— Я вось іду і ўсё думаю, як заўтра ашалее Сапун. Рабочую сілу мы ў яго адабралі. Лета — бяжыць да Шумейкаў, Асташкаў, на жніво кліча. Касьба — да цябе, да Зайчыкаў. Малацьба — усіх збірае. I ніколі не спытаецца, а як у цябе: упраўка з работай ці не? I ідзеш, бо на прадвесні даводзіцца хлеб пазычаць. За трыццаць капеек увесь дзень без адпачынку жывот надрываеш.
— Ды яшчэ дзень за так працуеш, працэнты за тое, што гірсы пазычаў, адрабляць прыходзіцца.
— А калі ўсе ў арцель пойдуць — канец Сапуну. Што скажаш, не дарма ваявалі?!. Улада, брат, нашая...
I яшчэ ўспомніўся, але не вечар, а дзень. На выгане вылі Сапуновы нявесткі і дочкі, размазваючы па шчаках слёзы. Галасілі так, быццам адпраўляліся на той свет. Нецярпліва перабіралі нагамі сапуноўскія коні, не разумеючы, відаць, што апошні раз вязуць сваіх гаспадароў.
«Запалі, мама, свечку, выйдзі на сустрэчку», — раптам запеў вясельную песню п’яны Цярэшка. Некаторыя зарагаталі, на іх зашыкалі: няма чаго смяяцца. Тады ў Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна? Няхай бы адабралі зямлю, жывёлу, але пакінулі жыць тут. Гэтай думкай ён і падзяліўся з Дзямідам. Той доўга глядзеў на яго, моцна сцяўшы зубы, увесь белы, як палатно.
— Думаеш, мне лёгка? Сасунок. Ды я, можа, з дарагой душой пакінуў бы яго тут, — і раптам грымнуў басам: — А хлеў арцельны хто спаліў? Шняк? Ды ён каб сто гадоў думаў, да гэтага не дадумаўся б. Не, брат, ваўку з авечкамі ў адным хляве не жыць. Запомні гэта. Жаласлівасць у цябе. А думаеш, у мяне няма яе? Але маё сэрца па бедных збалела. I па багатых яно балець не хоча. Кінуліся ў бой — шкадаваць няма чаго. Ды і не мы першыя той бой пачалі. Ясна?
***
Леў Раманавіч вярнуў гадзіннік. Дзямід схаваў яго.
— Сваёй работай я задаволены, толькі вось малака мала. Не ведаю, можа цяпер з кармамі палепшае, кукурузу сеяць пачынаем, а то, брат, бывае такая бяскорміца, жах адзін...
Гэта якраз было тое, пра што ўвесь час хацеў распачаць гаворку Леў Раманавіч. I ён адразу ж выкарыстаў гэта. Дзямід слухаў уважліва, не перапыняючы яго, не выказваючы ні адабрэння, ні сваёй нязгоды. Льву Раманавічу нават здалося, што Дзямід нічога не разумее. Ён пастараўся хутчэй закончыць.
— Замахнуўся ты на вялікае... — Дзямід дапытліва паглядзеў на Алексіча, быццам выпрабоўваючы, чаго той варты. — А не лёгка будзе. I вось што я табе яшчэ скажу. Не ўсё адразу робіцца. Спачатку Балонне пераары, травамі засей, а пасля ўжо і за паплавы бярыся. Спакваля рабіць трэба. На ўсё і насення не хопіць. А на тое, каб Балонне засеяць, знойдзецца. Ёсць тут у мяне ўчастак...
— Дык жа самі ведаеце, што паплавы запушчаны. Чым паляпшаць такі луг, лягчэй пераараць яго ды канюшьшай засеяць.
— Яно многа што лягчэй... Вось я зёлкі збіраю. Капануў я травы і ўбачыў, што не ўмеем мы імі карыстацца. Тут усё ёсць для чалавека. А з траў пчолы мёд бяруць. Таму мёд лякарства. Не будзе траў — не будзе і мёду. Поплаў ты не трывож пакуль. Не ведаю, як там навука кажа, а мне, здаецца, усё вельмі проста. Некалі ў кожным хляве за зіму вазоў дваццаць — пяцьдзесят гною набіралася. А цяпер вунь Даміра выдумаў кожны дзень у хляве падчышчаць, і ніякага гною. Ну, сеюць мінералку, але ж яна, кажуць, хутка раствараецца. А бывала, гной яшчэ на другі год на паплавы вымывала. Вось таму і трава на іх лепшай была. Ці можа не так я кажу?
— Доля праўды ёсць.
— Вось бачыш. Хочацца мне, каб нашыя кароўкі малака давалі паболей. Ды вось аднаму цяжкавата, стары, відаць, стаў і здароўе не тое.
— А заатэхнік у вас ёсць?
— Ёсць, дзяўчына з інстытута. Дарэчы, Алексіч таксама, Вера Антонаўна.
Леў Раманавіч адчуў, як у галаву ўдарыла гарачыня, — гэта ж яго апошняе каханне.
VI
Даміру разбудзіў яркі прамень сонца, што пранік у свіран праз вузкую шчыліну ў падстрэшшы. Секануў па вачах, як ні круціў старшыня галавой, — не адстаў, пакуль не раскрыліся цяжкія з пахмелля павекі.
Спачатку Даміра нічога не бачыў — аслеп ад сонца. Потым угледзеў у кутку падвешаную да бэлькі касу і адразу ўсё ўспомніў. Як падсмалены, ускочыў, грукнуў плячом у дзверы. Яны не паддаліся. Доўга біў кулакамі: цяжкія дзверы гудзелі ад удараў, але не адчыняліся. У роспачы сеў на перавернутую ўверх дном бочку і толькі ўспомніў, што ў свіран залез з-пад падлогі: не хацеў ісці ў хату па ключы.