— Што, Лявон Раманавіч, цяжка пазнаць мяне? А вас я адразу пазнаў, як толькі вышлі з рова. Хоць таксама пастарэлі вельмі. У госці да нас завіталі? Відаць, родныя мясціны пад старасць не даюць спакою.
— Вось рашыў паглядзець, як жывяцё.
— На экскурсію, значыць. Жывем не дрэнна. Але хваліцца асабліва няма чым. Хацелася б лепей жыць. Толькі не мы тут вінаваты.
Падышоў падпасак Грышка. Прывітаўся. Леў Раманавіч па абрысах твару хлапца бачыў, што гэта нехта Макарыкавага роду. Але чый, Дзямід Пракуда падказаў:
— Гэта ж яшчэ радня нейкая вам, Цімохаў сын...
«Таго кірпатага Валеркі дзядзька», — падумаў Леў Раманавіч і яшчэ раз паглядзеў на Грышку. У яго твары ён не заўважыў чаго-небудзь незвычайнага, але ва ўсёй яго постаці адчувалася штосьці хваравітае. I як толькі Грышка загаварыў, Леў Раманавіч зразумеў, што яго насцярожыла.
— Пастухом працуеце? — запытаўся ён у Грышкі.
Грышка ўсміхнуўся нейкай чужой усмешкай:
— Празаічнае мысленне — бяда ўсяго чалавецтва. Узнёслае і радаснае турбуе яго менш, як невялікае гора. Бачыце, навокал колькі святла і паветра, — ён шырока развёў рукамі і яшчэ раз усміхнуўся, — і мне даручана загадваць ім. А пасьба — толькі непрыкметная нагрузка для разрадкі фізічных сіл чалавека, гэтага ўвасаблення гарманічных спалучэнняў святла і ценю.
Дзямід маўкліва і вельмі сур’ёзна выслухаў Грышкавы сентэнцыі, а калі той выказаўся, папрасіў завярнуць кароў ад шкоды.
— Адзнака вайны, — растлумачыў Дзямід, як толькі Грышка пабег пераймаць кароў. — Мы з ім абодва мечаныя. Наляцелі аднаго разу карнікі. Яму прыкладам па галаве ўдарылі, а мне вось на твар пячатку прыклалі. Да вайны гэтым Грышкам бацькі нацешыцца не маглі. Да чаго разумны хлопец быў. Ды ён і цяпер не дурны. Каб вы паслухалі, як ён лічыць. Далібог, здзівіліся б. Скажаш яму: памнож, напрыклад, дзевяцьсот трыццаць сем на семсот дваццаць пяць, вокам не міргнеш — адказ гатовы. Нарабіла вайна праклятая. Рэдка і сям’ю такую знойдзеш, каб усё добра абышлося. Ды ці толькі людзей фашысты пакалечылі?! Паглядзіце вось — прырода пасля іх ніяк у сваю норму не ўвойдзе. Гэта ж некалі тут лясы, як звон, стаялі. Высеклі, вывезлі. Да вайны які краявід быў! Помню, прыязджаў аднаго разу да нас маскоўскі пісьменнік. Забыўся яго прозвішча, заўзяты такі паляўнічы, пра прыроду пісаў. Вось стаў ён на гэтым самым месцы, зняў саламяны капялюш, абапёрся на стрэльбу і доўга-доўга маўчаў. Потым кажа мне: «Я, Дзямід Сідаравіч, усю Расію аб’ездзіў, а нідзе яшчэ такой прыгажосці не бачыў. Нават ехаць адсюль не хочацца. Набудуем тут некалі санаторыяў. Будуць сюды прыязджаць людзі, лячыцца... Бо самы найлепшы лекар, прыгажосць прыроды». А цяпер вунь, бачыце, пагоркі лысеюць і як кінуць вокам адны кусты ды маладыя зараснікі. Калі дачакаешся таго лесу?
— Няўжо ўсё немцы высеклі?
— Усяго лесу не паспелі. Астатняе мы самі дабілі. Праўда, яго не так многа і заставалася.
— Дык як жа дазволілі? — абурыўся Леў Раманавіч.
— Эх, Лявон Раманавіч, хто б у той час не дазволіў... Ды тут кіламетраў на трыццаць ніводнай будыніны не засталося. Што ж, па-твойму, удовам пад адкрытым небам трэба было жыць? — Дзямід непрыкметна перайшоў на ты. — Чытаў мне нядаўна Грышка кнігу. Спачатку я думаў, пра наш калгас напісана. Слухаеш і злуешся: ну як гэта столькі промахаў можна дапускаць?.. I тое не так, і гэта не гэтак. А пасля я сам сабе падумаў: здалёк ды ў цёмным пакойчыку і сабака ваўком здаецца. А ты хоць бы на нашу гаспадарку зірні. Сам, напэўна, помніш, як я пагарэў у дзевятнаццатым годзе. Дзесяць гадоў біўся, дзень і ноч, лета і зіму сам, жонка, дзеці працавалі, на нішчымніцы сядзеў, а так на ногі і не стаў. А тут увесь раён згарэў, ніводнай жывёлінкі не было. Бывала, прачнешся ў зямлянцы ды думаеш, хоць бы певень запеў ці сабака забрахаў. Ціха, як у магіле, А вось жа, бачыш, і хата ў кожнага ёсць, і хлеў, і жывуць нічога... Паглядзі на дзевак: у шаўках на сенакос ходзяць. Калі гэта было?! А цяпер зірні: хлявы ў калгасе пабудаваны, клуб — ёсць, статкі кароў, авечак... Дык што яно з неба звалілася? Прыгадаў я ўсё гэта і падумаў: глянуў той чалавек на свет злосным вокам. Канешне, калі я некалі не меў адных добрых штаноў, дык мне вельмі хацелася мець іх, а займеў адны, дык падавай другія. Я вось цяпер адну з табой гаворку ўспомніў. На першым часе, як толькі калгас арганізавалі, я тады за старшыню быў. Касілі мы з табой сена ў лучках. Я табе тады дужа прыгожае жыццё маляваў. А ты вось, напэўна, паглядзеў на мяне і падумаў: брэшаш ты, Дзямід.