Аднаго разу не пашанцавала. Давялося ўцякаць. Скочыла на хаду з цягніка, пакацілася пад адхон, — апамяталася толькі ў бальніцы. За многія гады адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Чыстыя прасціны, цёпла. Не трэба хлусіць, слухаць плач і праклёны. Прыходзіў нейкі ўрач, цікавіўся яе жыццём, пытаўся пра гады дзяцінства. Ніна прызнавалася ва ўсім. Толькі ў пакражах баялася прызнацца, нават сабе.
Зрасліся неўзабаве маладыя косці ног. Перастала балець у грудзях, але яе чамусьці не выпісвалі.
Аднойчы паявілася ў калідоры зграбная, хоць і старая бабуля. Ішла яна бачком, як сарока, зазірала ў кожную палату.
— Да каго вы, бабуля? — запыталася ў яе Ніна.
— Унучачка тут ляжыць, унучачка... — і раптам яна пляснула далонямі, сашчапіла пальцы, прыціснула рукі да грудзей. — Дзіцятка маё!..
Бабуля залямантавала, потым кінулася да Ніны.
— Чаго вы? — адштурхнула яе Ніна: апякла думка пра Ладуціху.
— Дзіцятка ты маё залатое, зусім не помніш нічога. Маленечкая была, пяты гадок ішоў, калі павезла цябе маці ў Адэсу. Як жа ты адна дабралася? Божухна, літасцівы!.. Я ж фотакартку прынесла.
Дрыжачымі пальцамі яна дастала з-за пазухі фотакартку, сунула Ніне ў рукі. На фотакартцы — сядзеў мажны мужчына, трымаў на каленях дзяўчынку з пышным бантам у валасах. Побач стаяла жанчына, вельмі падобная на Ніну. Ніна ўгледзелася лепей. Так, гэта яе маці —такі ж маленькі нос, кароткія бровы, што зрасліся над пераноссем, пухлыя шчокі...
Аднекуль паявіўся ўрач. Толькі пад белым халатам, што накінуты быў на плечы, відаць быў гарнітур ваеннага крою і пагоны з чырвоным кантам.
— Ну вось і кончыліся твае блуканні, Ніна. Каб не апошні выпадак, нырнула б ты зноў у свет, як у сіняе мора. Ля дому ездзіла, а ў госці не зайшла. Затое цяпер не госцяй будзеш.
— Ды ўжо ж, ужо ж... — загаманіла бабуля.
Два дні не зачыняліся дзверы ў бабульчынай хаце. Усё Закружжа перабывала тут, хацела на свае вочы ўпэўніцца, што нарэшце вярнулася Шумейкава дачка з далёкага гасцявання.
Вёску Ніна не злюбіла. Здалася яна ёй соннай і надта хітрай. Глядзела на свет невялікімі, схаванымі за кустамі бэзу вокнамі. Хацелася паехаць у горад, але бабуля не пусціла.
Не спадабаліся Ніне і людзі. Здавалася, пакутуюць яны ад хваравітай цікаўнасці. Першай пакрыўдзіла Ева. Дала запоўніць анкету для паступлення ў камсамол, а потым з гадзіну задавала пытанні. Думала Ніна, што так і трэба. Камсамольскі сакратар павінен усё ведаць. Расказала ёй шчыра, як на споведзі. А потым, як пабыла ў райкоме камсамола на бюро, зразумела: Ева хацела толькі задаволіць сваю цікаўнасць. (У райкоме пра Нініна мінулае жыццё ніхто нават не ўспомніў, быццам яна заўсёды жыла ў Закружжы. Пыталіся больш пра работу, пра вучобу.)
Нянавісць да Евы адгарадзіла Ніну і ад другіх дзяўчат, хоць тыя і спрабавалі шчыра ўцягнуць яе ў сваю кампанію.
Потым неяк на цямку сустрэў Ніну Шняк і, дыхаючы гарэлкай, шапнуў:
— Выйдзі сёння да лазні.
— Чаго?
— Не ламайся, ведаеш. Яшчэ і другіх навучыць можаш.
Крыўду на Цняка Ніна перанесла на ўсіх хлопцаў, паглядала на іх коса, чакаючы ўсялякай агіднасці. Упадабала толькі Даміру. Той, месяцы праз тры пасля прыезду Ніны дамоў, зайшоў у хату, прывітаўся.
— Надакучаць раней не хацеў, народу ў вас перабыло шмат,— растлумачыў ён свой не па-суседску запознены прыход. — Людзі — дзівакі, ідуць, як на цуд, глядзець. Наогул, яно так, нібы з таго свету вярнулася. Толькі ў вайну ўсё бывае. Я сам з-пад расстрэлу ўцёк. Бітых ды знявечаных люблю. Такі чалавек сабе цану ведае. Няхай бы хто на нашым месцы пабыў — паглядзеў бы я на яго тады... А на тое, што брэшуць, плюнь. Калі ж назаляць будуць — мне скажы. Я з імі па-партызанску пагутару. У нас размова кароткая.— Ен плюнуў на далонь, моцна сціснуў кулак.
— Я і сама магу.
— Правільна. Гэта па-нашаму. Люблю такіх. Была ў мяне разведчыца, таксама Нінкай звалі. Агонь дзеўка. Масквічка. Злавілі яе аднойчы паліцаі, даверылі двум слюнцяям весці. Адышліся яны крыху. Яна як крыкне: «Рукі ўгору, бобікі!» Ды плясь аднаго па мордзе. Ён брык — і вінтоўка з рук. Тады яна другога. Вырвала вінтоўку ды ў атрад іх абодвух перад сабой прыгнала. Ну, часу мне няма доўга ў водведках быць. Заходзь да нас. Жонка зайшла б, ды дзіця малое.
Зачасціла Ніна да Даміраў. Падоўгу слухала Тарасавы расказы, і паўставаў ён перад ёй як непераможны волат. Стралялі ў чалавека не раз, а ён падымаўся зноў, быццам то былі не кулі, а сухія гарошыны з дзіцячай рагаткі. Яна ўвесь час думала пра яго, уяўляла сябе побач, такой жа смелай і ўпартай, як ён.