— Заўтра я скажу Сяльчонку.
Тамара пакруціла галавой.
— Не, Вася, не трэба. Не магу я. Нібы дэзерцірства. Заварыла кашу, а сама ў кусты. Не магу.
Ён прытуліў яе да грудзей, пагладзіў мяккія валасы.
— Вось і натрапіла каса на камень. А я чакаў гэтага. Адчуваў — не паедзеш ты са мной.
Тамара абвіла яго шыю рукамі.
XIII
— Пайшлі, дзеўкі, дадому,— Матрона Башукевіч павесіла на калок даёнку, зняла з галавы хусціну, прыгладзіла чорныя з сіняватым адлівам валасы. — Ну, хто са мной?
Дзяўчаты ў выгарцы мылі ногі, спявалі прыпеўкі. Вылучаўся звонкі голас Ліды Раковіч (гэтая высокая з кручкаватым носам дзяўчына ведала безліч прыпевак):
Мы з падружкай баявыя,
Баявей за нас няма.
Не прыходзіць мілы ў сваты,
Так і быць — пайду сама.
— Ліда, пра нас праспявай, — прыставала Тацяна Шахнюк. Тацяна любіла прыпеўкі, але сама не спявала.
— Давай, Лідка, — падахвочвалі дзяўчаты.
У Ліды і на гэты выпадак была прыпасена прыпеўка. Дзяўчына выпрасталася, уздыхнула на ўсе грудзі:
На гары расце бяроза,
Кара белая на ёй.
Заатэхнік патрабуе
Павышаць штодня надой.
— Ну вас, не падтрымліваеце... Не буду спяваць, — Ліда адышлася да Матроны Башукевіч. Тая стаяла ў цяньку, аберагала свой далікатнай ружовасці твар ад сонца. — Мы з Матронай Максімаўнай спяем.— I, не чакаючы згоды, зноў запела:
Мы з табой падружкі, Моця,
I ў рабоце, і ў гульні.
Я табе спяю прыпеўкі —
Ты палучыш працадні.
Матрона абхапіла Ліду, прыціснула да высокіх грудзей. Ліда вызвалілася, здзіўлена сказала:
— Сілы ў цябе на семярых.
— Праўда. Такіх мужыкі любяць, — і раптам зашаптала: — Ты нічога не чула? Заатэхнічка наша — добрая лялька. Муж да яе прыехаў, Зінчын дзядзька. Толькі ні шэп. Самой пад сакрэтам перадалі. Божачка, што пайшло на свеце: маладзенькая, а за старога замуж пайшла. Ды яшчэ ад жонкі адбіла.
— Хлусня, мусіць, — не паверыла Ліда.
— Верны чалавек казаў. Так што ты пры Зіне не вельмі выказвайся...
Падышлі дзяўчаты, перапынілі размову, У вёску рушылі гуртам, апрача Ніны Шумейка і Зіны Асташка. Абедзве ўсё яшчэ плёскаліся ў выгарцы.
— Адстанеш, — папярэдзіла Зіну Шумейка.
— А ты?
— Я, мабыць, не пайду.
— Чаму?
— Так,— Ніна выпрасталася, абтрэсла з далоняў ваду, памахала рукамі ў паветры, каб хутчэй высахлі. Зіна праз акуляры пазірала на яе.
— Тады і я не пайду.
— А табе што?
— Хачу на пашу да пастухоў заглянуць.
Цяпер ужо Шумейка здзіўлена паглядзела на Зіну і раптам засмяялася.
— Дык я таксама дзеля таго і засталася. Падкормка канчаецца, а далей як? Надумала адлучыць сваіх кароў ды папасвіць па ўзмежках.
— Хітрая, а мне — ні слова.
— Ты — не лепшая. Шчыра прызнацца, дык ёсць у мяне прапанова, толькі не ведаю, як ты на яе паглядзіш. Учора ішла я каля ільну: зарос пустазеллем — страх. Калі з гадзіну папалоць лён, дык ведаеш, колькі кашоў можна малачаю ды асоту назбіраць. Вось толькі сячкарні няма. А то такі пачастунак быў бы. Я ў Тараса Тарасавіча выпытала, што ў нас і мука на складзе ёсць. Калі добра папросім...
— Здорава прыдумала. Вядома, пустазелле — не авёс або канюшына, але ўсё ж лепш, чым нічога. У наступным годзе, дзядзька казаў, у нас будзе свой прыфермскі ўчастак. А пакуль будзем перабівацца. Не, ты проста выдатную ідэю падказала.
— Дык можна сёння пачаць.
— А чаму не. Я папрашу Лёньку прывезці нам сячкарню. Думаеш, не паслухае?
— Цябе паслухае. Ён для цябе што хочаш зробіць.
Зіна пачырванела, збянтэжылася.
— Не падумай чаго благога.
— Ды я так, к слову прышлося. Мне да чужых сакрэтаў няма справы.
— Чэснае слова, мы толькі дружым.
— Табе што...
Ніна раптам змоўкла. Зіна нічога не разумела, хоць адчувала: ёсць у Ніны свая, вялікая тайна. Але колькі ні ўспамінала, не магла прыгадаць, каб Ніна да каго-небудзь з хлопцаў адносілася прыхільна.
Калі ў поўдзень Дзямід прыгнаў кароў з поля, дык надта здзівіўся. Ля кашары пад паветкай стаяла сячкарня. Лёнька Зайчык разам з Нінай круцілі кола, а Зіна падавала ў жолаб траву. Ладная куча ўжо была нарэзана, ляжала зялёнай грудай.
Пакуль прышлі даяркі, корм быў разданы, а Дзямід расказваў моладзі пра свае вандраванні ў гады грамадзянскай вайны.
— Ну што, сарокі-белабокі, абхітрылі вас!.. — прывітаў ён дзяўчат.
— 3 такімі аднаасобнікамі і размаўляць не варта, — бразнула даёнкай Тацяна Шахнюк.
— А вы, сарокі, лепш далучайцеся да Зіны з Нінай.
— Ды ўжо ж... Я была сама падумала: не дрэнна падкармліваць кароў, як гэта мая маці дасюль робіць, ды неяк пасаромелася, — сказала Ліда. — Ну, як, дзеўкі, адразу ж пасля дойкі — на поле? Сярпы толькі захопім. На ўзмежках трава па пояс.