Усе згадзіліся, апрача Матроны Башукевіч. Абвёўшы дзяўчат сваімі прыгожымі светлага блакіту вачыма, яна пакрывіла вусны, нібы раздумваючы, сказала:
— Пайсці хіба? Дык жа не выпадае. I так, як у пекле, спачыну няма, а гэта ўжо ледзь не прыгон які.
Летні дзень бясконцы. Але дзяўчаты нават не заўважылі, калі пабольшалі цені, калі душная гарачыня змянілася лёгкай прахалодай. Можа яны так і збіралі б траву да самага вечара, каб не прыехаў Лёнька Зайчык. Саскочыўшы з драбін, ён гукнуў на ўсю моц:
— Шабаш, дзяўчаты. Камісія прыехала.
Дзяўчаты выпрасталі набалелыя спіны.
— Якая камісія?
— Хлусіць ён.
— Лёньку абы камісія...
Дзяўчаты абступілі Лёньку, тармасілі яго за вылінялую кашулю.
— Праўду кажу — прыехалі. Ева з Верай Антонаўнай там іх прымаюць. Пакуль абавязацельствамі цікавяцца. Вось-вось на ферму паедуць. Даміра загадаў Шняку мукі падкінуць.
— Ды ты па парадку, Лёня, — папрасіла Зіна Асташка.
— Можна і па парадку. Толькі спачатку пагрузку зробім, а па дарозе акурат усё далажу.
Нагрузілі травы поўныя драбіны. Ленька пагнаў каня.
— Цікавіцеся, якая камісія прыехала. Дык я і сам, дзяўчаты, не ведаю. Камсамольскія сакратары на пятроўскай трохтонцы прыімчалі. Кажуць, што хочуць пераняць наш вопыт. Я так думаю: мабыць, наш пачын многа шуму нарабіў. Былі адсталымі, ды раптам у перадавыя. Вось і хочуць тэмпы пераняць.
— Чаму яны навучацца... — хтосьці падаў нясмелы голас.
— Павучыцца ёсць чаму. Хоць бы наконт падкормкі. Важная справа... А хто ініцыятары? Камсамольцы. Цяпер усе тварам да Закружжа павярнуліся — таму і камісіі. Гэта яшчэ кветачкі. А пачакайце, як з-за мяжы пачнуць да нас ездзіць... Вось работы будзе!
Дзяўчаты загаманілі.
— Адна камісія перапуду нарабіла.
— Жартуе ён.
— А чаму? Возяць нас у адно месца.
— Я тры разы на нарадзе была ў раёне — тры разы ў Пятроўскае на экскурсію вазілі.
На кашары яшчэ нікога не было. Зноў дзяўчаты ўзнялі шум, пацяшаліся з Лёнькі. Смех, жарты і прыпеўкі абуджалі лясную цішыню. Хутка нарэзалі сечкі, заклалі зялёную, сакавітую траву ў кармушкі, пасыпалі мукой, соллю. Лёнька скамандаваў адбой, але дзяўчаты адпачываць не сталі. Навязалі бярозавых венікаў, чыста падмялі навокал: няхай бачыць камісія, што закружскія дзяўчаты руплівыя ды дбайныя.
А камісіі ўсё не было.
***
Ева сустрэла Веру Алексіч на вуліцы, усміхнулася загадкава, папрасіла зайсці ў клуб.
У клубе было душна і брудна. Сонца ўрывалася ў вокны, як нечаканая рэвізія, выкрывала ўсе хібы даўняга Евінага гаспадарання. Запыленыя плакаты, павуцінне, пакамечаныя паперкі і недакуркі, заліты чарнілам абрус, — усё выглядала несамавіта, хоць некалі, відаць, было новым і чыстым. Вера паморшчылася. Неяк не заўважала яна раней гэтай убоскасці, можа таму, што ўпершыню зайшла сюды не па справе.
Ева адкінула нагой з дарогі нейкую бляшанку, прайшла за сцэну. Тут у маленькай каморачцы, дзе размясцілася бібліятэка, парадак быў крыху лепшы. Мабыць, у Евы хапала цярпення толькі на тое, каб прыбраць гэты невялікі пакойчык.
— П’есу я новую атрымала, — пачала Ева, — надта цікавую. Пра каханне пішуць. Ды так здорава — я нават плакала. Можа вы прачытаеце яе, ды скажаце, каму лепш за ўсё ролі даручыць.
Вера адчувала, што Ева паклікала яе ў клуб не так сабе, што яна хоча паведаміць нешта важнае, якое мае прамыя адносіны да Верынага жыцця. Што, аднак? Няўжо хто даведаўся пра яе замужжа? Але як? Леў Раманавіч даў зразумець, што нікому нічога не гаварыў. Тады, што ёй трэба? Няўжо Рамір? Адкуль маглі даведацца пра яго? Магла сказаць Ліпанава. Але яна толькі здагадваецца.
Вера дрыготкім голасам запыталася:
— Ты мне нешта іншае хацела сказаць? Вельмі непрыемнае што-небудзь?
Тады Ева кінулася ёй на шыю, прытулілася да пляча. У Веры балюча забілася сэрца.
— Я зусім, ніколечкі не веру гэтым плёткам. Мала чаго ў нас не выдумаюць... — і ўжо шэптам дадала: — Кажуць, нібы Алексіч твой муж, і нібы ў горадзе ў цябе другі ёсць, і нядаўна ты да яго ездзіла...
Вера адчула, як чырвань апякла твар. Гарачынёй палалі шчокі, вушы, нават патыліца. «Хто мог такое сказаць? Хто?» Думка ліхаманкава шукала адказу. «Ліпанава? Не. Алексіч? Не. Тады хто?»
— Ад каго ты чула?
— Дзеўкі пляткарылі, — няўпэўнена адказала Ева.
Вера ведала, калі добра папрасіць, дык Ева скажа, але было надта няёмка ўсчынаць такую размову.
На вачах у Веры набеглі слёзы. Дзень за днём адны непрыемнасці. Вера адчувала, што Ева чакае адказу, але не магла адважыцца ні на тое, каб схлусіць, ні на тое, каб сказаць праўду.
— А вы не засмучайцеся, Вера, — пашкадавала Ева заатэхніка.— Па-мойму, вы Алексіча зусім дарэмна пакінулі. Падумаеш, быў жанаты!.. Хоць і гэты мастак Рамір не благі. Яго толькі трэба моцна ў руках трымаць.