Выбрать главу

— Чаму?.. Цікава. Лёс гэтага хлапчука падобны на мой уласны.

— Гэта вельмі прыемна. Тады дазвольце яшчэ раз пазнаёміцца: той хлапчук — я. Я, уласна, наконт сенажацей нашых. 3 імі звязана ўсё маё маленства. Некалі я ганяў у поле скаціну і вельмі палюбіў паплавы. Мне здавалася тады, што замах на паплавы — самы найцяжэйшы грэх. I вось я прышоў цяпер да вас з просьбай — памагчы мне знішчыць паплавы. Так-так, знішчыць, каб пасля, падобна птушцы фенікс, яны ўваскрэслі зноў. Карацей кажучы, у мяне ёсць план карэннага палепшання паплавоў. I калі вы хоць крыху зацікаўлены ў гэтым, бяруся расказаць вам пра яго.

Леў Раманавіч адкінуўся на спінку крэсла, дапытліва паглядзеў на Сяльчонка. Той, адчыніўшы шуфляду, шукаў нешта сярод папер. Потым, выцягнуўшы адну з іх, паклаў перад сабой.

— Прадаўжайце, — папрасіў ён.

Леў Раманавіч абвёў вачыма кабінет, спыніў свой позірк на плане, што вісеў на сцяне. Устаўшы, узяў аловак, падышоў да плана.

— Калісьці я марыў пра тое, калі вярнуся ў сваё роднае Закружжа і пачну пошукі таго скарбу, што схаваў дзед Запруда. Знайду яго і аддам людзям. Крыху пазней, ужо на рабфаку, я зразумеў, што ніякага скарбу няма. Тады я пачаў марыць пра тое, як пачну шукаць карысныя выкапні, знайду іх, і стане маё Закружжа славутым на ўвесь свет. Лёс, аднак, зычыў мне нешта іншае: я паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. Здавалася, прышоў канец хлапечым марам. Які з заатэхніка геолаг! Але летуценнасць не пакідала мяне. Аднойчы пачутая легенда пра Запруду і яго золата не давала мне спакою. 3 думкай пра скарб прайшоў я ўсю вайну. Пасталеў, як і ўсе мы за гэты час. Зноў, здавалася, канец юначым марам. Аж не. I вось тады я сказаў сабе: а скарб усё ж ёсць. Я знайду яго. I ён сапраўды ў нашых руках. Гэта нашы паплавы.

Я хадзіў па іх і думаў, што яны і ёсць той найцудоўнейшы скарб, на які ўказаў людзям Запруда перад сваёй смерцю. Ляжыць гэты скарб некрануты. Не заўважаючы таго, мы бярэм з яго толькі невялічкія часцінкі, што паяўляюцца на паверхні. А людзям патрэбны ўвесь скарб. Варта працягнуць рукі, і ён будзе ў людзей. Але аднаму чалавеку ён недаступны. Яго могуць здабыць не адзіночкі, а — калектыў. Вось таму я і прышоў да вас. Мне здаецца, што вам і трэба ўскалыхнуць людзей на пошукі гэтага скарбу.

Леў Раманавіч забыўся, дзе ён. Словы ліліся плаўна і лёгка. Здавалася, перад ім сядзіць цэлая аўдыторыя дапытлівых, цікаўных людзей. Вось яны зараз падымуцца і рушаць за ім. Змоўкнуўшы, ён убачыў Сяльчонка. Той загадкава ўсміхаўся.

— Прабачце, —сказаў ён, — я вельмі захапіўся.

— Кажуць, што выпадковасць дрэнны слуга, але няхай часцей здараюцца вось такія выпадкова-сці, — Сяльчонак падышоў да Льва Раманавіча, узяў яго руку, моцна паціснуў яе. — Я толькі сёння думаў пра паплавы. Я не ведаю яшчэ канкрэтнага плана, але мне здаецца, што ён у вас ёсць, і ажыццяўленне. яго паможа нам вырашыць тую праблему, якая ўжо наспела.

Узяўшы Алексіча пад руку, Сяльчонак падвёў яго да стала.

— Возьмем канкрэтны прыклад: зону Закружскай МТС. Пяцьсот гектараў паплавоў дадуць сёлета шэсць тысяч цэнтнераў сена. Чатырыста гектараў сухадольных сенажацяў дададуць яшчэ тры тысячы. 3 Балоння, імшараў і балот, якіх амаль столькі, колькі паплавоў і сухадолу, калгасы атрымаюць трэцегатунковага корму яшчэ тысячы чатыры цэнтнераў. Усяго пятнаццаць тысяч. На тысячу кароў, паўтысячы коней і паўтары тысячы авечак — гэта мала. А далей глядзіце, што атрымліваецца. Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Ад такога сена надоі малыя, і вынік — літр малака ў нас каштуе чатыры рублі. А калі б мы маглі ўдвая павялічыць пагалоўе ды ўдвая павялічыць надоі, дык тады літр малака каштаваў бы пяцьдзесят капеек. Сапраўды, залаты скарб... Чатыры гады я ў раёне, а вось не чуў пра Запруду. Усім цікавіўся, толькі не легендамі. А яны аказаліся самай звычайнай явай. Прабачце, я перапыніў вас, але гэта толькі пацвердзіла вам, як зацікаўлены я ў вырашэнні той задачы, якую надумалі ажыццявіць вы. Дарэчы, пачакайце... Што я слухаю адзін!.. Зараз паклічам таварышаў, раскажыце ім усё так, як і мне. Няхай паслухаюць.

Сяльчонак паклікаў сакратарку. Увайшла круглатварая маладзенькая дзяўчына, спынілася ля парога, чакаючы загаду.

Леў Раманавіч папрасіў:

— Што вы, я не рыхтаваўся.

— Нічога. Так нават лепей. Вось што, Аня, выклікайце членаў бюро. Ліпанаву таксама. Каму-каму, а ёй работы будзе. — А калі сакратарка пайшла, растлумачыў: — Будзем арыентавацца на моладзь. Яе лягчэй запаліць на такую справу. Камсамол, дарэчы, узяў шэфства над жывёлагадоўляй. А тут і рамантыка, асабліва, калі паслухаеш вас.