Леў Раманавіч углядаўся ў сынаў почырк. Ён быў падобны на бацькаў, такія ж вострыя з нахілам літары, крыху нязграбныя, хоць і адмыслова выпісаныя. За імі ён бачыў Вадзіма — русявага, як маці, з крутым вялікім ілбом, як ва ўсёй алексічаўскай пародзе. Здавалася, сын працягвае рукі, так, як было тады, калі Леў Раманавіч у апошні раз крадком зайшоў да Вадзіма.
Тады Вадзім сядзеў у яго на каленях, і Леў Раманавіч чуў, як ад дзіцяці нястрымным патокам уліваецца ў сэрца гарачыня, ад чаго сэрцу вельмі цесна ў грудзях. Рукі мімаволі прыціскаюць бялявую галоўку сына да грудзей, а яна ніяк не хоча спакойна паляжаць на іх.
— Мне так нязручна, — гаворыць Вадзім. — Хочаш, я табе нешта па сакрэту скажу.
— Цікава, якія ў цябе сакрэты?
— Толькі ты нікому не скажаш, добра?
— Вядома.
— Чэснае слова?
— Чэснае слова.
— Я цябе вельмі люблю, толькі ты не кажы мамцы...
Леў Раманавіч перапыняе хлапчука пытаннем, хоць яму вельмі хацелася б пагутарыць з сынам на гэтую тэму.
— А якія табе казкі падабаюцца?
— Пра хлопчыка, якога кінуў бацька.
Леў Раманавіч чырванее, адчуваючы ў сынавых словах дакор. «Навошта яна калечыць душу дзіцяці, — думае ён. — Падрасце, тады няхай разбіраецца сам».
— А якія яшчэ ты казкі ведаеш?
Замест адказу, Вадзім спалохана саскоквае з яго каленяў, пабялелы, шэпча:
— Мама загадала нічога не браць ад цябе, бо ты можаш атруціць. — Ён прагна даядае цукерку, але забывае выцерці рот, і гэта выдае яго з галавой.
Падышла Лілія Нікадзімаўна. Яе твар перасмыкнуўся, а вочы пагрозліва паглядзелі на Вадзіма. Хлапчук стаяў, выцягнуўшы рукі, як маленькі вымуштраваны салдат. Яго губы нешта шапталі. Льву Раманавічу здалося, што ён гаворыць: «Болей ніколі не вазьму цукерку».
— Вадзім, марш дамоў!..
Хлопчык паціху пайшоў у дом. Некалькі раз аглянуўся, і ў яго вачах быў зразумелы для бацькі сум. Новы загад прымусіў яго бегчы. Яшчэ раз азірнуўшыся, хлопчык неахвотна схаваўся ў змрочным пад’ездзе.
— Я меркавала, — крыху памаўчаўшы, сказала яна, — што вы нерастанеце турбаваць майго сына...
Лілія Нікадзімаўна спрабуе захаваць на твары спакой і нават абыякавасць. Голас у яе знарок халодны. А некалі ён быў іншы — ласкавы, цёплы.
— На сына я таксама маю права, — адказвае Леў Раманавіч спакойна, хоць гэта яму ўдаецца цяжка.
— Я аднаго разу прасіла ўжо вас не пачынаць гэтай нікчэмнай дыскусіі. Вы адмовіліся ад мяне, значыць, вы адмовіліся ад сына.
Льву Раманавічу хочацца сказаць, што ён таксама нясе адказнасць за сына, але добра ведае: гэта дарэмна. Лілія Нікадзімаўна выклікае ў яго душы буру пачуццяў і думак. Хочацца нагаварыць ёй мноства крыўдных, абразлівых слоў, і ў той жа час чужое, недарэчнае пачуццё хваравітай закаханасці нараджае бязглуздую ў такіх абставінах думку: «Якая яна прыгожая».
— Ад свайго сына я ніколі не адмаўляўся. Вы вінаваты самі.
Лілія Нікадзімаўна пачынае гучна смяяцца.
— Вы, здаецца, усё яшчэ раўнуеце мяне?.. Няўжо вы дасюль не зразумелі, што вы заўсёды былі смешныя са сваімі прыдзіркамі. Я прыгожая, хіба не так? — яна імгненна зрабілася другой: усмешка застыгла на поўных пунцовых вуснах, бровы разгладзіліся ў роўныя стрэлкі, вочы паглядалі з-пад доўгіх чорных веек прыхільна, грудзі злёгку падымаліся пад шаўковым плаццем, якое туга аблягала яе ладную, прыгожую постаць. — Хіба я вінаватая ў тым, што на мяне заглядаюцца мужчыны?.. Вядома, я не дазваляла нічога дрэннага. Потым мне, як і ўсякай жанчыне, падабаецца ўвага мужчын. Дарагі мой, а хіба вы не былі адным з такіх? Праўда, вы былі больш настойлівы...
Леў Раманавіч з абурэннем прыгадаў сваю «настойлівасць». Калі б ён быў тады настойлівы, дык не пайшоў бы піць чай, а пазней у сорак другім годзе, калі Лілія Нікадзімаўна знайшла яго ў шпіталі, хіба ён паддаўся б яе чароўнасці?..
— Пра старое ўспамінаць варта толькі для таго, каб не рабіць тых непапраўных і бязглуздых памылак, на якія часам здольны чалавек. Вы самі ўсё добра помніце і разумееце, што занадта перайначваеце падзеі. За гэта мы і нясём адказнасць. Але ваш і ў роўнай ступені мой сын ад гэтага не павінен цярпець.
У Ліліі Нікадзімаўны твар зноў зрабіўся злосным.
— Чаму вы так напіраеце на слова «ваш»? А калі гэта не так?
Льва Раманавіча нібы абдало варам. Непрыемная, наогул, размова, падфарбаваная нейкім бессаромным агідным намёкам, расшматала тое дваістае пачуццё да Ліліі Нікадзімаўны, якое дасюль не пакідала яго. Ён добра ведаў, што Вадзім яго сын. Навошта ж такім брыдкім, злосным намёкам пазбаўляць яго права на бацькоўства.