Некалькі гадоў назад яму даводзілася не соладка. Кожны раз заседжваўся ў райкоме да трох, а то і да чатырох гадзін ночы. Іншыя потым спалі да паўдня, а ён не мог. Роўна ў дзевяць прыходзіў у райком, а ўставаў яшчэ раней, з цяжкасцю выкройваючы якіх-небудзь тры гадзіны, каб паспаць.
Цяпер насталі іншыя часы. Прыходзіў з райкома, чытаў, а то і проста адпачываў на мяккай канапе. Хоць, шчыра кажучы, сапраўднага адпачынку не было: не мог пазбавіцца клапатлівых ліпнучых думак. Ім не было ніякай справы да таго, што змораны, што глядзіш кіно або чытаеш кнігу. Лезлі і лезлі сляпіцай у галаву. Хто і калі ўлічыць гэтую нябачную работу думак? Чым і як можна вымераць яе? А вельмі часта іменна вось у такія гадзіны адзінокіх роздумаў вырашаліся вялікія справы.
Сяльчонак асцярожна вылез з-пад коўдры, вышаўшы ў калідор, зрабіў некалькі нескладаных гімнастычных практыкаванняў. Як і ранні пад’ём, гімнастыка была старой армейскай прывычкай.
На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Акуратна праполатыя градкі лапушыліся густым бацвіннем радыса, далікатнымі лапкамі морквы, густым гурочнікам і доўгім пер’ем цыбулі. Сяльчонак сеў на лавачцы, падставіў пад сонца твар. Кволыя ранішнія праменні прыемна лашчылі яго. З пад апушчаных павек Сяльчонак назіраў, як прачынаўся гарадок. 3 жалезнага коміну электрастанцыі марудліва падымаўся ў празрыстае неба шызаваты дым. Хутка па правадах пабяжыць злектраток, і тады загудуць станкі ў МТС, пачнуць працаваць машыны ў швейнай арцелі, з віскам будзе ўгрызацца цыркулярка ў сасну. Усё гэта маленькія прадпрыемствы, пра якія не гавораць на вялікіх нарадах. Але ў кожным з іх пульсуе, трапеча жыццё. Людзі выконваюць планы, дамагаюцца нечага свайго, можа і незначнага, але вартага. Потым думкі сакратара пабеглі далей, на прастор калгасных палёў.
«Добра як! Яравыя паправяцца, — думаў Сяльчонак. — Трава таксама. Такая падсада пойдзе! Каб можна было б яшчэ з тыдзень пачакаць. Толькі не. Тады не ўправімся, зноў не скошаныя застануцца паплавы. Трэба пачынаць зараз жа.
Сяльчонка каторы ўжо год запар непакоіла думка з кармамі. Здавалася б, дзе, як не ў іхнім раёне, павінна было хапаць кармоў. Іх паплавы і сухадолы славіліся на ўсю рэспубліку. Але неяк здаралася, што сена не хапала. Збіралі нарады, заслухоўвалі людзей на бюро, вышуквалі мноства прычын, накшталт тых, што, маўляў, вырасла пагалоўе, што не спрыяе прырода і таму паплавы не даюць вялікіх ураджаяў, — але сена ад таго не прыбаўлялася.
Позірк Сяльчонка спыніўся на разлапістай яблыні. Высока, на самай верхавіне, залацілася павуцінне. Прадаўжаючы думаць пра паплавы, Сяльчонак схадзіў у хлявок, насыпаў у марлевую анучку дусту, навязаў мяшочак на доўгую палку, асцярожна пачаў апыляць заражаныя вусенямі сучкі.
«Абавязкова загляну ў сады. Каб часам не забылі апылкаваць. Колькі тых садоў... За вайну, ды і пасля нямала было загублена яблынь, ігруш, вішань, сліў. Некалі сюды прыязджалі па садавіну з Масквы і Ленінграда, а цяпер не хапае самім. Вось бы насадзіць у кожным калгасе сады!.. Хоць бы гектараў па дзесяць. Ды завесці пчол... Чаму нельга?.. Можна ўсё зрабіць. Трэба толькі як след узяцца за гэта».
Сяльчонак у думках спрачаўся са Старыковічам, старшынёй райвыканкома. На кожную новую прапанову сакратара райкома Старыковіч знаходзіў сотні розных прычын, якія зводзілі на нішто прапановы Сяльчонка.
— Ты, Сяргей Паўлавіч, напалеонаўскімі маштабамі ўсё мераеш,— казаў звычайна Старыковіч. — Ну, возьмемся мы садзіць сады... Людзей ад асноўнага занятку адцягнем. За сады, братка мой, нешта я не чуў, каб здымалі з работы. А вось калі з сяўбой альбо з уборкай бульбы правалімся — песенька наша будзе спета.
I ён пратэставаў, нават ездзіў у вобласць, скардзіўся. 3 работамі і сапраўды была няўпраўка, мусіць таму Старыковіч перамагаў. Сады садзілі. Але як?.. Не было такога размаху, які заўсёды ўяўляўся Сяльчонку.
«Трэба нешта новае прыдумаць, — думаў Сяльчонак. — Вялікія справы выклікаюць вялікі энтузіязм. А мы топчамся на адным месцы. Сумна і нецікава. Людзі працуюць з неабходнасці, а не па закліку сэрца. Мы павінны падымаць, натхняць, захапляць людзей навізной і грандыёзнасцю задач. Тады знойдуцца энтузіясты. Не, таварыш Старыковіч, вялікія справы павялічваюць сілы, а не памяншаюць іх. Усё залежыць ад людзей!»
Ад думак Сяльчонка адарваў гулкі перастук калёс па бруку. Сакратар раптам убачыў, як па вуліцы, сцёбаючы каня, праехаў Даміра. Седзячы ў перадку, Даміра раз-по-раз кратаў лейцы і злосна махаў пугай над конскай спіной.
Конь, Даміра і ўся фурманка хутка схаваліся за павароткай. Толькі тады Сяльчонак успомніў, што выклікаў сёння Даміру ў райком. Артыкул у газеце настроіў сакратара ваяўніча. Хопіць. Ці ж можна далей цярпець такое?!