Выбрать главу

Я маўчала. Хоць мне было шкада яго.

— Усё яшчэ можна паправіць. Калі вы давяраеце мне, дык пажывіне ў гэтым пакоі яшчэ некалькі дзён. Мне гэтымі днямі была прапанавана работа ў адным з інстытутаў Мінска. Я тады сказаў, што падумаю. Цяпер я даю згоду. Вы застанецёся жыць тут. А потым, калі кончыце інстытут, мы абмяркуем, як быць далей. Цяпер развод і для вас і для мяне быў бы... Самі разумееце. Вядома, я не настойваю на такім варыянце. Але самі разумееце, што пойдуць размовы...

Я згадзілася. Помню, ён пабялеў увесь, заціснуў твар рукамі і вышаў.

Прайшоў месяц. Леў Раманавіч паехаў. Помню, я засталася адна і неяк абрадавалася гэтаму. Дзён дзесяць я цешылася свабодай. Здавалася, быццам зваліўся цяжар з маіх плеч.

Увечары аднаго дня я пайшла ў сквер над Дзвіной. Села на лаўку, любавалася ракой, заходам сонца. Нехта сеў побач. Я паглядзела. То быў Рамір.

— Глядзіце, як прыгожа заходзіць сонца. Колькі фарбаў, колькі гармоніі, дзіўнай і непераймальнай!..

— Вы вельмі любіце прыгожае, — сказала я.

— Мае мары яшчэ больш прыгожыя. У іх я ствараю такія малюнкі, якія не можа бачыць чалавек. Вас я таксама стварыў у сваіх марах. Я заўсёды бачыў вас такой, не падобнай на другіх. Мне хацелася б быць маленькім променем сонца, які прабівае вось гэтую найцудоўнейшую залатую пасму вашых валасоў. Вы, напэўна, у першую нашу сустрэчу падумалі дрэнна пра мяне. Я — не такі. Адзінокая душа шукае спагады.

Я паклала руку на спінку лаўкі, адчула пазы двух літар «К» і «В». Маім вачам уявілася маладая прыгожая пара, якая сядзела тут. Уявілася я сама, з найлепшым сябрам.

Рамір абняў мяне, прытуліў, але не пацалаваў. Каб ён пацалаваў, я ніколі з ім не сустрэлася б. Потым ён устаў і пайшоў. Рамір мне здаваўся такім шчырым і бескарыслівым сябрам.

Але я памылілася. Ён проста нягоднік. Леў Раманавіч хоць кахаў мяне. А гэты... Адным словам, з ім пакончана назаўсёды.

I вось тут, Машанька, пачынаецца другая кніга жыцця.

Я доўга пакутавала ў калгасе і, нарэшце, парашыла кінуць работу. Але так здарылася, што ў калгас я вярнулася. Прышла на поплаў і ўбачыла яго... Льва Раманавіча. У мяне падкасіліся ногі. Чаму ён тут? Няўжо дазнаўся пра мой адрас? Прыкрасць, злосць, сорам, — усё гэта адразу ахапіла мяне. Хацелася бегчы, пакуль хопіць сіл. Надта многа перажыванняў на аднаго чалавека!

I зноў я памылілася. Нешта вельмі часта я пачала памыляцца. Леў Раманавіч прывітаўся, назваў мяне сваёй студэнткай-цёзкай. Я зразумела, што ніхто нават не здагадваецца пра нашыя дзіўныя адносіны. Мне было ніякавата, але на сэрцы палегчала, і я пачала прыслухоўвацца да таго, пра што ён расказваў.

У нашым калгасе пачаўся паход за высокія надоі малака. Моладзь рушыла на фермы. А кармоў не хапае. Вось тут Леў Раманавіч і збіраецца вырашыць гэтую праблему. Хоча ён балоцістую, купкаватую пустошу Балонне пераараць, засеяць травамі, палепшыць паплавы, а пад яравыя падсеяць канюшыну. На яго думку, сена ў калгасе тады адразу павялічыцца ў чатыры разы.

Мабыць, вам не вельмі цікава слухаць пра яго планы і вы ў думках забягаеце наперад. Але не думайце, размовы ў нас яшчэ не было, хоць адчуваю, што не мінуць яе.

Учора (пасля гэтага я і парашыла напісаць вам гэты ліст) у нас быў сход. На ім выступаў Леў Раманавіч. Ён быў нейкі ўзнёслы, можа таму, што апавядаў пра паплавы, пералескі і проста замшэлыя пустошы, якія нават не вабяць вока... Ды так хораша!

Я, напэўна, не здолею перадаць яго прачулых слоў. А гэта вельмі важна. I ўсё ж паспрабую, тады вы лепш зразумееце мяне.

На зыходзе вайны, расказваў ён, салдацкі лёс прывёў яго ў Еўропу. Немцы, агрызаючыся, адступалі. Упартыя баі вяліся за кожны дом. У адным з начных баёў шалёная куля не абмінула і Льва Раманавіча. Ачнуўся ён пад раніцу. Над галавой вісела высокае вясновае неба. Яркае сонца ўставала адтуль, дзе засталася радзіма. На ім абсыпанымі кроплямі буйнай расы зелянеў куст. Павярнуўшыся са спіны на бок, Леў Раманавіч убачыў за кустом рачулку, маленькую і вельмі падобную на Пітамку, што цячэ ля нашага калгаса. Напіўся. Калі прайшла смага, зірнуў вакол сябе: за рэчкай ляжаў маленькі поплаў, такі, як наш, можа куды меншы, і ўвесь пакопаны чорнымі варонкамі. Сярод зялёнай травы яны былі, як свежыя воспіны на твары. Хацелася бегчы, зараўняць гэтыя ямы, але боль пранізаў усё цела. Тады Леў Раманавіч успомніў усё. Спачатку было жудасна: навокал цішыня, а ты адзін... Мусіць ён трызніў, але часта яму здавалася, што ляжыць ён у сваім Закружжы, адпачывае пасля касьбы. Тады наставала палёгка...