Выбрать главу

— Ды і тыя непаўнацэнныя, — падказала Ніна Шумейка. — Трыццаць чатыры перадойкі. Лепш казу карміць, чым такую карову.

— Вось-вось... — Леў Раманавіч на белым аркушы паперы напісаў лічбу «1». — Першая задача, якая стаіць перад вамі: папоўніць статак жывёлы.

На хвіліну ўсе змоўклі. Потым Канькоў запытаўся ў заатэхніка:

— Што вы, Вера Антонаўна, скажаце? Як мы будзем папаўняць грамадскі статак?

— Сёлета і ў першыя месяцы наступнага года статак дойных кароў папоўніцца за лік першага ацёлу.

— На многа?

— На сорак дзве галавы.

— Астатнія, таварышы, трэба купіць,— сказаў Леў Раманавіч.— Я раіў бы набыць кароў бура-латвійскай пароды. Крыху далікатная скаціна,затое малочная.

— А грошы дзе ўзяць? — не вытрымаў Даміра.

Следам зашумелі брыгадзіры:

— I так па вушы ў пазыках.

— Іх жа трэба аддаваць.

— Браць — лёгка, аддаваць — цяжка.

Леў Раманавіч спакойна адказаў:

— Пазыка на набыццё кароў патрэбная. Яна дапаможа вам узняць гаспадарку. Аднак вялікі статак можа з’явіцца тым грузам, які толькі пацягне вас на дно, калі вы не здолееце дамагчыся павышэння надояў малака. Я лічу, што ў наступным годзе вы павінны змагацца за дзве з паловай тысячы літраў малака ад кожнай каровы.

— Будзе корм такі, як сёлета, дык не разлічвайце на многае, — азвалася Ліда Раковіч.

- I не праўду ты, Ліда, кажаш. Калі сёлета па дзве тысячы надоім, дык налета па тры — не менш, — заспрачалася з Лідай Зіна Асташка.

Дзяўчаты пажартавалі: бач, як дзядзьку выручае. Леў Раманавіч супакоіў дзяўчат.

— Возьмем найлепшую лічбу — две з паловай тысячы літраў ад кожнай каровы. Значыць, за малако калгас здолее атрымаць да канца года каля сямісот з паловай тысяч рублёў. Запомніце гэтую лічбу. Але, каб дамагчыся такіх надояў — мала аднаго энтузіязму. Патрэбны кармы. Вось лічбы: вам у наступным годзе трэба нарыхтаваць толькі для дойных кароў семсот тон сена, не менш паўтары тысячы тон сіласу, тон пяцьсот бульбы ды каля двухсот пяцідзесяці тон зялёных кармоў.

Многа ці мала? Давайце прымерым гэтыя лічбы да нашых магчымасцей.

Каб накасіць столькі сена, трэба мець не менш трохсот пяцідзесяці гектараў паплавоў. I не абы якіх... А так як мы накошваем па дванаццаць-пятнаццаць цэнтнераў сена з аднаго гектара, а на Балонні ўсяго толькі шэсць, дык лугоў трэба мець больш за пяцьсот гектараў.

Пяцьсот гектараў! І гэта для таго, каб пракарміць дзвесце семдзесят кароў.. А сілас, бульба, зялёны корм. Потым у вас ёсць цяляты, авечкі, коні. Іх таксама трэба карміць. Значыць...

Брыгадзір Сямён Сіротка шпурнуў у кут недакурак.

— А значыць тое, што гэтыя кароўкі нас з’ядуць. Усё роўна, як у той бібліі: паявілася сем худых кароў і з’елі сем тлустых.

— Кажуць, скаціне нічога не трэба, а яна вунь як аб’ядае чалавека. Дык жа так мы і без хлеба застанемся.

Зіна Асташка запыталася ў Льва Раманавіча:

— Дык няўжо ніякага паратунку няма?

— Ёсць. Зноў лічбы буду прыводзіць, пацярпіце ўжо. Я з Верай Антонаўнай распрацаваў комплекс мерапрыемстваў, якія забяспечаць сытую зімоўку жывёле і багатыя летнія пашы. А плошча пад лугамі застанецца тая самая.

Пачуліся галасы:

— Як жа гэта зрабіць?

— Можа, як у Кітаі, па два ўраджаі здымаць будзем?

— Балонне займае сто дваццаць гектараў,— пачаў Леў Раманавіч.— Сёлета з яго сабралі крыху болей за восемдзесят тон сена.

— Якое там сена: адно гора!.. Асака, вастрыца, зязюльчыны слёзы ды дзе-ні-дзе мятлюжак.

— Вось бачыце. А адтуль ужо ў наступным годзе можна будзе прывезці на фермы каля трохсот тон высакаякаснага сена — палову таго, што неабходна для статку кароў. Трэба толькі зараз жа пачаць залужэнне, як мы кажам. На першы час вам неабходна дастаць тону насення цімафееўкі і канюшыны і кілаграмаў шэсцьсот аўсяніцы лугавой. Наконт гэтага з таварышам Каньковым ёсць ужо дамоўленасць.

— Не будзе там канюшына расці. Рэчка разліваецца і вясной і ўвосень. Вымакне трава.

Леў Раманавіч растлумачыў.

— Рэчка залівае толькі частку Балоння: трыццаць-сорак гектараў. На гэтай плошчы можна пасеяць чаротніцу, бекманію, лісахвост, касцёр бязосты, трысцёвую аўсяніцу.

— Але дзе ж мы дастанем усе гэтыя травы? — разгублена запытаўся Лёнька Зайчык.

— Тут я маю расказаць вам пра аднаго чалавека, сціплага да непрыкметнасці. Жыве ён у вас. Займае невялікую пасаду. Але характар у яго неспакойны, такі, як і дваццаць-трыццаць гадоў назад. Па сваіх гадах ён мог спакойна сядзець дома ў Закружжы, або паехаць да сына. Натура не дазваляе. I вось гэты чалавек на працягу многіх год амаль без старонняй дапамогі рабіў тое, чым займаемся цяпер мы. Ён думаў і працаваў над паляпшэннем нізінных купкаватых лугоў. Ля лесу, там, дзе рэчка разліваецца па роўнядзі, ён гады два назад зрабіў эксперыментальны ўчастак высокаўстойлівых да затаплення траў. I амаль ніхто, таварышы, не звярнуў на гэта ўвагу. Больш таго, Даміра аднаго разу хацеў забраць на калгасны двор тры ці чатыры капы сена, якое прызначалася для абмалоту на насенне. Калі б ён тады гэта зрабіў, дык цяпер у нас не было б тых трохсот кілаграмаў насення чаротніцы, якое так нам патрэбна. Гэты чалавек — Дзямід Пракуда.