Выбрать главу

Абсыхала раса на красках. Усё болей прыпякала сонца. Прападала ранішняя прахалода. Тым мацней нылі рукі і паясніца, салёна-горкі пот наплываў на вочы. Касцы даўно пашумлівалі, каб пайсці дадому, але Даміра адмоўчваўся, толькі злосна соп, калі няўмеру хто-небудзь пачынаў дакучаць з адпачынкам.

Не кідалі касіць і камсамольцы. Упарыліся, але не здаваліся. Няхай не думаюць, што ў моладзі мала сілы!..

***

Леў Раманавіч доўга глядзеў на руплівы людскі муравейнік. Пад яркім сонцам постаці касцоў былі асабліва добра відаць: маленькія, але ўвішныя і ўпартыя, яны нястомна махалі косамі, спыняліся на хвіліну, каб памянташыць іх, і зноў махалі, махалі...

I касцы даўно заўважылі Алексіча. Многія радасна ўздыхнулі: цяпер можна будзе адпачыць. Леў Раманавіч падышоў спачатку да моладзі. Узяў у пляменніцы касу, перавязаў вышэй мульніцу. Пракос у яго быў шырокі, удвая шырэй Зінінага. Усе глядзелі, як косіць сталічны вучоны.

Крокаў праз некалькі Леў Раманавіч адчуў, як моцна забілася сэрца, а па спіне паплылі ручайкі поту.

— Адвык, — прызнаўся ён, і ад гэтага прызнання, шчырага і непасрэднага, усе адчулі ў ім свайго чалавека.

Падышлі мужчыны. Кожны вітаўся за руку. Апошні падышоў Даміра.

— У госці да нас? Калі ласка, рады вучоным, тым болей, што яны рэдкія госці ў калгасах.

Усім зрабілася няёмка ад такой даміраўскай праматы. Выручыў дзед Сілявей. Ён увесь час таптаўся на месцы, не знаходзіў зручнага моманту, каб спрытней можна было ўлезці ў размову. А яму вельмі хацелася расказаць прд адзін даўні выпадак.

— Некалі з тваім бацькам, царства яму нябеснае, ехалі мы з Пяцінкі. Пад Пяцінкай тады славутыя кірмашы былі. Хто багацей, прыязджаў маліцца богу, ну, а такія, як мы — голь перакатная, вазілі туды тавар прадаваць: лыжкі фарбаваныя, калаўроты, свісцёлкі розныя. Склаліся мы, значыцца, купна, каб двух коней на ганяць. Худа-руда прадалі тавар, выпілі з гора кварту гарэлкі на двух і не спяшаючыся едзем дамоў. Абвечарэлі ў дарозе, а тут яшчэ хмара насунулася. Цёмна, хоць вока выкалі. Я кажу: «Заначуем, Рамане, а то чаго добрага, яшчэ пярун заб’е». А твой бацька не згаджаецца. Вельмі яму дамоў хацелася. Дабраліся неяк да Сінюхі. У сухое лета яе куры ўброд пераходзілі, а то аж раве і маста няма — знясло. Пайшлі брод шукаць, толькі дзе яго знойдзеш, калі цемра непраглядная, а зверху ілье, як з пажарнай кішкі. Пачалі пераязджаць раку, перадок ударыў каня па нагах, ён і ўпаў у ваду. Як мы яго выцягнулі, самі не помнім. Садралі скуру, ды пехатою і прышлі дамоў. Вось тады Раман і захварэў на сухоты, прастыў вельмі. А людзі яшчэ выскаляліся, быццам мы абодва п’яныя былі, таму і каня страцілі.

Дык я чаму тое ўспомніў. Некалі так лічылі, калі бедны, дык абавязкова дурны і п’яніца. А мы вось якія вышлі. Нам толькі дай за жыццё ўхапіцца. Хоць бы я, к слову сказаць, жабрак быў. Бывала, прывітаюся з багацейшым — не адкажа, а цяпер вунь сам таварыш Сяльчонак руку падае.

Мужчыны ўсміхаліся.

— Ну, ты, дзед, завёў шарманку,— не вытрымаў Даміра. — Госцю не цікава слухаць пра тое, што было.

— Нават вельмі цікава, — Леў Раманавіч па-сапраўднаму быў узрушаны. — У Закружжы мне ўсё дарагое. Таму і прыехаў сюды. Не ў госці, а каб жыццё лепш ладзіць. Паплавы хачу палепшыць. Канешне, без вас нічога не зробіш. А калі разам пачнем — многае дасягнем. Хіба вось гэта сена... Званец. Наедак з яго дрэнны. А канюшына тут расла б. Быў я сёння на Балонні: чорнагалоўка, зязюльчын лён, лаза ніцая — пустка.

— Балонне спрадвеку такое.

— Помню. Некалі балота было. Але на тое мы калгасы стварылі, каб лягчэй было зямлю пераўтвараць. Зямля квітнець павінна. Кожны кавалачак яе чалавеку мусіць служыць.

— Сілы няма.

— Людзей не хапае.

— Многія ў горад бягуць.

— Моладзь бяжыць.

— Старыя не адстаюць.

Леў Раманавіч перачакаў, пакуль надціх шум.

— Дзіўнага нічога няма, што ў горад бягуць. Помніцца, да вайны не вельмі ахвотна ішлі на будоўлі. Цікавага там было мала. Цэглу на спіне насілі. Работа сумная. А цяпер вось такая кірпаносая дзяўчынка — кранам кіруе. Цікава! Горад мяняецца.

— У нас, дарагі таварыш, таксама змены вялікія. Трактары, машыны, камбайны. Такшто вы наконт нашай адсталасці памыляецеся,— Даміра шматзначна змоўк.

Зноў наступіла няёмкае маўчанне. Усе чакалі, што адкажа Алексіч.

— Тэхнікі многа, гэта праўда. Але тэхніка пакуль не ўсюды. Вось дзяўчаты пайшлі на фермы. Чуў я, узяліся горача за работу. А пройдзе год — надоі не павялічацца, аднастайная праца абрыдне. Што тады будзе? Ад гэтага сена малака на ферме не прыбавіцца. А калі б мы далі каровам сена, канцэнтратаў, сіласу колькі хочаш, дык жа даяркі дабіліся б такіх поспехаў, што вы, таварыш Даміра, і не снілі.