Выбрать главу

Пад свіранам пахла прэллю. Перш чым вылезці, Даміра высунуў галаву, азірнуўся — ці бачыць хто. Вуліца пуставала. Абіўшы з каленяў зямлю, ён, не заходзячы ў хату, падыбаў да трох бяроз, дзе прызначаны быў збор. Яшчэ здалёк убачыў, што там, апрача дзеда Сілявея, нікога няма. «Падвялі, гады, — вылаяўся Даміра. — Гарэлку піць прышлі, а касіць — нікога. Я ж вас падыму, пачакайце мне...»

Ён не ішоў — бег. Нізенькі, з перабітым носам дзед збочыў, спалохаўшыся перакошанага злосцю Даміравага твару. Каб паменшыць гнеў, паспачуваў:

— Ото ж людзі пайшлі, скажу я табе, Тарасавіч!.. Ну, як ёсць жывёліна няўдзячная: піць пілі, а цяпер хвастом накрыліся.

Даміра зыркануў вачыма, схапіў шворан, з усяе сілы пачаў біць па вагоннаму буферу. Сонную цішыню вёскі абудзіла звонкае блямканне. Дзед Сілявей затыкаў вушы, хаваў пляшывую галаву ў далонях. А Даміра ўсё біў ды біў па буферу, шэпчучы перасмяглымі вуснамі: «А вось жа разбуджу... Агоркне вам слухаць такую абедню...»

Хутка Даміра зусім аглух. Чуў толькі, як напаўняецца наваколле металічным звонам. Здавалася, усё прыціхла перад гэтым патрабавальным клічам.

Нехта разы са два тузануў Даміру за штаніну. Старшыня неахвотна азірнуўся, пашукаў вачыма таго, хто адважыўся перашкаджаць. Па-ранейшаму побач з ім быў толькі дзед Сілявей. Той глядзеў не мігаючы на Даміру ды раз-по-раз раскрываў рот, быццам выцягнуты на пясок мянтуз.

— Чаго табе? — крыкнуў Даміра і сам здзівіўся: уласны яго голас далятаў да вушэй аднекуль з падзямелля.

— Кінь, кажу, Тарасок, — запішчаў па-камарынаму дзед Сілявей. — Давай закурым лепей.

Абодва адышліся, селі на лавачцы, закурылі.

— Я табе, Тарасок, што скажу: бяры ты шворан ды не па бухверу гэтаму, а па загрыўку двух-трох стукні добранька — паглядзіш, пабягуць на паплавы. Разбандурыўся народ наш да чорцікаў. Ну, вось я да прыкладу: чалавек у гадах, праўнукаў дачакаўся. Па ўсіх правілах мог бы задам печку праціраць. А не хачу. Запытаешся: чаму? Зноў адказ дам — сумленне не дазваляе. Якога чорта ў цябе душа сялянская, калі ты, скажам, у сенакос за бабскую спадніцу трымаешся і ні на крок з хаты. Кажуць, мала атрымліваем на працадні. Дык адкуль жа яно будзе брацца?..

Даміра кінуў папяросу, рашуча ўстаў, паправіў салдацкую папругу.

— Вось што, дзед, пасядзі тут. Затрымлівай усіх. Скажаш, па майму загаду. Ясна?

— А ты куды?

— То не твайго розуму справа. Рабі тое, што задана.

— Гэта мы можам. Толькі ж сумнавата аднаму будзе.

— Чакай, кіню прышлю, ці, можа, артыстаў лепш, — Даміра прыжмурыў і без таго заплыўшыя вочы. — Калі ты мне толькі з месца скранешся — душу дастану...

Дзед Сілявей кашлянуў у кулачок, потым, адводзячы ў бок вочы, папрасіў:

— Папяросачак бы мне падкінуў, а кіно ты і сам месяцы два ўжо не глядзеў.

Даміра вылаяўся, але папярос даў.

I зноў, прыгнуўшыся да лукі сядла, насіўся ён па Закружжу, забягаў у хаты, пагражаў, угаворваў. Блізка к снеданню Даміра сабраў чалавек пятнаццаць касцоў. Выстраіўшы іх у шарэнгу, ускінуў на плячо касу, пайшоў наперадзе, шырока расстаўляючы ногі, быццам баяўся, што вось-вось пакаўзнецца і ўпадзе. Ззаду, збіўшыся ў кучу, уразнабой тупалі хмурыя, заспаныя касцы.

Учора выпіўка не закончылася Даміравым частаваннем. Прынеслі самагонкі, бражкі, і многія разышліся па хатах перад узыходам сонца. Якая ўжо тут касьба!

Яшчэ здалёк касцы ўбачылі на поплаве людзей. Мужчыны схамянуліся, прыўзнялі апушчаныя плечы, загаманілі:

— А ты, Даміра, баяўся. А тут — глянь!

— Косяць то яно косяць, ды і нас просяць.

— Камсамольцы косяць.

— А ты і рады!..

— Яму абы паспаць.

— Сапраўды, сорам нам.

— Не дым, вочы не выесць.

— Табе і дым нічога не зробіць. Прывык самагонку гнаць.

Першым у пракосе стаяў Лёнька Зайчык. Ён увішна махаў касой, прасякаючы ў траве шырокі чысты пракос. Следам за ім ішло яшчэ з дзесятак хлопцаў. Крыху далей касілі дзяўчаты: Ніна Шумейка, Ліда Раковіч, Зіна Асташка, Ева і нават настаўніца Наташа Кароткая. Як толькі мужчыны ўзышлі на поплаў, моладзь перастала касіць.

— А-а-а, паповы работнікі ідуць!.. — першай не выцерпела Ніна Шумейка.

— Чаго нам спяшацца, калі вы тут...

Дзяўчаты зашумелі, з хлапечай кампаніі нехта свіснуў у пальцы.

— Абібокі!..

— Лодыры...

— Ды мы вас у адзін мах абгонім.

— Знайшоў па сіле... Ты лепей з Дамахай Кузьмовай пазмагайся.

— А цю, ён пакуль дайшоў — замарыўся, пот цурком лье.

Мужчыны бачком абышлі камсамольскую брыгаду. Даміра быў рады. Папала ім — і добра... Няхай адчуюць. Калі крытыкавалі другіх, старшыня заўсёды задаволена ўсміхаўся.

Ён падышоў да рэчкі, абкасіў бераг і, пачаў валіць у пракос густую асакаватую траву. Хутка на поплаве чуўся толькі мерны посвіст кос.