Выбрать главу

Некалькі наступных нарысаў вырашылі далейшы лёс Васіля Канькова. У партыйнай школе яго адразу залічылі на аддзяленне журналістыкі. Адтуль і паехаў рэдактарам газеты ў свой родны раён. Бліжэй да месца, дзе вырас, партызаніў, дзе так многа добрых сяброў і таварышаў. Рабіў газету і пісаў, пісаў, пісаў. Адсылаў у рэдакцыі толькі найлепшае, баючыся, каб зноў не параілі чытаць многа разоў перачытанага Пушкіна.

I вось настаў час, калі трэба забыць пра свае задумы, пра самую запаветную сваю мару — напісаць гераічную п’есу аб партызанах, аб тым, як тысячы людзей, розныя па характару, па асабістых якасцях, загінулі ў час блакады, аб іх мужнасці, якая застаецца невядомай той моладзі, што жыве, вучыцца сёння. Можа, ён зрабіў няправільна, паддаўшыся хвіліннаму парыву пачуццяў? Можа трэба было перачакаць? Знайшліся б людзі, якія паехалі б у Закружжа за старшыню і, напэўна, не горш яго здолелі б узняць гаспадарку калгаса «Маяк». Тады ён працаваў бы над тым, да чаго так настойліва яго цягне. Перачакаць? Канькоў шпурнуў недакураную папяросу. Рашуча пакрочыў на поплаў. А тых, што загінулі ў блакаду 1941 года, ці думалі яны над тым, каб перачакаць? Дваццаць адзін раз ішлі на прарыў, гінулі, а ішлі, і ніхто не сказаў — трэба чакаць. А ў сорак другім годзе, калі фашысцкія арміі рухаліся на Сталінград, людзі не чакалі, пакуль вырашыцца лёс Савецкай Расіі. Чаму ж ты цяпер задумаўся, камісар Канькоў? Тваё асабістае раптам зрабілася надта блізкім. Мо пачынаеш абрастаць мохам, як той поплаў? Дык жа не будзе гэтага!

Канькоў расправіў плечы, зняў кепку і ўжо як гаспадар, важка і шырока, пакрочыў да людзей.

— Спор ды лад у рабоце, — прывітаўся ён.

— Дзякуем, — хорам адказалі мужчыны, здзіўлена паглядаючы на лезнаёмага чалавека. — Ад дапамогі няма патрэбы адмаўляцца.

— Памагчы можна. Даўно вілы ў руцэ не трымаў.

— Фізкультура — першы гатунак.

— Прывыкнеш за дзень вілы высока падымаць, дык увечары лыжку ўсё вышэй ілба падымаеш.

Канькоў узяў на доўгім чаране вілы, падхапіў бярэмя сена, адным рухам ускінуў на стог. Адчуў, як забілася сэрца. Падумаў: «Даўно не займаўся фізічнай працай, нават фіззарадку занядбаў». Зноў падхапіў бярэмя, потым трэцяе, чацвёртае. Сэрца пачало біцца роўна, толькі ад непрывычкі выступіў на ілбе пот.

Праз хвілін сорак стог быў завершан. Дзяды спаўзлі зверху, абышлі стог навокал, падраўнялі яго граблямі, прымацаванымі да доўгіх грабільнаў. Аднекуль паявіўся Даміра, убачыўшы Канькова, паморшчыўся, быццам раскусіў няспелую журавіну.

— Пісаць прыехаў?

— Усё разам, — Канькоў дастаў пачак «Беламора». Да яго адразу пацягнуліся некалькі рук. Каструбаватыя, нягнуткія ад працы пальцы нязграбна хапалі папяросы, мялі крэпаны тытунём канец. Даміра выхапіў адразу дзве папяросы: адну паклаў за вуха, другую прыкурыў.

Сядзелі воддаль стагоў. Перакідваліся словамі.

— Каго ж нам рэкамендуюць? — не вытрымаў Даміра. — Я не сцярпеў і збег.

— Дарэмна збег. Некалі ты не бегаў.

— А якая карысць слухаць? Не здолеў ажыццявіць кіраўніцтва ўзбуйненай гаспадаркай, — у Даміравым голасе ясна пачуліся ноткі Старыковіча, — страціў пачуццё адказнасці, не павышаў ідэйна-тэарэтычнага ўзроўню... Сто грахоў навешаюць.

— П’янка таксама была?

— Ну, піў. Што я манах які? Ды ты маё становішча зразумей: старшыня я ці не? Запросіць хто на вяселле, як жа не выпіць?

— А калгас чаму запусціў?

— Сам паспрабуй. Вы ўсе надта разумныя. А калі да справы дойдзе — у кусты. Табе лёгка працаваць — пішы ды грошы палучай. А тут — катарга. Добраахвотна ніхто не пойдзе.

— Чаму, знайшліся і такія.

На Даміравым твары адбілася разгубленасць. Не раз ужо віселі над яго галавой навальнічныя хмары. Але навальніцы не было. Цяпер ад спакойных слоў Канькова павявала бурай.

— Скажы лепш другое: не па тваёй сіле воз. Быў некалі лягчэйшы — вёз. Дарога па роўнаму ішла, а цяпер угору завярнула. Вось і задыхнуўся. Злавацца тут няма на каго.