Выбрать главу

— Справаздачу я закончыла складаць

Даміра махнуў рукой. Нейкія свае думкі не давалі яму спакою. Вера пачынала адчуваць сябе нязручна: хоць бы ўстаць, але да плацця не магла дацягнуцца рукой. Прайшло шмат часу, пакуль Даміра зноў прыўзняў галаву. Устаў з крэсла, недарэчна пахістваючыся. Але пайшоў ён не да дзвярэй, а да Веры. Яе раптам апанаваў страх: пад коўдрай падабралася цела, тысячы мурашак забегалі па спіне.

— Вера Антонаўна, — у Даміры раптам ахрып голас, а жоўтыя вочы сарамліва глядзелі міма яе галавы, некуды ў кут. — Не падумайце, што я махляр які, п’яніца-прапойца. Чэснае слова партызана — аддам, але цяпер дазарэзу трэба пяцьсот рублёў.

У Веры адлегла на сэрцы, але, пачуўшы пра грошы, яна разгубілася і, увесь час паўтараючы: «Я зараз, зараз», заставалася ў пасцелі.

— Ды вы не турбуйцеся. Скажыце, дзе?

— На шафе сумачка.

Даміра дастаў сумачку, не раскрываючы, падаў Веры.

— Другі ў касу залез бы. А я не магу. Думаеце, сабе бяру? Сёння абяцала камісія прыехаць. Добрыя хлопцы — пачаставаць трэба будзе. А тут, як на тое ліха, — ні граша ў кішэні.

Дрыжачымі пальцамі Вера дастала пачак грошай. Ледзь адлічыла пяцьсот рублёў.

— Вось вам.

— Дзякую, — Даміра схапіў Верыну руку з грашыма, доўга-доўга трос яе. Кінуўшы трэсці, паклаў грошы ў кішэню. Раптам на Веру дыхнула вострым пахам гарэлкі. Тады яна ўспомніла, як смяялася Ева, і ёй зрабілася прыкра. Сказала рэзка і строга:

— Дайце апрануцца, расселіся тут...

Даміра збянтэжана заміргаў бялявымі вейкамі, вышаў. Вера ўскочыла, накінула на сябе плацце, на скорую руку прычасала валасы, касу заплятаць не стала. Калі яна вышла ў другі пакой, дык убачыла, што Даміра чакае яе. Веру ахапіла злосць. Грукнуўшы кранікам бляшанага мыцельніка, яна запыталася:

— Чаго вы стаіцё?

— Вера Антонаўна, яшчэ адна просьба.

— Што яшчэ?

— Нікому не кажыце, што я ў вас грошы пазычаў.

— Не скажу.

— Я ў вас ледзь не ўсе забраў. Калі спатрэбяцца, прыходзьце, аванс дамо.

— Думаю, што вы грошы хутка аддасцё.

Даміра зноў ухапіў яе ўжо мокрую руку, моцна паціснуў.

У Веры было агідна на душы. Грошай яна не шкадавала, ліха з імі,— шкада, што так лоўка правялі яе. Нагаварыў кучу страхаў, выклікаў жаласць і абабраў. Вера дастала з сумачкі рэшту: засталося семдзесят шэсць рублёў. Трэба абавязкова з’ездзіць у горад, прадаць што-небудзь: інакш не пражыць.

Дзверы сенцаў моцна грукнулі — на парозе стаяла высокая дзяўчына з сумкай — паштальён Ніна Шумейка.

— Вам пісьмо, — буркнула яна. Веры здалося, што Ніна на яе злуецца, адводзіць карыя вочы ўбок. — Распішыцеся.

То быў вялізны пакет, месцах у пяці заштэмпеляваны, з мноствам рознакаляровых марак. Вера распісалася. Ніна сунула кніжку ў кішэню, няласкава зірнула на Веру і, не развітаўшыся, вышла.

«Чаго яна?» — падумала Вера і адарвала край канверта. У ім ляжаў той малюнак, што накідаў тым развітальным вечарам Рамір. Відаць, перад тым, як паслаць яго, Рамір зрабіў некалькі рэзкіх штрыхоў — спрабаваў закончыць яе партрэт. Але партрэта не атрымалася. На кавалку ватмана некалькі чорных густых штрыхоў даволі характэрна перадавалі яе акруглы авал твару з маленькім вухам, гладка зачэсаныя валасы з завіточкамі ля віскоў.

Вера зазірнула ў канверт, але там больш нічога не было. Чаму Рамір нічога не напісаў? Засоўваючы малюнак у канверт, Вера ўгледзела на ім некалькі слоў, напісаных не па-наску: «Аrs longa, vita brevis est».

Чужыя незразумелыя словы кальнулі вельмі балюча. Потым ёй прышло ў галаву, што Рамір знарок напісаў па-латыні, спецыяльна для яе. Ён жа ведаў, што яна вучыла латынь. А яна, апрача слова «vitа», нічога не магла разабраць.

Увайшла Ева, радасная, усхваляваная. Угледзеўшы ў руках Веры малюнак, падбегла, успляснула рукамі.

— Вы! Як добра! Хто гэта маляваў?

— Адзін мой добры прыяцель.

— Ой, як добра!.. Толькі чаму вы з адным вокам тут?

Вера паспешліва схавала партрэт.

— Не паспеў дамаляваць, а па памяці, відаць, не схацеў канчаць.

— Ён прыгожы?

— Не ведаю. Мабыць так.

— Прыгожы. Вы таксама прыгожыя вельмі.

Вера чамусьці засаромелася, пачырванела.

— I я пісьмо атрымала. Вось глядзіце, як піша,— Ева падала невялікі лісток, спісаны буйным, размашыстым почыркам.

Чужы ліст чытаць было не вельмі прыемна, і Вера толькі прабегла яго вачьша. Уразіла яе адна фраза. «Дайшлі чуткі, што ты там падкручваеш, дык глядзі, Еўка, што разыдземся ў розныя бакі».