Выбрать главу

— Раілася я з дзяўчатамі. Баяцца яны, а толькі баяцца няма чаго. Па паўтары тысячы надаіць можна. I час яшчэ наперадзе вялікі. Хто не хоча на нашай камсамольскай ферме працаваць — няхай другую шукае. А я ўношу прапанову аб’явіць ферму ўдарна-камсамольскай. Кожнай дабівацца таго, каб не ніжэй паўтары тысячы літраў надаіць. Калі даможамся гэтага — засвецім над фермай зорку чырвоную, каб не толькі ў нас, а ва ўсім раёне ведалі: камсамольцы сваё слова стрымалі. А ў наступным годзе возьмемся па дзве тысячы надаіць. Даможамся, яшчэ адну зорку запалім. Няхай гараць зоркі ды другіх за намі клічуць. Неяк заатэхнік наш гаварыла пра тое, што ў Амерыцы надоі вялікія. Вось і будзем тую Амерыку даганяць. Астатнія няхай нас даганяюць.

Зіна змоўкла, абвяла вачыма прыціхлую залу. Дзяўчаты перашэптваліся, Матрона Башукевіч крывіла нафарбаваныя вусны. Нехта ад парога выгукнуў:

— А сама колькі збіраешся надаіць?

— Сама? Дзве тысячы хачу надаіць.

Ліпанава першай пачала пляскаць у далоні. Калі воплескі сціхлі, пачуўся нечый голас:

— Надоіш, калі матка вучыцца не пагоніць...

Насцярожаная цішыня лопнула, зарыпелі крэслы. Усе хацелі бачыць, хто там высоўваецца.

— То сябрук Шняка.

— Чаго не нашым трэба?

Зіна перачакала, пакуль супакоіліся.

— Магу растлумачыць. Уцякаць у горад не збіраюся, а вучыцца буду. На завочны факультэт заяву сёння адаслала. I яшчэ вось што. У нас арцель. Гэта значыць, што ўсе за аднаго і адзін за ўсіх. Нічога ў нас не атрымаецца, калі за надоі толькі даяркі будуць змагацца. А калі ўсе ў адну шарэнгу стануць, тады нам і мора па калена. Праўду цётка Матрона казала: кармоў у нас не хапае. Але ж пад ляжачы камень і вада не цячэ. Ёсць у нас час, можам і сіласу нарыхтаваць, і атаву скасіць. Толькі ўсе за гэта павінны ўзяцца. А на наступны год, як паплавы палепшым, канюшыны ды цімафееўкі хопіць.

Летняя ноч кароткая. Не паспела зліняць яркая чырвань захаду, як на ўсходзе заружавеў край неба. Толькі тыя, хто быў у клубе, не заўважылі такіх перамен на небе. Пасля Зіны нібы ўскалыхнуў хто сход. У кожнага былі свае прапановы самыя найлепшыя, самыя дасціпныя. Нават Максім Шняк вышаў на сцэну выказаць сваю думку.

— Нам, моладзі, канешне, арцеллю спадручней. Толькі няхай дзеўкі разумеюць гэта таксама і насы не адварочваюць. Пасля, наконт гулянак трэба не забываць: работа работай, а як культурныя людзі — мы і павесяліцца хочам. Так што прапанова мая такая: як мы хочам быць перадавыя, дык няхай да нас артыстаў шлюць. Усё весялей будзе...

Максіма сагналі, не далі гаварыць. Следам Лёнька зачытаў абавязацельствы. Яшчэ не паспеў ён кончыць, як у зале ўзняўся лес рук. Ліда Раковіч аж дзвюма галасавала, тлумачачы сяброўкам:

— Доім мы кароў у дзве рукі, дык чаму галасаваць можна толькі адной?

Начаваць Ліпанаву запрасіла Ніна. Ішлі соннай вуліцай. Тамара, узрушаная сходам, маўчала, думала пра нешта і Ніна. Павячэралі. Ніна паціху разбірала пасцель. Марудзіла.

Патушылі лямпу. Ніна лягла з краю на спіну, запыталася:

— Гэта праўда, што Даміру знялі?

— Не чула.

— Шкада яго.

— А ён табе радня якая?

Памаўчаўшы, Ніна адказала:

— Не. А ўсё роўна шкада. Догляд за ім трэба, чалавек ён падатлівы, як скіруеш, так і пойдзе.

Ліпанава прыкусіла язык: хацелася яшчэ што-кольвечы спытаць у Ніны, але адчула — не варта. Ніна, памаўчаўшы, папрасіла:

— Можа вы з таварышам Сяльчонкам пагаворыце наконт яго. Жонка ў Даміры памірае, а калі здымуць яшчэ — прападзе чалавек зусім.

— Мусіць, то плёткі. Я нічога яшчэ не ведаю, — супакоіла яна Ніну.

Пра сябе падумала: «Абавязкова трэба пацікавіцца іх адносінаімі».

X

«Далёкі друг мой, Машанька.

Набярыцеся цярпення і дачытайце гэты ліст да канца. Некалі вы прытулілі і абласкалі мяне; спадзяюся, і цяпер не адштурхнеце.

Даўно я вам не пісала. Вы добрая, таму даруйце мой такі цяжкі грэх, асабліва калі дазнаецеся пра прычыны, што прымушалі мяне маўчаць.

Я ўжо закончыла інстытут, працую заатэхнікам у калгасе. Пакуль працы няма. Адно гора ды няўдачы падсцерагаюць мяне на кожным кроку.

Закармілі вы мяне тады бублікамі ды варэннем, так што жыцця я і не паспела ўбачыць. Кажу гэта не ў крыўду вам. Вы добрая і слаўная. Сама я вінавата ва ўсім. А вось як выблытацца з усяго, не ведаю. Прынялі мяне тут не так, як вы, — холадна. Старшыня наш — няўдалы. Брыгадзір жывёлагадоўчай фермы — абібок. А з даяркамі сяброўства не атрымалася. Глядзяць яны на мяне, як на чужую. Ды і ўласнае жыццё не ўдалося.

Ды і што гэта я пішу... Вы ж нічога не ведаеце. Пачну ўсё па парадку.