— А я што казаў!.. — Лёнька Зайчык пераможна глянуў на Наташу Кароткую. — Гэтае самае. Патрэбны маштабы, і, наогул, моладзь на ўсё згодна.
Старэйшыя стрымана маўчалі, паглядалі на Даміру. Пад іх поглядамі Даміра рос, адчуваючы сваю перавагу над гэтым вучоным чалавекам. Урэшце, усё залежыць ад яго. Скажа, што ён згодны — і заўтра будуць пераараны паплавы. Не скажа — усё застанецца, як было. Даміру хацелася сказаць, што ён дае сваю згоду. У той жа час ён баяўся памыліцца. Ці мала ёсць людзей, якія любяць рабіць вопыты, хаваючыся за чужую спіну. Даміру выручыла Ева:
— Камсамольцы, канешне, згодны. Толькі, каб райком камсамола рашэнне прыняў.
Даміра падтрымаў Еву.
— Наконт паплавоў і я скажу: будзе рашэнне — не толькі паплавы, а ўсё канюшынай засеем. Вось так. А пакуль работы ў нас хапае. Ну, пайшлі касіць. Адпачнулі і годзе. Ад размоў толку мала.
Ён першы пайшоў да свайго пракосу. Узяў касу, разы са два касянуў, потым пачаў мянташыць. Калгаснікі не разыходзіліся, стаялі каля Льва Раманавіча, збянтэжаныя няветлівым учынкам Даміры.
— Ты, Раманавіч, на яго не зважай, — дзед Сілявей першы адважыўся парушыць маўчанне. — Ён у нас чалавек зменлівы, як надвор’е ўвосень. Яго, як тую больку, кратаць нельга. Ды і то сказаць, давялося чалавеку перажыць за пяцёх. I цяпер нясоладка. Людзі спачуваць не хочуць. А тое, пра што ты расказваў, палохае. Тут работы і без таго да самай суботы. Канюшына, вядома, справа прываблівая. Ну, а калі не ўправімся?
— Чаму мы не ўправімся? Ды моладзь на сябе ўсё возьме. Праўда, хлопцы? — Лёнька не доўга чакаў ад сяброў адказу. Усе загаманілі наперабой.
— Вядома.
— Узялі шэфства, дык ужо да канца.
— Правільна.
Лёнька, калі сціх шум, прадоўжыў:
— I Даміра астыне крыху, пагодзіцца. Калі ўсё пойдзе ладам ды жывёлагадоўля ўздымецца, яму ж першаму пашана будзе. I лаяць перастануць.
— Ды ён і цяпер толькі так, для выгляду. Не ведаеце вы яго, — Леў Раманавіч здзіўлена паглядаў на мажную постаць Ніны Шумейкі, якая гзтак горача абараняла Даміру.
— У кожнага чалавека свой характар, — сказаў ён, — толькі адзін умее ім кіраваць, а другі не. А вось у вас, моладзь, наш характар. Адчуваю, што з вамі мы так крута павернем справу — дзівіцца навокал будуць. Пройдзе год, і вось у такую пару на месцы купкаватага Балоння будзе прасцірацца зялёны дыван з яркіх ружовых кветак канюшыны. I не косамі будуць касіць траву, а машынамі. Ды не адзін, а два ўкосы можна будзе рабіць. Тады ўжо не па тысячы літраў малака можна будзе надойваць ад каровы, а па чатыры-пяць тысяч...
Алексіч бачыў, што позіркі, дасюль скіраваныя на яго, раптам скіраваліся ўбок. Прадаўжаючы гаварыць, ён павярнуў галаву і тады ўбачыў Веру Алексіч — сваю другую жонку. Яна ішла павольна, апусціўшы галаву, згорбіўшы плечы, быццам несла які цяжар. Леў Раманавіч не разумеў, чаму ўсе з такой цікаўнасцю паглядаюць на Веру. Раптам ён пачуў, як за спіной дзявочы голас сказаў:
— I не сорам ёй вачэй паказваць.
Лёнька сыкнуў:
— Самім сорамна. Напалі на чалавека...
Не дайшоўшы некалькі крокаў да касцоў, Вера спынілася. Яе сінія вочы здзіўлена і збянтэжана пазіралі на Льва Раманавіча. Адкуль ён паявіўся? Няёмкае маўчанне зацягвалася. Леў Раманавіч бачыў насцярожаныя позіркі сваіх аднавяскоўцаў, разгубленасць Веры.
— Добры дзень, Вера Антонаўна, — сказаў ён. — Чаму не вітаешся са сваім былым настаўнікам? Я, ці бачыце, выкладаў у інстытуце адзін час, і Вера Антонаўна была маёй студэнткай.
Сінія вочы сказалі вучонаму, што іх гаспадыня ўдзячна яму.
— А мы тут надумалі паплавы на свой лад перайначваць. Вы некалі захапляліся праблемай кармоў.
Сухі язык не слухаўся Веры. Голас прапаў. Толькі ў галаве віхурыліся думкі. «Чаму ён прыехаў?»
VII
Перад світаннем наляцела навальніца. Буйны цёплы дождж змыў шызаваты пыл. Адразу ўсё павесялела і, як толькі ўзышло сонца, над зямлёй закурэла блакітнаватым дымам пара.
Сяльчонак прачнуўся ад першых удараў грому. Ляжаў на спіне, слухаў, як звоняць дажджавыя кроплі па шыбах. Побач соладка спала жонка. Напоўраскрытыя паўнаватыя вусны ўсміхаліся ў сне той прываблівай усмешкай, якая некалі растапіла яго сэрца. Маленькая сіваватая пасмачка, аддзяліўшыся ад чорных падвітых валасоў, какетліва ляжала на белым ілбе, ужо збараджоным зморшчынамі. Сяльчонак адкінуў гэтую пасмачку, жонка спрасонку паварушыла вуснамі, відаць, адчуўшы яго ласку. Хацелася пацалаваць у вусны, але пабаяўся разбудзіць яе. Няхай спіць. Сам Сяльчонак не любіў спаць позна. Падымаўся на золаку нават тады, калі не было асаблівай работы.