Выбрать главу

Дарагія мае сябры! Вам хочацца быць прыгожымі, таму вы вучыцеся, выхоўваеце ў сябе найлепшыя якасці чалавека. Вы не захочаце апрануць рызманы. Яны не пасуюць вам. А ці падумалі вы, што зямля, якая нарадзіла ўсё: травы, дрэвы, збажыну, гародніну, сады, не скінула яшчэ рызманоў старога ладу. I асака, і зязюльчын лён, і балоты, і куп’ё — усё гэта спадчына жабрачай панска-купецкай Расіі.

Я бачу, як загарэліся вашы вочы. Вы поўны рашучасці пачаць бітву за прыгажосць зямлі. Але аднае рашучасці мала. Як патрэбны густ, каб прыгожа апрануцца, так патрэбны веды, каб змяніць аблічча зямлі. Вы скажаце: яны ў вас ёсць. Так. Дзесяць класаў — салідная падрыхтоўка. Вы маеце такі запас ведаў, з якімі можна рухацца ў жыццё. Не папаўняючы яго, аднак, можна разгубіць усё, што маеш за душой. А многія ідуць і ніяк не могуць уцяміць — навошта ім веды. Кароў даіць можна і непісьменнаму. Веды, дарагія мае хлопцы, патрэбны для таго, каб пераўтварыць зямлю, зрабіць яе прыгожай і маладой.

Праз тыдзень-два мы пачнём складаць карту глеб калгаса «Маяк», каб можна было вырашыць, дзе ўпрыгожыць зямлю канюшынай і цімафееўкай, дзе пасеяць люцэрну ці кукурузу, а дзе такую траву, як канарэечнік і райграс. Калі ласка, прыходзьце да мянё. Будзем разам раіцца, у якое плацце нам лепш адзець нашы лугі, балоты, паплавы.

I яшчэ адно. Прыгажосць — з’ява незвычайная. Яна мае адну ўласцівасць — весці наперад, удасканальваць чалавека. Паляпшаючы зямлю, мы захочам быць яшчэ прыгажэйшымі і знешне, а галоўнае, духоўна. Не бойцеся, што ў вялікай гэтай рабоце можа хто захварэе нявер’ем ці якой другой хваробай. Старайцеся захапіць такога чалавека велічнасцю нашых планаў, удыхнуць у яго найвялікшую ідэю — заўсёды ўдасканальвацца. Помніце: доўгі прыпынак — смерць. Твань, асака, мох абрасце вас.

Наперад, мае сябры!

Леў Раманавіч кончыў і адразу збянтэжыўся: ён і забыўся, што выступае ўсяго перад васьмю чалавекамі. Хлопцы, узрушаныя прамовай, маўчалі. Даміра скептычна ўсміхаўся: сівы, а блазнуе. Вера думала: не ад яго пайшла гуляць па вёсцы чутка аб яе замужжы.

— Можна адно пытанне? — выступіў наперад Юрка. — А вось з жывёлагадоўляй як у вас?

— Пакуль што дрэнна,— Лёнька падміргнуў хлопцам.— Некалькі дзяўчат пайшлі на фермы, замянілі старых жанок, узялі абавязацельствы. Думаю, абавязацельствы яны выканаюць. Але што такое паўтары тысячы літраў малака за год? Дробязь. Калі ў наступным годзе мы будзем мець зялёны канвеер, сілас з кукурузы, сена з найлепшых гатункаў канюшыны і цімафееўкі — мы цвёрда скажам: тры, чатыры тысячы літраў малака ў год. А потым, калі палепшым пароду кароў, дадзім заяўку на пяць, шэсць тысяч літраў малака ў год. Вось чаму я кажу: пакуль дрэнна.

Хлопцы пашапталіся. Потым Юрка адказаў за ўсіх:

— Мы, канешне, просім прабачыць. Не паверылі адразу. Ажно ў вас сапраўды вялікія справы пачынаюцца, і давядзецца пацягацца сур’ёзна. Можа вы да нас прыехалі б. Моладзь даўно такіх лекцый не чула. Вельмі цікава паслухаць.

На тым і закончылася экскурсія ў «Маяк», за якую так баяліся Ліланава, Ева і Даміра.

Вера пайшла на кашару, хоць з гадзіну назад з жахам думала над тым, як яна сустрэнецца з людзьмі. Пацягнула да дзяўчат, да справы, якой даўно ўжо не займалася. Першай сустрэла яе Зіна Асташка. Прывіталася і, як здалося Веры, адвяла вочы ўбок, быццам злосная на яе. Матрона Башукевіч нешта шапнула Тацяне Шахнюк, і тая здзіўлена паглядзела на Веру. Паявілася Ніна, пачырванела ўся, але прывіталася.

У Веры пахаладзела ў грудзях: асуджаюць. Каму трэба было кратаць старую, незагоеную больку? I раптам прышла здагадка. Гэта Зіна Асташка! Леў Раманавіч расказаў сястры і пляменніцы пра сваю жаніцьбу, а Зіна — даяркам. Крыўды на Зіну не было — толькі здрадлівая жаласць да сябе казытала ў горле, выклікаючы слёзы. Стрымала сябе. Пайшла да Дзяміда Пракуды, каб дамовіцца аб новых пашах.

Пазней, калі даяркі закончылі даіць кароў, Вера сустрэла Ніну Шумейка.

— Вера Антонаўна, — паклікала яе Ніна, а калі Вера падышла, — доўга маўчала, капала пальцамі ў пяску равок. На Веру не глядзела, вочы былі апушчаны долу.

— Што табе?

— Прабачце мне за той выпадак.

— Я ўжо забылася,— заспяшалася Вера. Ёй самой было чамусьці надта няёмка.