— Гэта не падумаў, а што вы пастухом сталі, крыху здзівіла.
— Вось-вось... Заўважыў я, як ты мяне з ног да галавы аглядаў. Чырвонагвардзеец, першы калгасны старшыня і раптам — пастух. Ты толькі падумаў, а некаторыя, як наш Дземідзенка, не саромячыся, у вочы мне пра гэта кажуць. А толькі, брат, справа не ў тым, кім ты на зямлі лічышся, а ў тым, як ты жывеш і працуеш. Быў я некалі старшынёй, дык мне гаварылі: «Разумны вельмі языком працаваць, а ты на нашым месцы папрацуй, тады, можа, інакш запяеш». Не ўсе так казалі, але былі такія і найбольш з тых, каму не падабаліся мае размовы. Думалі, што я з-за партфеля за савецкую ўладу гарой стаю. А я і цяпер за яе вочы выдзеру. I калі б зноў жыць пачынаць, дык іншай дарогі не выбраў бы. Мне і цяпер гонар і слава. Вось нядаўна сам Сяльчонак уручыў імянны гадзіннік.
Дзямід выняў з кішэні прывязаны на ланцужку гадзіннік, адшпіліў яго, падаў Льву Раманавічу.
— Не, Дзямід ад сваёй праўды не адмовіцца, — сказаў ён, і Леў Раманавіч раптам успомніў адзін далёкі, да часу забыты вечар.
Паўзмрок у хаце. Чырвоныя водбліскі лучыны. Размаляваныя марозам вокны. Бацька, доўгі, з вострымі крыламі лапатак, якія тырчаць з-пад кашулі, майструе для кірмаша ковы вазок. На падлозе мноства тонкіх, халодных стружак, якія маці падбірае і кладзе ў грубку. Вясёлае цяпельца ідзе ад агню. Калыска звешваецца са столі на доўгай вяроўчыне. Далёкі перабрэх сабак на вуліцы. Стук у сенцах. Клубы марознага паветра праз адчыненыя дзверы. Калі пара развеялася, Лявонка ўбачыў на парозе заснежаную чалавечую постаць. На ёй доўгае паліто з бліскучымі гузікамі, перавязанае папругай, і нейкая дзіўная востраверхая шапка, якая закрывае ўвесь твар — відаць толькі вочы, нос і рот. Там, дзе павінен быць лоб, палымнее вялізная пяцікутная зорка. Лявонка ад страху замірае, бо маці толькі што прыгразіла яму дзедам Запрудай, які можа яго забраць, калі ён не захоча калыхаць сястру. Ён з усяе сілы штурхае калыску, каб дзед Запруда бачыў, што маці памыляецца: Лявонка не такі ўжо дрэнны сын. Ад моцных штуршкоў Марына прачынаецца, лемантуе на ўсю хату.
— Эх ты, герой... — гаворыць чалавек: — Дзіця выкінеш.
Ён стрымлівае калыску, а чалавек вітаецца:
— Добры вечар у хату. Лучыну палім?
— Няма газы, — гаворыць маці. — Праходзь, Дзямід, садзіся.
Ён пачынае разумець, што гэта і ёсць Дзямід Пракуда, які нядаўна вярнуўся з Чырвонай Арміі. Але чаму ён не ўвесь чырвоны, а толькі адна зорка? Яму вельмі хочацца запытацца пра гэта, і ён абавязкова запытае, але трэба гушкаць гэтае крыклівае малое, ад якога ўвесь дзень няма адхланення.
— Сабе вазок мудруеш?
— Сабе і на розвальнях добра. Гэта тым, хто багацей за нас жыве,-- адказвае бацька, не пакідаючы стамескі.
— Так-так...
— Так — не так, а ператакваць не выпадае.
— Адно ператакнулі.
Лявонку незразумела тая гутарка, што вядуць старэйшыя, хоць ён стараецца не прапусціць ніводнага слова.
— Адваяваўся? — пытаецца бацька.
— Шыняля пакуль не скідаю.
— Замірыліся ж, кажуць? — устаўляе слова маці і бярэ на рукі Марынку.
Цяпер Лявонка вольны казак — рабі, што хочаш.
— Пачнем новае жыццё ладзіць, — адказвае Дзямід.
— Пакуль тое новае, — гаворыць бацька і прымайстроўвае да перадка выразаную з ліпавай дошкі рашотку.
— Думаеш, старое вернецца?
— Нашто яму варочацца. Само вырасце. Не паспееш аглянуцца, як тут будзе. Пані Залуцкую прагналі, дык, глядзіш, на яе месца Хведар Сапун лезе. Прамышляе, дзе б зямлі прыкупіць. Сваёй дваццаць дзесяцін, дык усё мала.
— Не купіць цяпер. Забаронена.
— Дзівак чалавек. За грошы ўсё можна купіць. Вунь Шумейчыха-ўдава ніяк не можа даць рады зямлі. Да яе, кажуць, падкідваўся. У долю лезе. А ці мала такіх, што зямля адолела. А ты кажаш...
— Чаго ж вы маўчыцё?
— Пагавары. А як хлеба да навіны не хопіць, куды папнешся? Зноў да Сапуна.
— Выходзіць, хоць саву аб пень, хоць пнём па саве.
— А ты як думаў...
— Не, браток, не за тое мы ваявалі, каб Сапунам вольна жылося, а вось за такіх, як ты, Шумейчыха, Асташкавы. Мацней нам трэба трымацца адзін за другога, тады і сам чорт не страшны будзе. Кажуць, што хаўрусам і пана лягчэй біць. Справіліся з Залуцкімі, дык і Сапунам дамо рады.
Тут Лявонка не вытрымаў, падышоў бліжэй і запытаўся:
— А чаму ты не чырвоны? Казалі, ты ўвесь чырвоны...
— У лазні, брат, адмыўся, — Дзямід прытуліў яго да сябе. — Вось, Раман, для іх мы жыццё заваявалі і на ногі яго паставім.
***
Прыгадалася ноч, хутчэй світанне той ночы. Тады ўжо бацькі не было. Яны ідуць з Дзямідам па шорсткаму, падмёрзламу за ноч снегу. Мігцяць зоркі. Цьмяна свеціць ветах. Хрусцяць пад нагамі тонкія шкельцы ільду, які пакрыў праталіны. 3 дахаў звісаюць доўгія ледзяжы капяжу. Пахне вясной. Абодва ўражаны і таму маўчаць. Толькі што закончыўся сход беднаты, і на ім чатырнаццаць сямействаў згадзіліся працаваць супольна. Арцель. Новае, непрывычнае слова. Такіх арцелей няма яшчэ ва ўсім раёне. Нарэшце Дзямід парушае маўчанне.