Выбрать главу

У Веры адразу высахлі слёзы: такой дасведчанасці яна не чакала. Невядома, чым закончылася б размова, каб у гэты час ля клуба не спынілася машына. 3 кузава саскочылі на дарогу хлопцы, абтрэслі пыл, рушылі ў клуб.

Спачатку Вера ніяк не магла ўцяміць, чаму прыехалі камсамольскія сакратары, потым, калі зразумела, спалохалася. Давядзецца ехаць з імі на кашару, а Веры хацелася б зашыцца куды-небудзь у цёмны куток, далей ад чалавечых вачэй. Затое Ева адразу затараторыла. Было нават дзіўна, адкуль у яе бярэцца тое красамоўства.

— Не заўсёды гара да Магамета на паклон ходзіць, вось і вы да нас прышлі. Павучыцца хочаце? Гэта можна. Мы з дарагой душой вопыт перададзім. У нас рост камсамольскіх радоў прыкметны. Хібы таксама ёсць,

— Вы расцяцё і недахопы растуць. Вось мы і прыехалі іх вывучаць, каб у сябе не дапусціць.

Ева адразу ж наляцела на хлопца, які гэтак бесцырымонна паспрабаваў пажартаваць.

— Мы, калі хочаце ведаць, яшчэ і не пусцім вас на кашару. Даяркі супроць гэтага, бо каровы хвалююцца, надоі змяншаюцца, а карысці нам ніякай. Рабіце недахопы самі, ды і вывучайце іх. Нездарма вас на мінулым бюро за палітасвету білі. Архаісты вы!

— Хто?.. — Юрка ледзь стрымаўся. — Мы, канешне, не супраць, раз вы ініцыятыву праявілі. Вам гонар і слава. Але, канешне, цікаўнасць ёсць самім на ўсё паглядзець, як мы з вамі за гэтыя самыя зоркі змагацца сабраліся. Прабачце, канешне, а толькі ўсё паглядзець трэба. Тамара Аляксандраўна сама ў першую чаргу параіла з’ездзіць паглядзець работу, а ўжо затым слова сваё на ўвесь раён сказаць.

Юрка аж узапрэў ад такой далікатнай размовы. Па сваёй прафесіі прывык ён не надта падбіраць словы, але тут патрэбны быў такт. Ева між тым думала, што рабіць? Яна добра ведала, што калі збіраўся хто прыязджаць з вобласці ў калгас, дык Даміру выручаў заўсёды сябрук, былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі. Тады Даміра прыводзіў усё ў баявую гатоўнасць, так што нават самая прыдзірлівая камісія ў роспачы разводзіла рукамі.

Спачатку Ева прывяла камсамольскіх сакратароў у канцылярыю, дзе Даміра ўзнёсла і доўга расказваў ім пра новы пачын закружцаў. Адтуль экскурсантаў павялі на паплавы і Балонне. Разам з імі пайшоў і Леў Раманавіч.

Такую аўдыторыю Леў Раманавіч сустракаў у другі раз. Ён не ведаў сапраўднай прычыны экскурсіі і думаў, што камсамольцы прыехалі паслухаць толькі яго.

— Дапытлівыя сябры мае, сёння вас прыехала шасцёра, але тыя, хто не застаўся раўнадушным да лёсу паплавоў. Мы толькі яшчэ разгортваем наступленне: падлічваем сілы, рыхтуем рэзервы, ствараем матэрыяльную базу. Потым узаўецца чырвоная ракета, і сотні вось такіх цікаўных і працавітых рушаць у наступ. Злева ад нас старадаўняя пустоша Балонне. Як вяснушкі на твары, рассыпаны па ёй рудыя пляміны купін. Паспелы зязюльчын лён абсыпае на шызую зямлю мільёны спораў. Многія з іх загінуць, але многія дадуць парасткі, і зноў не прывабная зеляніна мяккай травы, а шорсткія, рудыя сцяблы зязюльчынага ільну будуць, як маўклівы дакор людзям, цягнуцца да сонца, высмоктваць сокі зямлі. Далей, ля самага лесу вы бачыце рыжа-зялёную сцяну. Гэта асака бутэльчатая, дрыгвяністая, дзіўная ды касач, хвошч, чарот, сітнік. Саксаул беларускіх балот. Яны такія ж, як і саксаул, непатрабавальныя, нахабныя ў сваім імкненні адваёўваць новую жыллёвую плошчу. Дзе вільгаць — там гэтыя травы; дзе паявіліся яны, там паявіцца вільгаць. Паволі, але няўхільна паўзуць яны па нізінах, ператвараючы зямлю ў пустыню. Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудронка, багун і чылібуха, мох і глухая альха. Мне не давялося пабачыць Балонне пасля вайны, калі тры гады ўзапар дарэмна чакалі травы касцоў. Цяжкі быў час. Фашысты забралі ўсю жывёлу, чалавеку не было неабходнасці касіць гэтую змардаваную, знявечаную барацьбой з дзікімі раслінамі траву. Для той жывёлы, што засталася, хапала паплавоў. Старыя людзі кажуць, што на чацвёрты год засталі яны на Балонні бярозкі таўшчынёй у палец. Кучаравіліся вольхі, у зарасніках лазы звівалі гнёзды салаўі. Там-сям хаваліся ў траве недарэчна кволыя елачкі і сасонкі, чакалі жыватворчага ценю, каб потым адразу вымахнуць пад неба, прыглушыць лісцёвыя дрэвы. У гэты, чацвёрты год каса чалавека перапыніла іх існаванне. А што б было, дарагія сябры, каб не чатыры гады, а сто ішла вайна, як гэта было некалі ў Еўропе? Лясы і балоты адваявалі б у чалавека зямлю, загналі б яго ў гушчары.

Я — не супраць лесу. Я люблю нашы бары і пушчы. Я — супраць таго драбналесся, тых масіваў зямлі, якія спусташаюцца карлікавымі елкамі і соснамі, лазой і асакой, зязюльчыным ільном і мохам. Я — за культуру людзей, а значыць і за культуру зямлі. Не можа культурны чалавек цярпець вакол сябе смецце і бруд. Мы вышлі на першае ў свеце месца па пісьменнасці, а дасюль церпім затхласць нашых рэк, церпім камарыныя балоты, спакойна пазіраем на асаку і чарот, быццам яны нам падабаюцца.