Выбрать главу

— А я вось толькі збіраўся ў Мінск ехаць, — сказаў ён, ужо добра ведаючы, што ад’езд будзе адкладзены.

I сястра, і пляменніца былі вельмі здзіўлены. Леў Раманавіч падаў Марыне абодва лісты. Марына чытала і ўвесь час хмурыла бровы.

— А можа паехаў бы ўсё ж, — нясмела параіла яна, дачытаўшы ліст ад Ліліі Нікадзімаўны.

— А што Зіна скажа? — Зіна, збянтэжаная, маўчала. Леў Раманавіч зусім забыўся, што пляменніца нічога не ведае пра Веру.— Вось бачыш, маўчыць, значыць трэба ехаць.

— А мы так спадзяваліся на вас. Нават і сёння гаварылі пра паплавы...

Леў Раманавіч паклаў руку на Зініна плячо.

— Пакуль нікуды не паеду, так што не засмучайся. Няхай Мажэйка крыху пачакае.

II

Сярод рэчаў першай неабходнасці, якія прывёз у Закружжа новы старшыня, быў будзільнік — стары, яшчэ даваеннай маркі гадзіннік. Канькоў падабраў яго ў канаве на прускай зямлі. Мабыць нехта з нямецкіх уцекачоў выкінуў будзільнік у канаву, каб у выпадку непазбежнаіга палону не было ніякіх улік бессаромнага гаспадарання на савецкай зямлі.

— Ну, вось і першы рускі, якога я вызваліў з няволі на чужой зямлі, — сказаў тады Канькоў, выціраючы шкло крысом шыняля.

3 таго часу Канькоў не разлучаўся з будзільнікам. I ён ніколі не здраджваў гаспадару. Ішоў і ішоў без рамонту, акуратна адлічваючы мінуты. За дзесяць гадоў Канькоў так прывык да хрыплаватага звону будзільніка, што ўжо не давяраў сабе. Тым больш не давяраў, што ўжо не раз прасыпаў, калі часам забываўся завесці гадзіннік.

I ў Закружжа Канькоў прывёз будзільнік не толькі як дарагі напамінак аб даўніх днях вайны, але яшчэ больш, як пільнага вартавога свайго па-маладому моцнага сну.

Але ўжо ў першую раніцу Канькоў прачнуўся не ад звону будзільніка, а ад нейкай залішне насцярожанай цішыні. Было яшчэ вельмі рана. Гадзіннік размерана чэкаў, быццам угаворваў гаспадара не турбавацца: ён разбудзіць яго ў час. Канькоў хацеў прымжыць вочы, але тут на двары пачуўся голас закружскага брыгадзіра. Давялося ўставаць. Назаўтра Канькоў прахапіўся яшчэ раней.

У другім пакоі чуліся прыглушаныя перагародкай галасы жанчын:

— Дык жа прасіла, маліла — не дае.

— Здурнеў ён, ці што?

— Кажа, без старшыні не магу.

Канькоў вышаў у пакой, дзе сядзелі жанчыны.

— Да вас вось, — рукой паказала гаспадыня на старую, паўнаватую жанчыну.

Тая падхапілася з лаўкі, трымаючы напагатове перад вачыма ражок хусткі, пачала, спяшаючыся, расказваць пра сваё гора:

— Стары мой зусім занямог. Кашляе, кажа, у баку баліць і хадзіць не можа. Цераз хату ледзь пяройдзе. Хацела ў бальніцу звазіць, а брыгадзір каня не дае. Кажа, ваш дазвол патрэбны.

— Які дазвол? Коньмі ж не я распараджаюся, а брыгадзіры. Абавязкова трэба чалавека завезці ў бальніцу.

— Дык жа не дае каня.

— Напішыце вы ёй запіску, — умяшалася ў размову гаспадыня.— Гэта ж у нас такі парадак быў: на коней Даміра запіскі даваў.

Канькоў запіску напісаў. Жанчына падзякавала, подбегам вышла з хаты.

3 таго дня, кладучыся спаць, Канькоў больш не заводзіў будзільнік.

Той стаяў, асірацелы, на акне, паказваючы ў любы час дзесяць мінут трэцяй.

Цяпер Канькоў навучыўся вымяраць час па сонцу. Але дня ўсё роўна нё хапала. Даводзілася пазычаць у ночы роўна столькі, колькі патрэбна было для таго, каб разгрузіць сябе ад мноства неадкладных спраў.

Дзень звычайна пралятаў у раз’ездах. Раніцай Канькоў садзіўся на даўганогага варанога каня ды і гарцаваў на ім да позняга вечара. У брыгадах, на фермах было безліч спраў, большасць нязначцых, дробязных, якія б маглі вырашаць брыгадзіры. Але яны чамусьці чакалі старшыню. Гэта спачатку здзіўляла Канькова, потым пачало насцярожваць і нарэшце абураць.

Аднаго разу на праўленні было вырашана закласці ў трэцяй брыгадзе яшчэ чатыры ямы сіласу. Канькоў выпісаў нарад на капанне тых ям, а назаўтра паехаў праверыць, як ідзе работа. Брыгадзіра ён знайшоў за вёскай ля лесу. Той сядзеў на беразе старой, ваенных часоў траншэі ў акружэнні мужчын, курыў. На дне траншэі валяліся недакуркі цыгарак. Іх было многа, і Канькоў беспамылкова вызначыў, што «нарада» тут ідзе даўно.

— Чаму не працуеце? — накінуўся Канькоў на брыгадзіра.

Той прыўзняўся, патупаў на месцы, але прамаўчаў. Тады загаманілі калгаснікі:

— Працадні марна трацім.