Выбрать главу

— Прабачце ўжо. Іншы раз сама не ведаю, чаму такая. Нагаварыла вам...

— Сама я вінавата...

— Не, вы добрая. Толькі вы гордая. Як і я, да людзей не хочаце ісці.

Вера раптам падумала, што з Нінай можна пагаварыць па шчырасці.

Запыталася:

— Не чула, Ніна, што пра мяне гавораць?

— Чула. Бабы ўсё. Яны такія кашы сплятуць, што сябе не пазнаеш.

— Гэта не плётка. Толькі не зразумею, адкуль усё вядома стала? Няўжо Зіна сказала?

Ніна спалохана адхіснулася:

— Што вы, яна нічога не ведае нават.

Зноў Вера задумалася над тым, хто яшчэ мог ведадь пра яе няўдалае жыццё?

XIV

На паплавах звозілі сена. Да стога яго падцягвалі двума валакушамі — таўставатымі жардзінамі, якія былі прымацаваны да гужоў. Некалькі мужчын ускідвалі сена наверх. Там найлепшыя закружскія спецыялісты — дзяды Сілявей і Нічыпар — ахапак за ахапкам акуратна ўкладалі вакол шаста.

Дзяўчаты і жанчыны ў белых хусцінках і стракатых плаццях падграбалі поплаў следам за валакушамі. Поплаў агаляўся. Жаўтавата-зялёны, ён выглядаў бы вельмі панура, каб не аздаблялі яго конусы ўжо закончаных стагоў, каб не было гэтай увішнай, руплівай мітусні людзей.

Канькоў, як толькі вышаў на ўзгорак, спыніўся, зачараваны неабдымным прасторам. Справа на другім узгорку рассыпаліся, як авечкі на пашы, хаты калгаснікаў, не ўсе аднолькава дыхтоўныя, вялікія, але дагледжаныя дбайнымі рукамі. Ля многіх зелянелі дрэўцы, там-сям уздымаліся над вёскай старыя, выпрабаваныя вайной і пажарам таполі, ліпы і клёны. Налева, за поплавам, звівалася рэчка. Далей, у промнях сонца, купаўся сіне-зялёны лес. Прама перад вачыма быў поплаў. За ім, наколькі хапала зроку, пад павевам ветру гойдалася дробнай хваляй жыта. У Канькова завярцеліся ў галаве ўрыўкі сказаў да нейкай ненапісанай яшчэ аповесці ці мо паэмы. Хацелася прыдумаць нешта ўзнёслае, велічнае. Прыходзілі рыфмы і тут жа бясследна прападалі, бо зрок выхопліваў нешта больш значнае і прыгожае, што хацелася абавязкова ўціснуць у той першы сказ-падмурак, на якім будзе стаяць увесь паэтычны будынак. Вось у галаве выкрышталізавалася, абтачылася першая фраза. Прызвычаеным рухам Канькоў дастаў запісную кніжку, выцягнуў аловак і тут раптам успомніў, што прышоў ён у Закружжа зусім не за тым, каб пісаць нарыс ці крытычны артыкул, а назаўсёды — працаваць. Быць тым, пра каго пісаў не раз пасля заканчэння партыйнай школы. Успомніў свой невялічкі пакой, вялізны стол, заўсёды завалены гранкамі, пісьмамі, газетнымі палосамі, кнігамі. Напэўна, цяпер за сталом сядзіць адказны сакратар Валя Яшчэня, чытае свежыя палосы, ад якіх пахне вільготнай паперай і друкарскай фарбай. Валя чытае і шмыгае носам — прывычка, ад якой дзяўчына ніяк не можа сябе адвучыць. На вялізных палях з нядбайна абарванымі краямі яна піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Потым з наборнага цэха прыбяжыць стары, згорблены вярсталынчык Залман Ізраелевіч Цукерман, ці проста «цукровы чалавек», як яго клічуць за вочы. Ён возьме газетную паласу, ссуне акуляры з ілба на гарбаты нос, доўга будзе то падносіць газету да самых вачэй, то аддаляць яе на адлегласць выцягнутых рук. Урэшце, не вытрымае, пачне ўшчуваць сакратара.

— Стары Залман стаў нікуды не варты. Але навошта ў яго адбіраць апошні зрок. Хай ты будзеш здарова, Валечка, толькі не пішы такімі дробнымі знакамі. Нябожчык Іван Шаўцоў таксама пісаў каракулямі, дык ён жа быў ого які чалавек! Бывала, газета затрымліваецца, дык ён проста ля талера піша, бярэ літару за літарай з касы, глядзіш — артыкул.

Іван Шаўцоў — першы рэдактар у іхнім раёне, якога ніхто, апроч Цукермана, не помніць. Яго забілі зялёныя банды неяк адразу пасля грамадзянскай вайны. Для Цукермана — ён вяршыня газетнага мастацтва.

...Прыгадаў Канькоў і свае два незакончаныя нарысы, што пісаў для цэнтральных выданняў. Так і не дачакаюцца іх у рэдакцыях.

Ад успамінаў зрабілася маркотна. Крыху палохала і невядомасць.

Як усё пойдзе? Праўда, пасля вайны давялося працаваць на розных пасадах. Быў следчым пракуратуры, сакратаром па кадрах, інструктарам абкома. Там і пачаў пісаць. Спачатку крытычныя карэспандэнцыі — на большае не адважваўся, хоць з грудзей ірвалася штосьці велічнае, нейкія падобныя на музыку словы, прыгожыя і ўзнёслыя. Аднаго разу ў раённай гасцініцы паспрабаваў запісаць гэтыя нястрымныя крыкі душы. Атрымаўся верш, квяцісты, як і тая вясна, што нарадзіла яго. Доўга мучыўся, потым заклеіў у канверт і хутчэй кінуў у скрынку. Баяўся, калі не апусціць цяпер, дык ужо ніколі не адважыцца адаслаць. Пакутліва чакаў адказу. Нешта праз месяц атрымаў ліст. «Паважаны таварыш Канькоў, — пісаў літкансультант, — ваш верш «Майскі ранак» надзвычай слабы. Друкаваць яго не будзем. Чытайце больш Пушкіна, Маякоўскага і паэтаў нашага часу». Трыма радкамі былі нашчэнт разбураны спадзяванні і мары. Але пісаць цягнула. Здаецца, трапіў у зачарованы вір, хацеў бы вырвацца, выплысці на бераг, а цябе ўцягвае ўсё глыбей і глыбей. Доўга саромеўся паказаць каму-небудзь свае творы, потым неяк адважыўся, занёс у абласную газету. Невысокая, бялявая жанчына — загадчык аддзела — папрасіла зайсці праз тыдзень. А назаўтра, разгарнуўшы газету, ён убачыў сваё прозвішча, вынесенае ўверх: Васіль Канькоў. Пад загалоўкам буйнымі літарамі было напісана — «Нарыс». Упіўся вачыма ў тэкст: словы гучалі бадзёра і мілагучна. Не верылася, нават, што сам напісаў іх. Былі яны да таго прыгожыя і мілыя, што Канькоў, узрушаны, доўга бегаў па пакоі.