Хіба можна прытуліцца, калі яшчэ ніколі не было сказана запаветнага слова. Вечныя размовы пра літаратуру, пра розныя выпадкі...
Тамара пастукала па стале. Канькоў, не падымаючы вачэй, сказаў:
— Заходзьце.
Ліпанава зарагатала.
— Я ўжо даўно тут. Эх ты, пісьменнік!
— Усё для цябе стараюся. Паслухай перадавы артыкул пра пачын закружцаў.
Не чакаючы яе згоды, ён пачаў чытаць, укладаючы ў кожнае слова ўвесь свой імпэт. Тамара больш слухала яго голас, мяккі з ледзь улоўнай картавінкай.
— Ну, як?
Ён чакаў адказу, ужо сарамліва збянтэжаны ад немінучай пахвалы.
— А ты ведаеш, Вася, я, чэснае слова, нічога не чула.
Ад неспадзяванасці яго твар выцягнуўся, і ад таго касаваты разрэз вачэй абазначыўся вастрэй.
— Дапраўды. Слухала твой голас. Праўда, смешна, камсамольскі работнік, закліканы ў сэнс унікаць, а я чорт ведама што ў гэты час думала, — яна засмяялася.
Канькоў сядзеў прамы і строгі, як суддзя. Тамары зрабілася няёмка. Разбалбаталася, як мяшчанка. Узмахам рукі адкінула за вуха падвітую пасмачку валасоў, сказала строга:
— Вось зварот. Сяргей Паўлавіч прасіў у нумар паставіць.
Ён узяў зварот, але не стаў чытаць яго.
— Па сутнасці, я — дзівак.
— Віншую, — Тамара зноў павесялела. — Доўга табе давялося думаць над гэтым?
Канькоў адсунуў крэсла, устаў.
— А ведаеш, чаму дзівак?
— Адказ цяпер даваць, ці можа. спачатку з актывам параіцца?
— Не, сапраўды, сур'ёзна...
— Здагадваюся, — крыху няўпэўнена адказала Тамара.
— Без хітрыкаў скажу: таму што халасцяк ды яшчэ стары ў прыдачу.
I хоць Ліпанава ведала, куды пахілілася размова, адказала з наўмыснай смяшынкай у голасе:
— Нешта не ўцямлю, як і вылечыць цябе ад такой хваробы. Відаць, ад прыроды такі.
— Чаго мы з табой ходзім навокал, як кісейныя ўхажоры, сам не ўцямлю. Давай без літаратурнага штампа — прызнаемся адзін аднаму ў каханні. Ці абавязкова па пісаным трэба?..
Размова набывала жартаўлівы характар. Такія Ліпанава любіла, сама за словам у кішэню не лезла і ў другіх паважала красамоўства. Пажартавала:
— Праяўляй ініцыятыву, а заўтра зварот дамо ў газеце.
— Ты вось жартуеш, а ў мяне самыя сурезныя намеры. Не люблю гучных слоў, клятваў, уздыханняў. Каханне і без іх магло б абысціся. Усе гэтыя старыя любоўныя аксесуары замяняюць пустым людзям пачуццё.
— Мы з табой, вядома, перадавыя.
— Пачакай. Тыя ж паэты ды пісьменнікі не раз ужо даводзілі, што каханне — такое пачуццё, якое адчуваецца нават на адлегласці.
— Ты што мне хочаш лекцыю прачытаць?
— Тут і без лекцыі ўсё ясна. Мне здаецца, ты ведаеш маю да цябе прыхільнасць. Цяпер за табой слова.
— А ты — маю...
Яны стаялі зусім побач. Глядзелі адзін на аднаго са шчаслівай усмешкай, крыху збянтэжаныя і нялоўкія, як падросткі. Ён узяў Тамару за руку, яна адказала ледзь улоўным поціскам. Тады Канькоў прыцягнуў яе да сябе. Тамара прашаптала: «Што ты, Вася» і задыхнулася ад пачуцця.
У калідоры нехта моцна стукнуў дзвярыма. Яны адскочылі адзін ад другога. Стаялі разгубленыя, як злоўленыя за руку малалеткі. Канькоў збянтэжана пачаў гаварыць пра зварот, пра перадавы артыкул. У кабінет ніхто не заходзіў. Тады Тамара ўсміхнулася, пажартавала:
— А вось гэта і штамп, і маральнае разлажэнне...
Абое нястрымна пачалі смяяцца са свайго страху.
Увесь дзень з галавы ў Тамары не выходзіла гэтае смешнае сваёй недарэчнасцю прызнанне. Што гэта, жарт? Не, Канькоў не такі. А калі жарт? У Ліпанавай ад крыўды чырванеў твар.
Але ўвечары Канькоў прышоў да яе на кватэру. Быў ён у новым гарнітуры, чыста паголены, праз меру ўзбуджаны і ўзнёслы. У Тамары адлягло на сэрцы: значыць, то быў не жарт. У той вечар яны доўга сядзелі на вузенькай лавачцы пад вішняй, забыўшыся на дамоўленасць, гаварылі «штампамі», якія, напэўна, прыдумаў біблейскі Адам, збіраючыся сватацца да Евы.