Выбрать главу

Я маўчала, гэта я добра памятаю. А вось што думала — забылася. Ён узяў мае рукі ў свае і яшчэ раз запытаўся:

— Дык ці згодны вы ніколі не разлучацца з гэтым старым парасонам, які спатрэбіцца ад дажджу, а ў спёку захавае ад сонца? Мы будзем сябрамі, Вера.

Я паварушыла вуснамі, яны зашасталі, як папера. А можа гэта мне здалося. Толькі слоў не пачула. Тады я зноў кіўнула галавой.

Ён абхапіў мяне за плечы. Здзіўленая яго ўчынкам, я прыўзняла галаву, а ён прыціснуўся вуснамі да маёй шчакі. Я адчула, як балюча ўкалола мяне яго барада, і спалохана адхіснулася ад яго. Ён, відаць, зразумеў усё неяк па-свойму, бо ніколькі не здзівіўся. Сеўшы ў крэсла, ён пазіраў на мяне сваімі ласкавымі сінімі вачыма.

Вы, Машанька, скажаце, што я дзівачка. Нічога ў тым пацалунку не было дрэннага. Не, дарагая Машанька, відаць, я другі чалавек. Я паважала яго за розум, за дабрату. I раптам гэты пацалунак... Ён вярнуў мяне ад мар да сапраўднасці. У гэты час я з жахам думала над тым, што нашая блізкасць можа быць зусім іншай. Мне хацелася проста быць таварышам, слухаць яго разважанні, жыць яго думкамі, адчуваць яго сяброўскую прыхільнасць. Спачатку я хацела ўстаць і пайсці. Так было б, вядома, лепш, больш сумленна. Але я сядзела. Чаму я тады не паднялася і не пайшла? Перад смерцю маці сказала мне, што, мусіць, так трэба было. Глупства. Я проста была дурной дзяўчынкай. Не, напэўна, не тое.

— Вера, калі вы не будзеце супроць, мы ў нядзелю запішамся.

«Паслязаўтра, — падумала я. — Так хутка».

Прамільгнула была думка сказаць яму, што не трэба гэтага, але ён глядзеў на мяне так даверліва, з такой мальбой, што я не адважылася расчараваць яго.

— Рабіце, як хочаце... — сказала я і жахнулася ад сваіх слоў. Калі ён скажа заставацца зараз, устану і пайду і ніколі не буду нават размаўляць з ім.

— А як вы глядзіцё на вяселле? — запытаўся ён.

— Не, не, не трэба, — спалохалася я.

Ён усміхнуўся.

— Я сам не вельмі паважаю шумную бяседу. Ідыёцкае становішча — выстаўляцца напаказ, асабліва ў маім узросце. Але многа людзей не будзе, толькі самыя блізкія. Вы таксама запрасіце сваіх сябровак.

Я прамаўчала. Ён доўга яшчэ гаварыў пра тое, як нам будзе добра. Потым ён крадком паглядзеў на гадзіннік, і я заспяшалася дамоў. Леў Раманавіч правёў мяне да самай рэчкі — далей я не дазволіла.

У нядзелю ён прышоў у наш інтэрнат. Я разгубілася, і ён зразумеў, што я нічога яшчэ не сказала дзяўчатам. Ён жартаваў, пра нешта расказваў, а я думала: што мне рабіць? Як непрытомная, я сноўдала па пакоі, потым пачала апранацца.

— Пачакайце, Вера, пойдзем разам. Вы ў горад? — Як праз сон, пачула я ягоны голас.

— Так, у горад.

Мы вышлі.

— Чаму вы бянтэжыцеся? Вы не любіце мяне?

Нейкі зусім другі чалавек адказаў за мяне:

— Люблю, але...

— Я ведаю гэта.

Потым у яго пакоі была невялікая вечарынка. Студэнтаў не было. Прышло пяцёра інстытуцкіх выкладчыкаў, людзей салідных, якія неяк адразу ўмела павялі размову, і я нават забылася, чаму сяджу побач з імі. Гадзін у адзінаццаць яны пайшлі. Я таксама пачала збірацца дамоў.

— Куды вы?

— Пайду ў інтэрнат.

Ён разгублена пазіраў на мяне. Потым падаў мне ключ ад свайго пакоя, сказаўшы:

— Спакойнай ночы, Вера.

Я не магла заснуць. Відаць, і ён таксама не спаў. Праз шчыліну з-пад дзвярэй прабівалася ў пакой вузкая стужка святла.

За акном гарэлі ліхтары, жоўтае, мёртвае святло іх тышчылася ў вочы. Потым ліхтары патухлі, і я ўбачыла шэрае перадсвітальнае пеба. Мне было вельмі маркотна. Невядомае палохала мяне.

Нарэшце зусім развіднела. Я пачула лёгкі стук у дзверы, але прамаўчала. Стук паўтарыўся. Я не магла вымавіць слова.

— Вера, — пачуўся яго голас. — Я пайду ў інстытут. Вы можаце сёння не ісці. Я гаварыў наконт гэтага з Іванам Інакенцьевічам. На стале вы знойдзеце падрабязны пералік усяго, што дзе ляжыць.

«Мне яно не патрэбна, — думала я. — Следам за табой пайду і я. Усё роўна адзін раз перажываць сорам, вялікі ён ці малы».

Я ляжала, закінуўшы рукі за галаву, глядзела ў акно. Ці доўга так было? Дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшоў чалавек, чорны і барадаты, як цыган.

— Хочаш, я пакажу табе фокус.

Я маўчала, страх прыкаваў мяне да ложка.

— Ха-ха-ха, — зарагатаў цыган, — ты баішся мяне. Я фокуснік Магамет Алі Бен-Бахар. Хочаш, я прадкажу табе лёс. Ен вось, тут, у мяне.

Фокуснік выцягнуў з-пад паліны доўгага халата чорную бліскучую скрынку.

— Хадзі бліжэй, дзяўчынка, не бойся.

Я падышла. Толькі цяпер я заўважыла, што фокуснік зусім сляпы. Яго ашклянелыя вочы глядзелі міма мяне, у іх адлюстроўваліся два збянтэжаныя маіх адбіткі. Ен адчыніў непрыкметную для мяне заслону. У скрынцы нічога не было.