Выбрать главу

— Ну, ты, пакінь. Дагаварыўся: выходзіць, палітыка партыі яго асляпіла. Сам ты аслеп.

— Прыёмчык не новы, скажу табе шчыра, — Канькоў незаўважна крутнуў гумавую муфту, матор натужна зароў. Адрэгуляваўшы газ, Канькоў злосна адрэзаў: — Кан’юктурай ад цябе патыхае.

Ліпанава адкінула брызент, але, відаць, успомніўшы, што яна не ў сябе ў райкоме, а ў калясцы матацыкла, зноў прыкрылася, зацята змоўкла.

Абое ў першы раз так сур’ёзна былі незадаволены адзін другім. «Мог бы ён інакш сказаць», — думала Ліпанава. «I адкуль у яе такая чэрствасць», — ламаў галаву Канькоў.

Дарога рассякала лес. Матацыкл падскокваў на карэннях. У жаўтаватым святле фары вымалёўваліся то густы непралазны гушчар маладой пасады, то падгалістыя, стромкія яліны. Нязноснае маўчанне дапякала абаім. Ехалі, чакалі, пакуль нехта адзін уступіць другому.

— Пакрыўдзілася? — запытаўся Канькоў.

— Не.

— Дзівакі мы — спрачаемся, калі ўжо ўсё вырашана!.. Сход нават на заўтра прызначаны.

— Жадаю табе поспеху.

— I ўсё?

- Хопіць. Ты падумаў толькі пра сябе. Вядома, патрыятычна. Можа нават твой пачын падхопяць. У газетах партрэт змесцяць. А пра мяне ты падумаў, калі на бюро вытыркнуўся са сваёй прапановай? Падумаў?..

— Не.

— Ну, вось бачыш. А я чалавек. Я шчасця свайго дваццаць восем гадоў чакала.

— Ды ты паслухай, як атрымалася. Сяльчонак запытаўся: «Ну, а хто на месца Даміры? Туды чалавек моцны патрэбен». А сам глядзіць на ўсіх такімі пранізлівымі вачыма, быццам наскрозь цябе бачыць. I ўсе маўчаць. Бачу інструктар Снігіркоў за дырэктара МТС хаваецца. На трыбуне кашулю на сабе ірве — патрыёт... А тут схаваўся і голас утаіў, Сорамна мне стала, разумееш, сорамна. Сам некалі камісарам быў, на смерць людзей пасылаў. А тут жа не смерць, а такая справа, што ўсядзець нельга. А ён за спіну. Хіба ж я мог утрымацца. Ну, і сказаў, можа нават і не падумаўшы пра цябе ў той час: я паеду, Сяргей Паўлавіч. I разумееш, Снігіркоў адразу з-за спіны вынырнуў, нават у далоні запляскаў. Думаеш, мне пляскаў? Рад быў.

Канькоў змоўк. Матацыкл падскочыў на вялізным корані, страсянуў пасажыраў.

— I ўсё ж мог пра мяне падумаць. Як жа мы цяпер будзем? Я і налюбавацца табой не паспела, як ты ўжо бяжыш у калгас, а некаторыя і голасу не падалі.

— Чаму? Пасля мяне выказалі згоду ехаць у калгас яшчэ чалавек восем. Нават Старыковіч.

— Згадзіліся, а не паехалі.

— Паедуць. Сяльчонак, ведаеш, што сказаў: «Нам трэба многа дзе старшынь памяняць. Усіх пашлем, але зачын добры ў Канькова нікому не дазволім адняць». Ясна табе? — Тамара маўчала. Канькоў, пазіраючы на яе, запытаўся: — А што, калі ты кінеш райком?

— У дамашнія гаспадыні запісваеш?

— Чаму? Пагаворым з Сяльчонкам, перавядуць цябе ў зону МТС. Думаеш, мне лёгка без цябе жыць? Я, можа, болей як дваццаць восем гадоў цябе чакаў.

— А дачакаўшыся, збег.

— Няўжо ты мяне кахала б, калі б я такі быў, як Снігіркоў? За спіну і я мог схавацца. А не хачу. Трыццаць сем гадоў як адзін дзень быццам у катле кіпеў. На спакойнае жыццё не цягне. Ты вось зайздросціш такім, як Снігіркоў, а я такое кацінае жыццё ненавіджу. Пад’еў ды песенькі курняўкай. Не, Тамара, такая ўтульнасць не для мяне. Пройдзе год-два, і ў такіх, як Снігіркоў, зямля пад нагамі загарыцца. А чаму? Бо носу ён нікуды не выткне. Яго мяшчанскае мурло і цяпер Сяльчонак добра разгледзеў. Бачыў я, як Сяргей Паўлавіч паглядаў на яго ды ўсміхаўся.

Канькоў змоўк. Ліпанава паглядала на яго напружаную постаць, на пасуравелы твар і ўтароплены ўдалечыню позірк. У невыразнай шэрані ночы Канькоў здаўся ёй незнаёмы, быццам бачыла яго ўпершыню. I ў той жа час ён быў такі блізкі, зразумелы, родны.

Кволая цеплыня, што тулілася ў грудзях, раптам вырвалася, гарачым хмелем ударыла ў галаву. Вядома, такога, як Снігіркоў, яна ніколі не пакахала б. Натапырыўся і маўчыць. Мілы дурань, ды я цябе кахаць буду, хоць бы ты паехаў на Паўночны полюс. Няўжо ты не разумееш, што мне хочацца заўсёды быць побач з табою. Два вечары толькі было нашых. I вось ты ўжо некуды імкнешся. Любы мой, не злуйся. Калі б я цябе не кахала, дык ці ж нагаварыла б табе такога.

Свежы, чуйны вецярок біў у твар. Тамара яшчэ раз зірнула на Канькова, падумала: «Яму ж холадна».

— Вася, — ён павярнуў галаву, адчуўшы ў яе голасе нейкія новыя, цёплыя ноткі. — Захутайся лепш, каб не прастудзіўся часам.

— Я вынослівы. Мне сам чорт не страшны.

Гарадок спаў. Цішыню абуджалі толькі сабакі. Яны кідаліся на матацыкл з абураным брэхам, неўзабаве адставалі. Канькоў спыніў матацыкл ля веснічак Тамарынага дома. Яны доўга стаялі, узяўшыся за рукі, глядзелі адзін аднаму ў твар, маўчалі.