Ніна правяла іх да калёс, захутала Анюту ў Даміраў кажух, потым адчыніла вароты. Даміра крануў лейцы, застаялы конь лёгка выкаціў калёсы на бязлюдную вуліцу.
Ніна, як сонная, зайшла ў хату. Волечка падбегла да яе, абхапіла за ногі.
— Куды маму павезлі?.. — хліпала яна.
— У бальніцу, Волечка. — Ніна пагладзіла дзяўчынку па галоўцы.— Не трэба плакаць, родненькая. Бачыш, Коля меншы, а не плача. Вось зараз мы ляжам...
Яна падняла Волечку, пасадзіла на ложак. Падышоў Коля, прытуліўся да рукі. Яго маленькае цела дрыжала.
— Ты нас не пакінеш?
— Не, з вамі буду.
Проста ў плацці яна лягла на ложак, дзе спалі дзеці. Яны прытуліліся да яе і хутка заснулі. А Ніна не спала. Усё думала аб тым, што сказала Дамірава жонка. I чым больш яна думала, тым больш дзіўным здавалася ўсё пачутае.
Потым яна выпаліла ў печы, зварыла сняданне, накарміла дзяцей. Падумала: «Добра яшчэ, што не трэба ісці на кашару». Але следам неўтаймаваная крыўда сціснула абцугамі грудзі.
Прышла Зіна Асташка. Пабліскваючы акулярамі, запыталася:
— Ёй вельмі кепска?
— Ну, так.
— Шкада, добрая жанчына... А ты чаму на кашару не ходзіш?
— Няхай Ева за мяне працуе, абрыдла.
— Сама таксама вінавата.
— Ты чаго прышла? — у Ніны на пераносіцы рэзка абазначылася глыбокая доўгая складка. — Маралі чытаць?.. А ці запыталася: хачу я іх слухаць або не?
Зіна прысела, усміхнулася. Ніна паступова сцішылася.
— Ты, Ніна, як той матылёк-шкляніца, толькі з выгляду на шэршня падобная, крычыш, а не ўкусіш. Я цябе даўно разгадала: душа ў цябе лагодная, мяккая.
— Не твая справа.
— Ліпанава сёння прыехала. Сход збірае, кожная даярка будзе абавязацельствы браць.
— Бярыце, а мне што?
— Ты таксама даярка.
— Выгналі...
— Ніхто цябе не выганяў.
— На сход не пайду, так і перадай Еве. Гэта яна цябе паслала—ведаю.
— Вось жа прыдзеш.
— Не, нават кроку не зраблю.
Зіна пайшла, а Ніна села на ложак і заплакала. Падышла Волечка, запыталася:
— Хто вас пакрыўдзіў, цётачка?
— Ніхто. Сама сябе крыўджу. Ідзі гуляй.
Пасля абеду прыехаў Даміра, пахмуры і злосны. Распрог каня, шыбануў збрую ў куток. Накасіў у садку каню канюшыны, моўчкі зайшоў у хату. Ніна, спяшаючыся, налівала абед. Дваістае пачуццё не пакідала яе ўвесь час. Даміра пазіраў з-пад ілба, левае павека раз-по-раз нерзова краталася.
— Ты вось што, — пачаў ён ціхім, глухім голасам, — забудзь, што яна гаварыла. Чалавек у роспачы, ну і, канешне, пра дзяцей думае... А толькі ад мяне ніякіх намёкаў ніколі не было. Я сваёй Анюце да магільнага курганка чалавек адданы. I дзяцей сам выгадую.
Чырвань заліла Нінін твар. Ёй было сорамна. I ў той жа час радасна, што Даміра іменна такі чалавек, якім яна яго ўяўляла.
На развітанне сказала:
— Калі будзе якая патрэба, дык не саромцеся, заўсёды памагу.. А наконт размовы той, дык я і сама так думала.
Даміра нават не ўзняў галавы.
IX
У маленькай хатцы, схаванай пад шатамі старой ліпы, было халаднавата. Праз густую лістоту векавога дрэва ў пакой пранікалі круглыя, як пятакі, плямкі. На чыстай падлозе яны выткалі дзівосны карункавы ўзор.
Ліпанава прывіталася, але ёй ніхто не адказаў. 3-пад ложка вылез пушысты белы кот, пацёрся аб нагу, раскрыў рот, але мяўкаць паляніўся.
Выгнуўшы дугой хвост, пайшоў пад ложак. Тамара не ведала, што рабіць, але тут з-за печы паказалася бабульчына галава: бальшаваты нос, пад якім чорнай складкай туліўся сціснуты рот. Ліпанава прывіталася яшчэ раз.
— Праходзь, калі ласка, — бабуля зусім вылезла з-за печы. — А я ўсю ноч не спала, цяпер прыдрамнула крыху.
— Зайшла праведаць вас.
— I на тым рады.
— 3 унучкай жывяцё?
— Удзвюх. Ды ты праходзь. Не пазнаю — чыя будзеш? Вочы слабавата бачаць, ды і людзей цяпер новых шмат. Даўней я ўсіх ведала. Бывала, у мяне пыталіся, калі хто нарадзіўся, — усіх помніла. А цяпер, вунь, рахункавод людзей на лічыльніках лічыць. Як, па-твойму, гэта?
— То добра, што народу многа. А мяне вы не ведаеце. Я — сакратар райкома.
Старая недаверліва паглядзела на Ліпанаву.
— У нас жа, здаецца, мужчына партыйнымі кіруе.
— То, бабуля, сакратар райкома партыі, а я ў райкоме камсамола за сакратара. 3 моладдзю, значыць, працую.
— А з імі яшчэ цяжэй. Мая ты дзетухна залатая, такая маладзенькая і столькі клопату на твае плечы ўскладзена!.. Тут вось з адной Нінай ніяк не зладжу.
— Нічога, бабуля, выдужаем.
— Яно так. Змоладу ўсякая ноша лёгкай бывае. А ты, можа, да Ніны? Яна ў старшыні нашага на гаспадарцы. Жонка ў яго занядужала, а дзеці малыя. Сам жа ўвесь дзень матляецца, работа ў яго катаржная.