Усё гэта Тамара ўспомніла, седзячы ў машыне. Злавала на сябе, што не асмелілася спыніць газік, хоць бы словам перакінуцца з любым чалавекам. Толькі тады, як абступіла яе калгасная камсамолія цесным гуртам, забылася Тамара на ўласныя пачуцці.
Да цямна абышла кашары, пагутарыла з дзяўчатамі, разабрала некалькі неадкладных спраў. На змярканні ў клубе сабралася моладзь. Пакуль чакалі старшыню, Ліпанава з дзяўчатамі пачала развучваць новую песню. Потым зрабіла кароценькі даклад — доўга гаварыць не было часу.
На сходах больш за ўсё яна любіла слухаць шчырыя прамовы, у якіх не было ні замыславатых сказаў, ні наўмыснай, паказной вучонасці, а адчувалася трапяткая, жывая думка, цвярозы погляд, непадкупнасць.
Калі сход канчаўся, бурныя воплескі моладзі, якая горача вітала адказ закружцам, былі перапынены лапатаннем матацыкла. Яркі промень асвятліў шыбы і стух.
— Нехта з раёна, мабыць, — шапнуў Ліпанавай сакратар камітэта камсамола. У гэты час якраз ішло галасаванне за ўзятыя абавязацельствы па надоях малака. Ліпанава абвяла вачыма лес узнятых рук і раптам адчула на сабе чыйсьці ўважлівы, пранізлівы позірк. Азірнулася — на парозе стаяў Канькоў. Іх вочы стрэліся. Адны спалохана запыталіся: што здарылася? Другія адказалі: не хвалюйся — нічога, але сказаць ёсць што.
Канькова заўважылі, запрасілі ў прэзідыум.
— А я падумаў, што добра даць справаздачу са сходу. Сеў на матацыкл і сюды. Бюро зацягнулася, — растлумачыў ён старшыні свой начны візіт.
Але Тамара ведала, што ён прыехаў толькі дзеля яе.
Праводзіць Ліпанаву камсамольцы вышлі вялікім гуртам. Разгарачаныя бурным сходам, дзяўчаты прадаўжалі даказваць сакратару, што закружцаў яны абавязкова дагоняць. Тамара жартавала:
— На словах, як на гуслях, а вось на справе паглядзім. Ну, сказана — зроблена. Такі наш дэвіз. Толькі спаборніцтва будзе ўпартым.
Думала яна ў гэты час над словамі, якія шапнуў ёй Канькоў: «Важная навіна ёсць». Камсамольцы храбрыліся, наперабой выказвалі свае думкі.
— Пабачыце, у каго найперш загарацца зоркі над фермамі.
— А што тут, дзяўчаты, казаць... Мы праз два месяцы ўжо запалім іх.
— Запаліш, калі Дар’я толькі пяцьсот літраў надаіла.
— Не падцягнецца — зменім.
— Хіба Дар’я вінавата? У яе не каровы, а козы.
— Дык жа не ад кожнай каровы па паўтары тысячы надаіць, а ў цэлым па ферме.
— Сказаў...
— Кароў мяняць трэба на пародзістых.
— То не наша справа.
— Цяпер усюды наша, а не дзядзькава.
— Не забывайце нас, таварыш Ліпанава, часцёй наведвайцеся.
Тамара села ў каляску матацыкла. Канькоў клапатліва захутаў дзяўчыну ў брызент, націснуў на старцёр — матацыкл залапатаў. Выехалі за вёску. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Здавалася, не промень, а дрэвы скачуць, трапіўшы ў непрывычную для ночы віднату. На дарогу ў некалькіх кроках выскачыў заяц, замёр, наставіўшы вушы, і даў стракача ўздоўж яркай палоскі святла. Ён бег доўга, пакуль матацыкл, абмінаючы каляіну, не шыбануў убок. Промень перастаў асвятляць зайца, і ён сігануў у лес. Тамара бачыла, як, скачучы з узгорка, заяц высока падкінуў доўгія шэрыя з падпалінамі. ногі, здаецца, перакуліўся цераз галаву.
— Напалохаўся, касы...
Канькоў, які, паддаўшыся хлапечаму азарту, на поўнай хуткасці гнаўся за зайцам, паволі суцішаў разгон.
— Як ты думаеш, чаго мяне выклікалі на бюро?
Тамара насцярожана адказала:
— Не ведаю.
— Абмяркоўвалі закружскія справы.
— Наконт паплавоў?
— Не толькі, — ён памаўчаў'і раптам выпаліў: — Мяне старшынёй будуць туды рэкамендаваць.
— Чаму цябе? — Ліпанава не схавала сваёй узрушанасці. — Больш хіба няма каго?
— Ты, бачу, не ўзрадавалася?
— Затое, ты вельмі. Нават не паляніўся прыехаць.
— Так атрымалася. Разумееш, Тамара, сабраліся, выслухалі Алексіча, ну, канешне, падтрымалі ўсе. Толькі Старыковіч устрымаўся. «Нічога, кажа, з гэтага не атрымаецца. Даміра нам не адзін раз пачыны завальваў. Паказальную кашару будавалі, грошы ўпякалі, а карысці — ніякай. За птушкаферму ўзяўся горача, а што атрымалася: канфуз на ўсю рэспубліку». А Даміра як ускоча. «Я цяпер, — крычыць, — і старшынёй не буду, калі вы яшчэ на маю шыю гэтыя паплавы павесіце». Слова за слова. Сама ведаеш Даміру — паклаў заяву аб вызвалённі на стол.
— Даўно трэба было, — буркнула Ліпанава.
— Не ведаеш ты Даміры. Можа адзін. Сяльчонак яго і разумее. А так усе супраць. Надта лёгка ты аб людзях думаеш.
— Чаго варты, так аб ім і думаюць.
— Варты ён лепшага. Ён — як гэты заяц. Асляпіла яго, бяжыць, а куды — не бачыць.