўка сцяжынку слязамі, і, здавалася, ніколі не высахне тая сцежка-віхлянка.
Пазней, калі сяляне крыху абжыліся, завялі па хлявах такую-сякую худобу, сцежка пашырэла, выпрасталася, перастала віхляць між хмызнякоў і выгарак — зрабілася добранаезджанай, выбітай мужыцкім горам дарогай.
Зімой закружскія мужыкі, выбраўшы самую завірушную ноч, ездзілі па ёй красці панскі лес. Толькі адна дарога і ведае, колькі было перавезена ў вёску стромкіх, гладкастволых бярозак, цяжкіх дубовых камлёў, мяккіх, крохкіх асін, старых звонкіх елак ды сосен. Усё гэта вечарамі ў руках закружскіх майстроў ператваралася ў палазы, абады, балеі, цэбры, салонкі, лыжкі, у клёпку, прасніцы і проста забаўкі дзеля маленькіх дзяцей. Па той жа дарозе ўсё гэта адвозілася на кірмашы ў Віцебск, Янавічы, Сураж, Тадуліна, Пяцінку, а то і яшчэ далей аж за Усвяты.
Улетку па гэтай дарозе вазілі з паплавоў сена, мяккае, як воўна, жыта напалам з гірсой і мяцёлкай, а пад восень — дробную, але вельмі ўрадлівую бульбу.
Па гэтай жа дарозе ездзілі хрысціць дзяцей у паддубскую царкву, у мясаед са званочкамі і песнямі ехалі па ёй маладыя пад вянец, па ёй жа неслі чалавека ў апошні шлях на высокі бераг рэчкі, дзе нехта з першых пасяленцаў аблюбаваў сабе месца для райскага жыцця на тым свеце. Усё ў Закружжы было звязана з гэтай дарогай.
3 пяці гадоў яшчэ кволымі дзіцячымі нагамі пачаў таптаць яе і Леў Раманавіч. Спачатку ганяў на выган свіней, робячы з імі два па-даросламу невялікія канцы на дзень. Потым, калі крыху падрос, ганяў на Балонне цэлы статак кароў, не сваіх, а чужых. Даводзілася рабіць ужо і па-даросламу далёкіх чатыры канцы. Яшчэ пазней, застаўшыся без бацькі, нямала пахадзіў па гэтай дарозе з касой, граблямі, за возам, у дождж і ў спёку, халодны і галодны. У апошні час ішоў па ёй з цяжкой торбай за плячыма, — ішоў паступаць на рабфак.
Некалі гэтая дарога была скрозь у каляінах і выбоінах, а пасля навальнічных дажджоў то там, то тут пераразалі яе плыўкія ручаі мутнай, бурбалістай вады. Цяпер на гладкай роўнядзі зелянела мурава, прыцёртая ў адзін след коламі і збітая, запыленая конскімі капытамі.
Леў Раманавіч ішоў спакваля, стараючыся не толькі разгледзець, але адчуць, усвядоміць тыя перамены, што адбыліся за гады яго адсутнасці. Незаўважна для сябе ён спыніўся ля аблыселага курганка і доўга думаў, чаму спыніўся іменна тут. Памяць выцягнула на свет вельмі даўняе, незабыўнае. Некалі на гэтым курганку нябога-старац спяваў нудныя, жудасныя песні пра распусны, блудны Вавілон. Тады славуты горад уяўляўся маленькаму пастушку рагатым, агідным зверам.