— Ці не ведаеце вы, часам, чаму Ніна перастала на ферме працаваць?
— Ды што ты кажаш?.. Каб Ніна кінула работу — такога і ў сне не ўгледзіш. Хіба мо паспрачалася з кім.
— 3 заатэхнікам.
— Пакрыўдзіла?.. У каго ўдалася — не ведаю. Бацька з маткай былі рахманыя, слова наперакор не сказалі нікому, а Нінка не па іх. Думаю, вайна яе такой зрабіла. Няхай яна, вайна гэтая, на сухі лес.
Ліпанава ўспомніла, як аднаго разу Сяльчонак расказаў ёй: «Эканоміку падлячылі, а пра чалавечыя душы, пакалечаныя вайной, забыліся. Вайна людзям прынесла нязлічоныя бядоты. Тыя раны, што на целе, — загаіліся, а пад імі другія крываточаць. У аднаго бацьку забілі — на ўсё жыццё след застаўся. У другога — нявесту змардавалі, а сэрца не маўчыць. Ці мала чаго за вайну здаралася. У кожнага яна след пакінула. Ды не абы-які. Ваенныя каляіны па дарогах травой параслі, а вось тыя, што ў душы, забыццём не зарастаюць. Таму да кожнага чалавека прыглядацца трэба. Нядаўна скардзіўся мне адзін старшыня на сваю калгасніцу. Матэрыял на яе ў суд перадаваў. Выцяла яна яго чапельніком. А ў гэтай жанчыны немцы траіх дзяцей спалілі. Не жанчына — а камяк нерваў. Параіў яму не падаваць у суд. Да такіх людзей — асаблівы падыход патрэбны».
Увайшла Ніна, глянула нялюба на Ліпанаву, быццам тая была вінавата ва ўсім.
— Што ж ты, Ніначка, не здароўкаешся? — бабуля, як тая сарока, хуценька пацёпала на кухню. Адтуль нейкі час чуўся шэпт: адзін — старэчы, лагодны, паблажлівы, другі — малады, злосны, адрывісты.
Кожны раз, калі даводзілася весці размову па якой-небудзь надзвычай далікатнай справе, Тамара Ліпанава старанна абдумвала, з чаго яе пачынаць. I ўсё ж часта памылялася: або гаварыла такія словы, якія зусім не краналі чалавека, або яшчэ горш — выводзілі яго з раўнавагі.
Колькі за гэтыя гады было зроблена памылак! Таму і абдумвала Ліпанава, што яна будзе зараз гаварыць Ніне.
Пасля доўгага шушукання на кухні Ніна паявілася ў пакоі: галава ў яе была апушчана, вочы пазіралі неяк скосу.
— Яршыстая ты, Ніна...
— Такая ўрадзілася.
— Нарадзілася ты другой.
— Адкуль вы ведаеце?
— Ды ўжо ж ведаю. На сход прыдзеш?
— Мяне з работы прагналі.
— А ты прыходзь. Дзяўчаты прасілі, без Ніны, кажуць, сумна жыць. А вось чым ты іх запаланіла — не разумею.
— Дзяўчаты мяне любяць.
— Я гэта заўважыла адразу. Пытаюся ў іх: якія будзеце на сябе абавязацельствы браць. А Ліда Раковіч адказвае: па тысячы літраў за лактацыю. Я ўсміхнулася ды і кажу: а Ніна Шумейка абавязваецца не менш паўтары тысячы літраў малака надаіць. Можа я памылілася, дарэмна за цябе слова сказала. А толькі дзяўчаты, як пачулі, што ты такое абавязацельства бярэш — зашумелі. Маўляў, памыліліся яны. Я чаму асмелілася за цябе гаварыць? Бо ты не горш Матроны Башукевіч, а тая якраз такую лічбу назвала.
— Я, калі трэба, і больш надаю. Кроў з носу, а надаю, пабачыце.
— То я ўпэўнена. А некаторыя дзяўчаты пабойваюцца.
— І чаго баяцца?!.
— Добра было б, каб ты мне памагла іх сагітаваць.
Ніна раптам натапырылася.
— Агітаваць — ваша работа.
Ліпанава зразумела, што сказала нешта не так. Але тут у размову ўмяшалася бабулька:
— Нядобра чыніш, унучка... Чалавек чалавеку памагаць павінен.
— Памагаць я не супроць.
***
Ля клуба ў змроку чырванелі агні цыгарак. Хлопцы расступіліся, далі дарогу сакратару. Дзве лямпы дрэнна разганялі змрокі, Ліпанава доўга прыглядалася да людзей, пакуль заўважыла знаёмых. Ева адкрыла сход.
...Першай выступіла Ніна. Яе прасілі падысці да стала. Але яна ўпёрлася, не пайшла. Ды, і прамова ў яе была кароткая: паўтары тысячы літраў малака ад кожнай каровы за лактацыю.
Ніне доўга апладзіравалі. Дзяўчаты следам называлі такую ж лічбу.
Паднялася Матрона Башукевіч. Павяла падфарбаванымі брывамі, усміхнулася загадкавай усмешкай.
— Я так лічу: лепей верабей у руцэ, чым сініца за морам. Дзеўкі па паўтары тысячы бяруцца надаіць. Сказаць можна. Слова — яно гук пусты... А калі разабрацца па сутнасці, дык найлепшая пара для надояў упушчана. Яшчэ месяцы два-тры — зарвуць каровы. Адкуль жа тое малако будзе? Хіба з выгаркі?..
— А ты, цётка Матрона, за ўсіх не кажы, — паднялася Зіна Асташка і пачала прабівацца да сцэны.
— Не даяцё гаварыць — і не трэба, — Башукевіч села, але ўсё яшчэ прадаўжала сваю незакончаную прамову. — Кармоў не хапае. Без падкормкі якія надоі... Пры нашым старшыні, таварышу Даміры, не было парадку і не будзе. Дзякуй, кажуць, што вызваляюць.
Зіна ніяк не магла вымавіць першыя словы. Заікалася. Потым супакоілася, загаварыла спакайней: