Выбрать главу

«Фокус не ўдаўся», — падумала я і засмяялася. I раптам з адтуліны вылез дзед Баўціль. Гэты дзед жыў у нашай вёсцы. Шкодны такі стары. Займаўся чорнай магіяй і маліўся нейкаму свайму богу. Вось гэты Баўціль пачухаўся і сказаў мне:

— Дачка мая, прымі крыж свой і нясі яго, як святыя мучаніцы Вера, Надзея, Любоў і маці іх Сафія.

— Я не веру ў бога, дзед...

— Скарыся, не для жыцця зямнога, а нябеснага рыхтуе сябе кожны.

— Пакуль я тут, на зямлі, дык я думаю пра людзей.

— Пра душу сваю думай.

— Яе ў мяне няма, і я не веру, што яна ёсць.

— Можаш не верыць, а пра сябе ўсё ж думай. Кожны пра сябе. Кожны пра сябе. Адзін бог пра ўсіх думае. Чалавеку пра чалавека думаць не трэба. Пра сябе думай, дзіця маё.

— Ты абяцаў мне паказаць лёс мой, — сказала я цыгану, — а прымушаеш мяне слухаць вар’яцкія павучанні дзеда Баўціля.

Цыган дзьмухнуў — дзед знік. Нехта моцна пачаў калаціць у заслону. «Есць тут хто жывы, ці не?» — крычаў ён.

— Я тут, жывая,— адгукнулася я і прачнулася. Нехта стукаў у дзверы. Потым яны адчыніліся, і на парозе паявілася постаць высокага, хударлявага хлопца ў сінім, заляпаным фарбамі плашчы.

— I спіць царэўна маладая! — прадэкламаваў ён.

Мне здавалася, што сон усё прадаўжаецца.

— Хто вы?

— Я — Дух, — хлопец зарагатаў так моцна, што задрыжалі шыбкі.

— Вы да Льва Раманавіча?

— Магчыма. А дзе ён, гэты стары лавелас. Не блага! У яго ёсць густ. Ну і прытворшчык. Маралі чытае другім, а сам...

— Хто вы? Я буду крычаць.

— А мне напляваць. Давайце лепш пазнаёмімся, — ён падышоў, працягнуў мне руку. — Рамір, вольны мастак.

— Вера.

— Вера? Адкуль вы?

Я нічога не разумела.

— Я — жонка Льва Раманавіча.

— Жонка? А ну, паказвайце пашпарт.

Я паказала яму пашпарт.

— Сапраўды жонка. Вельмі прыемна пазнаёміцца. Я — даўні сябар Алексіча, вашага мужа. Мастак. Прыходзьце да мяне ў майстэрню. Я хачу намаляваць ваш партрэт. Паслухайце, навошта вы пайшлі замуж за гэтага сумнага і старога ўжо чалавека?

— Ён добры, — адказала я.

— Глупства. Няхай дурні ахвяруюць сабой для другіх. Я навучыў бы вас жыць. Скажыце шчыра: няўжо вам хочацца вось так безразважна змардаваць сваю маладосць? Уцякайце, уцякайце хутчэй. Ідзіце на вуліцу, шукайце маладых, прыгожых.

— Ён добры, — паўтарыла я.

— Можа і добры. Мая сястра кажа, што ён сумны. Ёй гэта вядома лепш. Цяпер, калі вы разам, і ў вас ёсць магчымасць упэўніцца, які ён...

Мяне нібы абліў хто варам. Ён быў жанаты? Але чаму ён не сказаў мне пра гэта? Праўда, я ў яго не пыталася. Але ж ён павінен быў сказаць сам. Пакуль я раздумвала над гэтым, незнаёмы ўзяў мяне за руку. Мне цяпер было ўсё роўна.

— Якія ў вас прыгожыя вочы.

Я ўзняла галаву. Ён глядзеў на мяне цёплым, пранізлівым позіркам. Яго твар, дагэтуль непрыемны, спраменьваў столькі цеплыні, ласкі і таварыскай спагадлівасці, што я мімаволі залюбавалася ім.

— Я страшэнна адзінокі, дарагая мая дзяўчына, — загаварыў ён ціхім голасам. — Я такі адзінокі, як і вы ў гэтым доме — сярод гэтых кніг. Таму мы зразумеем адзін другога. Я не прапаную вам сваю руку. Але я прапаную вам маё сэрца, сэрца сябра. Мы будзем сябраваць. Мы будзем слухаць адзін аднаго. Вы згодны? Нічога не трэба казаць. Схіліце толькі вашу галаву. Дзякую вам.

Ен паціснуў маю руку і пайшоў.

Спачатку следам за ім хацела пайсці і я. Некалькі разоў апранала я паліто, потым зноў здымала яго. Нарэшце я пачула крокі Льва Раманавіча. Мне было сорамна, і я пабегла ў свой пакой. Зачыніла дзверы, затаіла дыханне. Ен пастукаў і адразу ж адчыніў дзверы. Я закрыла твар рукамі, нібы чакала ўдару.

— Што з вамі, Вера?

Я маўчала, а калі ён паклаў руку, уздрыгнула.

— Я вас пакрыўдзіў?

Што я магла сказаць? Ён прайшоў па пакоі. Я чула, як парыпвае паркет ад яго цяжкіх крокаў. Нарэшце ён спыніўся.

— Мне хацелася б сказаць вам многа шчырых і цёплых слоў. Але замест іх вы пачуеце горкае прызнанне. Выслухайце яго, а далей рабіце так, як палічыце лепшым. Чаму я не сказаў вам пра ўсё раней? У мяне ёсць сын, была жонка.

— Я не хачу чуць пра гэта. Я ўжо ўсё ведаю.

Памаўчаўшы, ён сказаў:

— Разумею. Сюды прыходзіў брат маёй жонкі Ліліі Нікадзімаўны — Рамір. Тады я не буду апраўдвацца. Некалі я зрабіў найвялікшае ў жыцці глупства. Калі я зразумеў тую сваю памылку, дык думаў, што другой ніколі не будзе. Тая памылка была фатальнай для мяне. Новая прынесла яшчэ большае няшчасце. Я пакрыўдзіў вас. I таму мне балюча ўдвая. Адкажыце, Вера, толькі на адно пытанне: чаму вы такая спагадлівая?.. Вы маўчыцё. Калі б я пачуў хоць адно вашае слова, я ўсё зразумеў бы. Мне хацелася вялікага шчасця, таму я аслеп і аглух.