XI
Не колькасцю пражытых дзён і вёснаў вымярала Ніна Шумейка свой узрост, а тымі падзеямі, што адбыліся за яе кароткае, поўнае прыгод жыццё. I калі яна з вышыні сваіх дваццаці год азіралася назад, дык здавалася ёй, што жыве яна на зямлі даўным-даўно, напэўна, даўней за сваю старэнькую бабулю. Ад такіх думак на душы рабілася маркотна і вельмі неспакойна. Здавалася, што ніхто Ніну не разумее, нават дзяўчаты, пра якіх яна сказала Ліпанавай: «Яны любяць мяне».
Калі Ніне не было яшчэ і пяці год, яна разам з маці паехала ў Адэсу да цёткі ў госці. Ад таго першага падарожжа засталося ў Ніны нейкае дваістае пачуццё светлай радасці і прыгнётлівага страху. Паездка ўспаміналася, як бясконцы перастук колаў. Але яшчэ і цяпер, пачуўшы паравозны гудок, Ніна ўздрыгвала ўсім целам. Цьмяна, як праз далёкі неверагодны сон, прыпаміналіся кароткія, нязвычныя гудкі паравоза, глухія выбухі і чорныя слупы, што ўздымаліся ад зямлі. Маці ўяўлялася, як вялікая няўклюдная лялька, абматаная сляпуча-белай марляй.
Далей Ніна прыпамінала яшчэ адзін малюнак, невыразны, але страшны. Яна ляжыць на ложку побач з абстрыжанай нагала дзяўчынкай, худой і жоўтай. Дзяўчынка жаласліва скуголіць, аднастайна, як вецер за вялікім занавешаным акном. Кашчавая жанчына з доўгім носам, на якім вісяць вялізныя акуляры, прарэзліва крычыць на дзяўчынку. Ніна затыкае вушы, тады відаць толькі, як шавеляцца сінія вусны. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Ніна заплюшчыла вочы, заткнула вушы, але плач дзяўчынкі абмінае ўсе перашкоды, упіваецца ў галаву вострымі іголкамі. Нешта моцна грукоча. Ніна спалохана ўздрыгвае, расплюшчвае вочы. Кашчавая жанчына б’е маленькімі кулакамі па стале, нешта крычыць, а па яе твару цякуць слёзы. Адразу наступае цішыня, і ўжо не сварлівая жанчына, а маладзенькая, незнаёмая цётка вядзе яе па нейкім садзе з вялізнымі чырвонымі яблыкамі на голлі.
Дакладна прыпамінаецца Ніне мноства ложкаў і вусаты над ёю твар. Вусаты дзядзька шурпатай рукой гладзіць яе па шчацэ і гаворыць некаму, каго не відаць:
— Худзенькая вельмі, але будзем спадзявацца.
У дзесяць год — і гэта ўжо Ніна помніць добра — яна збегла з дзіцячага дому, цвёрда наважыўшыся шукаць сваіх бацькоў. Чамусьці яна была ўпэўнена, што абавязкова знойдзе іх, калі пойдзе паўз чыгунку. Трэба толькі доўга-доўга ісці.
Яна знайшла чыгунку.
Некалькі дзён ішла паўз яе, пакуль не заўважыла горад. Цяпер яна была ўпэўнена, што дом зусім блізка: з горада некалі бацька прывозіў ёй цукеркі. Але ў горадзе яе затрымалі. Зноў яна трапіла ў дзіцячы дом, але не пераставала думаць аб тым, як бы зноў уцячы. Ноччу, калі ўсе спалі, яна вылезла праз акно, пайшла на маленькую станцыю. Забралася ў пусты вагон, чакала. Хутка туды залезла тоўстая, друзлая жанчына. Чыркнула запалкай.
Угледзеўшы Ніну, села побач.
— Куды, мая кветачка, едзеш?— запыталася яна.
Ніна маўчала, баялася вымавіць слова: раптам бабуля адправіць яе ў дзіцячы дом. Старая дастала з торбы будку, разламала надвое, падала Ніне.
— Еш, котачка, не бойся. Ладуціха малых любіць...
Пакапаўшыся ў торбе, яна дастала кавалак цукру, выцерла яго аб світку, падала Ніне. Расчуленая яе дабратой, Ніна прызналася ва ўсім. Старая ківала галавой, спачувала:
— Дзіцятка маё дарагаё, паедзем да мяне. Не адшукаеш ты адна сваіх бацькоў. Я табе памагу, котачка. Толькі час для гэтага патрэбны, ой як многа часу патрэбна.
Ніна паехала са старой. Тая прывезла яе ў вялізны разбураны горад. Пасяліліся яны на ўскраіне ў старым заімшэлым бараку.
Старая аказалася жабрачкай. Пасылала яна Ніну па здабыткі на скрыжаванні людных вуліц і ў пад’езды дамоў. Часта сама хадзіла з ёю.
Мінула некалькі гадоў. Многа што змянілася ў горадзе: выраслі новыя дамы, раскінуліся прывольныя паркі, зазіхацелі асфальтам вуліцы — толькі Ніне даводзілася па-ранейшаму працягваць руку да кожнага сустрэчнага.
На яе цяпер паглядалі з недаверам, саромілі, а часам гналі прэч. Ды яна і сама разумела, што занадта вырасла. Але трэба было неяк жыць. Жабрачае жыццё дашчэнту вытравіла былую мару аб пошуках бацькоў. Ніна прывыкла швэндацца па вуліцах, бясплатна прабірацца ў кіно, у парк, жыць, ні пра што не думаючы.
Аднаго разу Ніна ўбачыла ў каморцы таўстамордага рыжага незнаёмца. Ён сядзеў на нізкім услоне, падбіваў паношаныя боты Ладуціхі.
— А, прышла,— прывітаў ён Ніну.— Паказвай, колькі назбірала.
— За паказ грошы плоцяць, — адрэзала Ніна. — Ты хто будзеш?
— Не звер.
— Бываюць і горш.
— Языкатая. Выўчыла цябе Ладуціха.
— Самі таксама не лыкам шытыя.