На прадвесні мяне паклікалі да дырэктара інстытута. Я стаяла ля акна і глядзела, як насупраць, пад карнізам, лепяць ластаўкі гняздо. Думкі ў мяне былі самыя панурыя. У кабінеце, апрача дырэктара, сядзела шмат народу — усё начальства. Івана Інакенцьевіча, нашага дырэктара, вы памятаеце.
— Вера Антонаўна, — пачаў ён, быццам я ўжо не лічуся болей студэнткай, а раўня яму, — дэбатуецца пытанне наконт вашай кандыдатуры на замяшчэнне пасады навуковага супрацоўніка. Я думаю, што тая сур’ёзнасць да навукі, якая была ў вас, застанецца надалей. Я, асабіста, чакаю ад вас новых адкрыццяў. Не схаваю, у нашых таварышаў ёсць іншая думка: пакінуць на гэтай пасадзе вашага аднакурсніка Міхаіла Якімчука. Уласна, таму мы вас і выклікалі.
Мабыць, я вельмі разгубілася ад такой прадмовы. У мяне загарэўся твар.
— Бачыце, Алексіч, — сказаў парторг, — наконт вашай кандыдатуры не было б спрэчак. Але вы жонка Льва Раманавіча, які працаваў у нашым інстытуце. Таму мы і парашылі параіцца з вамі і з ім.
Напамінак аб ім яшчэ павялічыў маю збянтэжанасць. Я прамармытала нешта несуладнае:
— Гэта мая справа. Навошта раіцца. Што ён адказаў?
— Ён адказаў, што вы чалавек дарослы, самі ўсё разумееце, што ён не раіў бы вам заставацца, што ён з вамі яшчэ пагутарыць і вы скажаце сваё слова.
Напярэдадні я сапраўды атрымала ад яго ліст, але, не прачытаўшы, спаліла. Што ён пісаў? Чаму я не прачытала пісьмо? Потым мяне апякла другая думка. Іван Інакенцьевіч працуе над праблемай стварэння высокапрадукцыйных і каларыйных сінтэтычных кармоў. Мая «праца» таксама прысвечана гэтай тэме. Яна нават была надрукавана ў «Вучоных запісках». Значыць, дырэктар хоча ўзяць мяне на сваю кафедру. Але ж тэма і само вырашэнне праблемы належала Льву Раманавічу. Пройдзе час, і дырэктар дазнаецца пра ўсё. Не толькі пра маю «працу», але і пра тое, якім мужам быў мне Леў. Раманавіч.
«Адмовіцца, хутчэй адмовіцца ад іх прапановы. Які сорам чакае мяне тут. Калі дазнаюцца пра ўсё — лепей не жыць»,— думкі адна неверагодней за другую лезлі ў галаву. Было імгненне, калі я ледзь вытрымала, каб не расказаць пра ўсё. Нарэшце дырэктар вывеў мяне з задумлівасці:
— Вы можаце падумаць...
— Не, не, — паспешліва адказала я. — Дзякую за ўвагу, але мне сапраўды лепш паехаць на вёску.
— Леў Раманавіч гэтага не дапусціць. Ён і так ужо сумуе па вас, — усміхнуўся дырэктар. — Вось якая яна моладзь пайшла! Сама ірвецца ў калгас, а вы кажаце, што мы дрэнна выхоўваем студэнтаў.
Я выбегла ў калідор.
Уяўляю, Машанька, як вы кругліце вочы, а вашы бровы падымаюцца ўгару. Вы здзіўлены. Ці не праўда?.. Вам хочацца ўсё хутчэй ведаць. Зараз і пачну пра гэта.
Неўзабаве пасля таго, як я прыехала ад вас, мы беглі з заняткаў у сталовую. Мусіць, так было і тады, калі яшчэ вучыліся і вы тут: ледзь запознішся, дык прастаіш у чарзе. Таму пасля заняткаў звычайна наладжваўся «забаршчагонскі» бег. Я першай выскачыла з аўдыторыі і стрымгалоў кінулася па калідоры. На павароце я сутыкнулася з чалавекам і, абмінаючы яго, паслізнулася на паркеце, Помню, тады ў мяне пацямнела ў ваччу ад болю, але я падхапілася і... не змагла далей ісці. Ля мяне прабег увесь наш курс, калідор апусцеў. Стала вельмі ціха. Я паспрабавала ісці — нага балюча заныла. Тады я ўзняла вочы і ўпершыню разгледзела чалавека, якога ледзь не збіла з ног. Быў ён на галаву вышэй за мяне, сінявокі, чорнавалосы, з лёгкімі, ледзь прыкметнымі слядамі адзёра ді воспы на твары. Скроні яго вельмі прыкметна серабрыліся, і ад таго твар меў нейкую далікатную, прывабную прыгажосць.
— Прабачце, што не ўтрымаў вас... — сказаў ён мне і неяк збянтэжыўся, быццам і сапраўды быў вінаваты ў маім няшчасці. — Вельмі баліць?
Я кіўнула галавой. Тады ён узяў мяне пад руку. Кульгаючы, як падстрэленая качка, я пайшла, моцна абапіраючыся на яго руку. Ён завёў мяне ў першую пустую аўдыторыю.
— Сядайце, — папрасіў ён мяне.
Я села. Ён стаў на калена, узяў сваімі белымі мяккімі рукамі маю нагу, асцярожна абмацаў ступню і шчыкалатку.
— Нічога асаблівага, пройдзе. Паварушыце пальцамі... Не баліць? Цяпер станьце. Вось так. Не баліць? А бегаць стрымгалоў не варта. Так можна і насмерць разбіцца.
Я падзякавала. Ён сказаў, што не варта, і мы вышлі на калідор.
Ісці мне было балюча, але я цярпела. Ён заўважыў гэта і прапанаваў пасядзець. Я, аднак, пайшла, думаючы, што, напэўна, дзяўчаты заказалі ўжо абед, чакаюць мяне ў сталоўцы і злуюцца.
«Хто ж ён?» — думала я ўвесь вечар. Перад вачыма маімі, узнікшы аднойчы, стаяў яго воблік: сінія вочы, шырокія бровы, белыя скроні і смуглы колер твару. Назаўтра, здаецца, я забылася пра яго. А яшчэ дзён праз пяць мы сустрэліся ў бібліятэцы. Я забегла абмяняць кнігу і адразу ўбачыла яго. ён стаяў ля акна, у канцы бар’ера, што адгароджваў кнігасховішча ад чытальнай залы, і чытаў нейкі замежны часопіс. Мы прывіталіся, як старыя знаёмыя. Потым я выбірала кнігу і старалася не глядзець у яго бок.