Выбрать главу

Ева прыкідвала ў галаве, колькі ёй трэба будзе арганізаваць брыгад.

Зіна думала над тым, што яна абавязкова будзе такой, як і яе дзядзька. Закончыць інстытут і пачне далей паляпшаць падзвінскую зямлю. Яе вочы сустрэліся з Лёнькавымі, і Зіна адчула, што ён зразумеў яе думкі.

Лёнька Зайчык думаў над тым, што яго спрэчка з Евай і Наташай Кароткай у клубе неяк вырашылася сама сабой. Яму нават смешна зрабілася, што тады ён так няўдала абараняў свае думкі наконт узнёсласці працы. Дзямід Пракуда, мабыць, і не задумваўся над такімі пытаннямі, а вось жа рабіў вельмі карысную справу.

— Што ж, таварышы, — перабіў яго думкі Канькоў, — цяпер справа за намі. Закончым жніво і адразу ў наступ на Балонне і паплавы. Леў Раманавіч просіць на некаторы час адпусціць яго. А потым ён зноў прыедзе да нас, каб разам змагацца за прыгажосць нашай зямлі. Я думаю, таварышы, што вы падтрымаеце маю думку: давайце пашлем у акадэмію шчырую падзяку нашаму земляку за дапамогу.

Леў Раманавіч хацеў сказаць, што гэтага рабіць не трэба, але змоўчаў, бо ўсе пачалі дружна пляскаць у далоні.

III

Следам за сенакосам надыходзіў жніўны прыпар. На пагорках і паўднёвых схілах пабялела жыта, натапырылася важкімі калоссямі. Дні за чатыры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому. Адразу ж адскочыла атава. Няўтульны, буры поплаў памаладзеў, апрануўся ў новую яркую вопратку. Жыта пачало хутка даспяваць. Толькі ў нізінах яно было ўсё яшчэ зеленаватым.

Канькоў, параіўшыся з брыгадзірамі, парашыў пачынаць жніво з панядзелка. Трэба было даць людзям памыцца ў лазнях, адпачыць пасля гарачай пары сенакосу. У суботу пад вечар на агародах закурэлі шызаватыя дымкі. Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанкі мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах, а сцяжынкі ад вуліцы да ганку пасыпалі пяском. Пасля падшывальцы-хлапчукі і недаросткі-дзяўчынкі схадзілі ў лес за свежымі бярозавымі венікамі, нарвалі ля сажалак аеру, каб пасцяліць у хаце.

Усюды панаваў нейкі ўрачысты, святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам, А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час!

За вёскай, ля самага лесу, ладзілася маёўка. Яшчэ з раніцы Ева сабрала хлопцаў, прывяла на раней аблюбаванае месца, загадала да чарнаты выкасіць ладны паўкруг. Максім Шняк прытаптаў кожны грудок нагой — любіў ён танцаваць польку, самую хуткую, з ветрам, як ён сам гаварыў. На няроўным жа месцы які танец!..

Потым прынеслі з калгаснага двара чатыры доўгія цалёўкі, наўбівалі калкоў у зямлю, зрабілі лаўкі. Пасярэдзіне чатырохкутніка ўмацавалі жардзіну для ліхтара, а каля лавачак панатыркалі маладых бярозак, ліпак, елак.

Першымі паявіліся тут пажылыя, але надта цікаўныя жанчыны. Занялі найвыгаднейшыя месцы, сядзелі, абкрыўшыся хусткамі, — з лазні і прастудзіцца нядоўга, — няспешна вялі размовы. Пасля, калі сонца злезла з неба і схавалася за далёкім лесам, паявіўся на дарозе стракаты натоўп хлопцаў і дзяўчат. Наперадзе, асунуўшы на патыліцу кепку, адмерваў цыбатыя крокі закружскі гарманіст Хведар Гаўрылец, высокі, з пераламаным яшчэ ў дзяцінстве носам. Ён то крута выгінаў мяхі гармоніка, то адмысловым рыўком сціскаў яго. Гармонік надрываўся: туві-туві-ту-ві-ві, а здалёк здавалася, што ён настойліва запрашае: ты хадзі, хадзі, хадзі...

На пачатак Хведар зайграў вальс «Бярозку».

У лад кружыліся пары, зганяючы ахвоту патанцаваць. Максім Шняк кіраваў усім гэтым. Яго басавіты голас гучаў упэўнена і цвёрда, як загад.

— Кавалеры на месцы, дамы злева праз аднаго... Кавалеры мяняюць дам, дамы кавалераў... Кавалеры справа, дамы злева... Дзве пары злева, дзве справа — вальс-зорачка... Вальс па выбару, выбар па любві...

Тут Максім не меў сапернікаў. Жанчыны, штурхаючы адна другую локцем, паціху перамаўляліся:

— Як па пісаным рэжа!..

— Дастанецца некаму лялька...

—Дзіва!.. 3 твару не брыдкі, а дзеўкі-дурніцы — на такіх паглядаюць.

— Бабанькі, самі такія былі.

Ева танцавала, а сама не зводзіла вачэй з Максіма. Здарылася нечаканае — блізкі нялюбы Максім падмяніў у сэрцы любімага, але далёкага Макара Башукевіча. Танцуючы з Зінай Асташка, Ева бачыла, як Максім нашэптваў на вуха адной, абдымаў пры ўсіх другую. Ева страшэнна раўнавала. У грудзях было горача, а сэрца то шалёна білася. то зусім заціхала. Вось Максім падышоў да Веры Алексіч. Раскланяўся, падаў руку, смешна выварочваючы локаць. Ева не бачыла Максімавага твару, але па тым, як Максім то згінаўся, то выпростваўся і прыкладаў руку да грудзей, разумела, пра што ідзе размова. Скамандаваўшы новую фігуру танца, Максім зноў пачаў згінацца і разгінацца. Нарэшце, вальс скончыўся. Максім адразу ж апынуўся перад гарманістам.