— Тады спынім дэбаты, — рыжы дастаў з кішэні грошы, не падымаючыся, дастаў з-пад лаўкі бутэльку. — Схадзі, падруга, у шалманку, прынясі паўлітра, каб можна было замачыць знаёмства.
— Не вельмі я рада знаёмству.
— Ды я па дружбе. Як мы з табой пад адным эксплуататарам у асобе Ладуціхі знаходзімся — значыць радня. Паслухаць трэба.
Потым, калі яна прынесла гарэлкі, ён наліў шклянку ледзь не да самага верху, выпіў. Адламаўшы кавалак хлеба, закусіў. За малаток ён больш не браўся. Сядзеў, апусціўшы галаву, думаў. Ніна стаяла, чамусьці баючыся сесці. Шавец наліў яшчэ, паклікаў Ніну:
— Хадзі, выпі.
— Не хачу.
— Эх ты, кабылка... Чорт з табой, сам вып’ю.
Выпіўшы, ён усміхнуўся.
— Хто мы з табой на сённяшні дзень ёсць? Не задумвалася над гэтым? Ага, бачыш, не думала. Мы — моль. Пасыпаць нас нафталінам — чых-чых і няма нас. А пакуль мы жывём, дык есці нам трэба? То-та ж, падруга!..
Раптам не па гадах спрытна ён ухапіў Ніну за руку. Прывыклая да ўсяго, яна ірванулася, але рука трымала яе насмерць.. Тады Ніна паспрабавала закрычаць. Другой рукой, жорсткай і смярдзючай, ён заціснуў ёй рот.
— Маўчы, дылда, а то... — ён скрыгатнуў зубамі, плюхнуўся на лаўку, але Нінінай рукі не выпускаў.
— Спалохалася? Мяне баяцца. I ты бойся. Я на ўсё гатовы.
Ён наліу гарэлкі, коратка скамандаваў:
— Пі!..
Шклянка бразгала аб зубы. Ніна адчувала, як гарачы, востры струмень пранікае ў цела. Рыжы пацягнуў Ніну за руку, і яна, як падкошаная, села ля яго.
— Будзеш слухаць мяне, ясна?..
— Буду, дзядзечка, — Ніна схітрыла.
— Тады вось што скажы, дзе гэтая вядзьмярка хавае грошы?
Ніна не ведала. Роспачліва паціснула плячыма.
— Не ведаеш? Яна хітрая. А красці ўмееш?
— Не, дзядзечка. — Ніна хлусіла. Навучылася яна і красці. Брала пакуль тое, што ляжала недалёка.
— Красці трэба! Трымайся мяне. Чула?.. I вось што, не ўздумай чаго... Біяграфія твая сапсаваная. Са мной будзеш працаваць. Грошы будуць. Вось бачыла, — ён выцягнуў з кішэні пачак грошай. — Хочаш — бяры. А старую мы абчысцім, у яе, чорта, тысячы ляжаць. Ну, вып’ем.
Увайшла жабрачка, залемантавала, убачыўшы побач з рыжым Ніну.
— А-а-а-а, поскудзь, нягодніца, прыгрэла цябе, адкарміла.
Рыжы з усяго размаху ўдарыў старую ў грудзі. Яна ўпала, але не крычала, толькі паўтарала адно і тое ж:
— 3 глузду з’ехаў, далібог, з глузду з’ехаў...
Ніна пашкадавала старую: яшчэ заб’е, — засталася. Удзвюх весялей, і не так боязна. Потым жабрачка прынесла гарэлкі. Яны пілі з рыжым і спявалі нудныя, слязлівыя песні.
Ноччу Ніна прачнулася ад дотыку чужых, закарузлых рук. Перад ложкам стаяла чорная здань. Ад яе патыхала цыбуляй і перагарам. Рыжы! Ніна падкурчыла ногі. На тапчане побач храпла старая. Ад гарэлачнага смуроду не было чым дыхаць. Бессаромныя далоні намацалі яе плечы, прыціснулі Ніну да ложка, слізганулі ніжэй. Яна выкаўзнулася. Рыжы зноў штурхануў яе. Падаючы, яна размахнула рукамі і раптам адчула пад далоняй бутэльку. Размахнулася з усяе сілы і ўдарыла па чорнай здані. Бутэлька шлёпнула, рукі таўстамордага аслаблі. Агідная здань пляснулася на падлогу.
Накінуўшы на плечы нейкую апранаху, Ніна выскачыла на вуліцу. Золкі вецер ударыў па твары калючым снегам. Не задумваючыся, яна пабегла пасярэдзіне бязлюднай, ціхай вуліцы. Толькі б далей ад страшнай хібары!..
На вакзале — зашылася ў куток, прыкархнула на цяжкай дубовай канапе. Не спала — драмала, гатовая ўцякаць ад першай небяспекі.
— Ну ты, пасунься, разляглася!..— чалавек у бруднай, зашмальцаванай фуфайцы злосна штурхнуў яе кулаком у бок. Яна, ашалелая са сну, ускочыла. — Спалохалася? Каго чакаеш?
— Цётку. Яна сёння прыязджае.
— Ну і дурніца, ясна? — і раптам, прыгнуўшыся, зашаптаў: — Назусім кінула Ладуціху?
Ніна зразумела: прыкідвацца далей няма патрэбы. Насцярожана, з-пад ілба пазірала на новага знаёмага. Ён падміргнуў, усміхнуўся.
— А я цябе не прызнаў спачатку. Дык куды ты сабралася?
— Сама не ведаю.
— Прыставай да мяне.
— А Ладуціха як?
— Баішся?.. Шкодная баба, ліха на яе. Сёння ж паедзем.
— Усё роўна ўжо.
— Не пакрыўджу. Работа чыстая, ясна?
Гэта была такая работа, якая ледзь не давяла Ніну да турмы. Прыкідвалася Ніна то студэнткай, то вясковай дзяўчынай, то дачкой вучонага або генерала. Падарожнічала ў прыгарадных цягніках, у мяккіх купэ хуткіх паяздоў. Ездзіла са студэнцкім абшарпаным чамаданам, з куфэркам або нянаскім баулам. Апранала вясковыя кажухі або модныя цыгейкавыя футры, паркалёвыя сарафаны ці модныя дарагія плацці. Заводзіла на станцыях знаёмствы, бралася сцерагчы рэчы, тут жа давала абабраць і сябе і даверлівую бабу. Адчыняла ноччу купэ, уваходзілі злодзеі, памагалі выносіць рэчы. Абласканыя Нінай праваднікі жадалі ёй шчаслівага шляху, а назаўтра маўчалі, дазнаўшыся, як іх правяла зусім яшчэ маладзенькая дзяўчына.