— Так, для прыгожага слова.
— Таварышы, гэта ўсё Ева. Яна якое хочаш абавязацельства возьме.
— Факт.
— Можа і на ферме ніхто не працуе. Пляскач умее легенды ствараць.
Ліпанава ўсміхалася, раз-пораз адкідвала з ілба надакучлівую пасмачку каштанавых валасоў.
— Хто не верыць — Закружжа недалёка... Павучыцца ў іх не блага. Падзазналіся вы, таму і наступаюць на пяты.
Юрка Сіроткін, камсамольскі сакратар з Пятроўскага, камечачы ў руках зашмальцаваную кепку (працаваў Юрка шафёрам), наступаў на Ліпанаву:
— Ды што яны нам! Даміра п’е. I яны ўслед глядзяць. Касілкі не адрамантавалі, дакладна ведаю. Косамі косяць. Гэта як, па-вашаму,— перадавыя? Нам што крыўдна: на ланцужок вы нас, таварыш Ліпанава, пасадзілі да адсталых. Як гэта разумець загадаеце?
Юркавай гарачнасці не адабралі, вельмі ён ужо напіраў на Ліпанаву, але пагаджаліся. Каму хочацца ісці за адсталымі?
— Колькі ў вас моладзі працуе на ферме? — запыталася Тамара і сама адказала: — Нуль.
Юрка, як і старшыня іх калгаса, не паддаваўся фактам.
— У нас, калі хочаце ведаць, і не трэба пасылаць моладзь на фермы.
— Ну і даганяйце Амерыку са старымі бабулямі.
Настрой адразу змяніўся, дзяўчаты пырснулі смехам. Нехта ўхапіў Юрку за штаны, пачаў адцягваць ад стала.
— Вы яшчэ пачакайце, — шумеў той, — Я вось зараз паеду і сам пра ўсё дазнаюся. Калі каму ў ахвоту — магу падвезці і назад у поўнай спраўнасці дастаўлю. Сваімі вачыма, а не чужымі пагляджу. А калі ўжо які падлог выяўлю, прабачце, толькі мы першыя зварот пісаць будзем. Ну, хто са мной?
Адгукнулася чалавек пяць — усё сакратары камсамольскіх камітэтаў перадавых у раёне калгасаў. Гуртам вышлі з райкома, селі на запыленую трохтонку.
Юрка злосна крутнуў ручку, ускочыў у кабіну і з месца ірвануў на трэцюю хуткасць.
Тамара паглядзела на ўзбуджаныя твары актывістаў, думала: «Ранавата яшчэ такая камісія. Знойдуць шмат недахопаў, у закружцаў настрой сапсуецца. Трэба было б усё ж узгадніць такую экскурсію з Сяльчонкам».
Сакратар райкома партыі толькі што прыехаў з калгаса, перабіраў пошту, стоячы ля стала.
— Ты што такая пахмурая? Радавацца трэба. Шуміць моладзь.
Ліпанава расказала пра сваю апаску. Сяльчонак адарваў позірк ад пісьма, прайшоўся па пакоі.
— Так адразу і паехалі?
— Адразу, Сяргей Паўлавіч.
Сяльчонак пагладзіў лысіну, усмешка расквеціла яго белаваты з сінізной на падбародку твар.
— Малайцы. Узяло, значыць, за жывое. Не, Ліпанава, ты, чэснае слова, сама не разумееш, якую добрую рысу ў іх выхавала. Самі, без указанняў зверху, селі і паехалі,— ён засмяяўся звонкім, маладым смехам. Тамара разгублена моршчыла лоб. — Яны паехалі, а ты да мяне ўзгадняць? А каб я цяпер загадаў: вярнуць іх назад!..
— Позна ўжо.
— Не вярнула б?
— Не.
— Правільна. Мысліш ты правільна. А не ўсякі выпадак застрахавалася — не кепска. Хутка адвыкнеш. Запомні адно, калі гэта на карысць партыі, народу ідзе, дык нічога не бойся. Хай нават які сучок знойдзецца, такі, што нічога не разумее, і палае цябе. А ты радуйся — зрабіла карыснае. Вось і ўся філасофія.
— Каб я ведала, што экскурсія прынясе карысць...
Сяльчонак перапыніў яе:
— Абавязкова прынясе: і закружцам, і экскурсантам. За дзяўчат не бойся: там адна Ева чаго вартая!.. Не бяда нават, калі знойдуць недахопы: падахвоцяць толькі лепей працаваць. А што самі паехалі, таксама вельмі добра. Тут усё без ашуканства. Будзе пятроўскім камсамольцам над чым падумаць. А то іх старшыня мохам пачынае абрастаць. Баюся, каб Дамірава гісторыя не паўтарылася. Збіраемся вось абмяркоўваць сітуацыю. Ёсць думка, што пры тых абставінах, якія склаліся — Даміра не зможа забяспечыць кіраўніцтва. Людзі там замахнуліся на вялікае, а старшыня і тыя здольнасці, што былі, страціў. Можна важную справу загубіць. Параімся, паспрачаемся, ды і вырашым, якую закружцам дапамогу аказаць.
Ліпанава ведала, што ў Сяльчонка ўжо гатовы план, але распытваць не стала. Пакуль пытанне на бюро не абмеркавана — з яго слова не выцягнеш.
— На бюро не застанешся?
— Мне ў «Прагрэс» трэба.
— Як думаеш дабірацца?
— Пехатою...
— Бяры райкомаўскі «газік».
У райком збіраліся члены бюро. Жартавалі: Сяргею Паўлавічу ні днём, ні ноччу спакою няма. Ліпанава забегла ў райком камсамола, захапіла новы эстрадны зборнік, некалькі лекцый, пайшла шукаць шафёра. Калі выязджала са двара — убачыла: у райком заходзіў Канькоў. Хацела гукнуць яго, але пасаромелася шафёра. Яшчэ ніхто добра не ведаў пра іх сардэчныя справы.
Дні са тры назад панесла яна ў рэдакцыю зварот закружскіх камсамольцаў. У двух першых пакоях нікога не было, у трэцім сядзеў адзін Канькоў, пісаў перадавіцу, паўтараючы ўголас кожнае слова. Заняты работай, ён не заўважыў, як зайшла Тамара. Як зачараваная, стаяла яна, назіраючы за ім. Скуласты твар з ледзь раскосымі вачыма — поўны напружання і думак. Чорны пакручасты чуб з’ехаў на вочы, рука таропка запісвае думкі, якія, здаецца, самі імкнуцца пакласціся на паперу. Спадабаўся Канькоў Тамары даўно. Ды і яна яму падабалася. За многія дні знаёмства паразмаўлялі яны шмат, кожны раз адкрываючы адзін у другім нешта новае і цікавае. Вось і цяпер Тамара захапілася яго сканцэнтраванасцю і нейкай узнёслай адарванасцю ад усяго на свеце, апрача ўласных думак. Хацелася падысці, адкінуць гэты чорны касмыль валасоў, прытуліцца шчакой да высокага, разумнага ілба. У грудзях страпянулася і замёрла сэрца, толькі ў скронях нібы застукалі малаточкі.