Выбрать главу

Ніхто не знаў пра Нініны пачуцці, нават сам Даміра. Заўважыла гэта толькі Анюта. Але і яна да часу маўчала. У яе да Ніны выспявала пачуццё замілаванасці і жалю. Была яна першым чалавекам, хто ўгледзеў, што ў Ніны добрае і чыстае, незаплямленае сэрца.

У поўдзень, падаіўшы кароў, Ніна забегла ў Даміраву хату. Пад сталом Коля майстраваў домік з паленняў. Волечка, нацягаўшы пяску, рабіла горку. Абодва былі мурзатыя, запэцканыя да самых вушэй. На стале, яшчэ непрыбраным, стаяў посуд. Усюды панавала запусценне, быццам і не было тут ніколі руплівай жаночай рукі. У Ніны заныла сэрца. Забегала, прынесла вады, вымыла дзецям тварыкі, перамянілэ адзежу.

— Ты, Волечка, — старэйшая, за Колем павінна глядзець. А ты. сама выпэцкалася.— Яна пасадзіла іх на ложак.

— А я палаход злаблю.

— Разам зробім.

Ніна пачала прыбіраць у хаце, увесь час гамонячы з дзецьмі.

— А ты шыць умееш?

— Умею, Волечка.

— Тані плацце трэба.

— А ў мяне неста ёсць. Ага, не сказу.

— У яго цвік ёсць.

— А вось і не, сулуба.

— Шуруба — гэта ўсё роўна цвік.

— А вось і не.

Ніна мітусілася, стараючыся хутчэй кончыць прыбіраць у хаце: не хацела сустракацца з Дамірам. Ен прышоў нечакана, адчыніў дзверы, замёр на парозе.

— Я табе што сказаў — не прыходзь!.. Сам абыйдуся,— голас яго дрыжаў.

Ён вырваў у яе венік, пачаў падмятаць смецце ад парога на кут. Ніна, апусціўшы рукі, глядзела, як ён мяце: шваркае венікам, уздымаючы слупы пылу. На шырокай спіне нацягнулася гімнасцёрка — вось-вось лопне.

— Куды вы мецяце? Там жа чыста.

Даміра са злосцю кінуў в'енік.

— Здурнеў зусім.

Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Згрэбла смецце, вынесла на двор. Пастаяла, падумала: заходзіць ў хату, ці не? Не вытрымала, зайшла. Даміра сядзеў, абняўшы дзяцей, гладзіў Колю па русявай галоўцы.

— Тата, пусці на вуліцу, — прасілася Волечка. — Мы далёка не пойдзем.

Даміра нібы не чуў. Потым моўчкі ссадзіў іх з ложка. Волечка выбегла першай, за ёй перакуліўся цераз парог Коля.

— На абед прышлі? — запыталася Ніна. Ей было да болю шкада Даміру, такога бездапаможнага ад свайго гора. Аблегчыла б яго пакуты, але не ведала як.

— Урачы сказалі, больш тыдня не пражыве.

Ніна, разгубленая, села. Тарас узняў вочы, поўныя невымоўнай пакуты.

— Не веру, не хачу паверыць. Сем гадоў пражылі. Словам не пакрыўдзіла.

— Можа яшчэ паправіцца?

— Што ты разумееш... Не, ужо не паправіцца. Толькі не кажы нікому. Каб ні адна душа не знала пра гэта. Урачоў таксама прасіў. Абяцалі маўчаць.

— Добра, ад мяне не пачуюць.

— Здымаць будуць. Сам Сяльчонак прыедзе.

— Як жа так?.. — у Ніны заняло дыханне. — Душы ў іх няма.

— А яны нічога і не ведаюць. Калі б зналі, Сяльчонак пашкадаваў бы. А я не хачу нічыёй жаласці. Вінаваты — біце. Мусіць, вінаваты. На Сяльчонка не крыўдую. Дземідзенка з гэтай заатэхнічкай даканалі. Горш за ўсё, што грошы ў яе пазычаў, а аддаць не змог. Усё роўна, гэта нібы за саломінку хапацца, калі тонеш.

Ніна, як скамянелая, не магла паварушыцца. «Калі ўсё расказаць, — думала яна, — не будуць вызваляць». Нібы адгадаўшы яе думкі, Даміра падышоў, паклаў руку на плячо.

— Дазнаюся, што хадзіла да каго, наб’ю. Нічыёй мне жаласці не трэба, чуеш? Тваёй таксама. Даміра не з такіх сетак вылузваўся.

У Ніны накружыліся слёзы. Ёй было шкада яго і радасна, што ён якраз такі, як і яна. I тады, незаўважна пераймаючы Анюцін тон, Ніна па-жаночаму ласкава пачала суцяшаць:

— Мала што з чалавекам бывае. Ну, зволяць. Не прападзеце. Вы ж усюды зможаце працаваць. Толькі ў рукі сябе вазьміце. Мне таксама цяжка было, а не прапала. А памылкі ў кожнага бываюць.

Даміра наяршыўся.

— Наконт памылак не вучы. Хопіць, наслухаўся. Ну, ідзі, адзін хачу пабыць. Ды пра ўгавор помні. Я такі — потым не дарую.

XII

Не спакойным летнім разлівам, а вірлівай веснавой паводкай зашумела Падзвінне. У разгар лета, калі нават на вечарынкі збіраў гармонік жменьку людзей, хваляй пракаціліся па калгасах гаманлівыя мнагалюдныя сходы. Збянтэжаныя старшыні разводзілі рукамі: прыдрацца нельга — назаўтра моладзь раней за ўсіх выходзіла на работу.

Зварот закружцаў ускалыхнуў, узбунтаваў моладзь. Чаму адсталыя, апетыя ўсімі раённымі пастановамі, як гультаі і абібокі, закружцы раптам так смела, упэўнена і нават задзірліва кідаюць свой выклік?.. Камсамольскія важакі, — падстрыжаныя пад бокс хлопцы, гаваркія, жвавыя дзяўчаты, — перабіваючы адзін аднаго, выказвалі сваё абурэнне Ліпанавай:

— Сказалі: мы даганяем Амерыку, а вы нас. А калі мы самі хочам Амерыку даганяць?

— Слабаваты яны з намі цягацца.